Еўрарэгіён “Днепр” пашырае межы

24.01.2008
На чарговым пасяджэнні савета прыгранічнай супольнасці “Еўрарэгіён “Днепр”, у састаў якой уваходзяць Гомельская, Бранская і Чарнігаўская вобласці, нашу дэлегацыю ўзначальваў старшыня абласнога Савета дэпутатаў В. С. Сяліцкі. Гамяльчане таксама прынялі ўдзел у рабоце інвестыцыйнага форуму “Чарнігаўшчына-2006”. У мерапрыемствах удзельнічаў і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама У. У. Маёраў.
Сумесна былі падведзены вынікі работы за мінулы перыяд, разгледжаны пытанні па актывізацыі гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, абмеркаваны напрамкі далейшай дзейнасці прыгранічных рэгіёнаў. Толькі за апошнія два гады тавараабарот паміж рэгіёнамі-ўдзельнікамі форуму павялічыўся ў некалькі разоў. Асабліва прыкметна ўзрос ён паміж суб’ектамі гаспадарання Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей. Прыняты канкрэтныя захады па далейшаму паляпшэнню знешнеэканамічнай дзейнасці.
— На пасяджэнні савета еўрарэгіёна “Днепр” быў таксама ўзгоднены новы састаў яго кіруючых органаў і выбраны прэзідыум на чале з кiраўнiком абласной дзяржаўнай адміністрацыі Чарнігаўскай вобласці Н. І. Лаўрыкам, — паведаміў удзельнік пасяджэння, дырэктар закрытага акцыянернага таварыства “Гомельскае рэгіянальнае агенцтва эканамічнага развіцця” В. А. Буры. — Падрыхтаваны план мерапрыемстваў на 2007 год, які складаецца з трох асноўных блокаў: супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, аховы навакольнага асяроддзя, адукацыі і ў сацыяльна-культурнай сферы.
Важным вынікам работы форуму стала аднагалоснае рашэнне аб неабходнасці правядзення ў 2007 годзе конкурсу праектаў прыгранічнага супрацоўніцтва. Характэрна, што канцэпцыя і план яго падрыхтаваны Гомельскім рэгіянальным агенцтвам эканамічнага развіцця і адобраны ўсімі бакамі. Лепшыя праекты будуць прадстаўлены ў міжнародныя праграмы і фонды з мэтай прыцягнення сродкаў фінансавання.
Разгледжана пытанне аб уступленні ў еўрарэгіён “Днепр” Жытомірскай вобласці. Канчатковае рашэнне будзе прынята на бліжэйшым пасяджэнні савета.
Сцяпан БАЛОТКІН