Зіма не напаткае знянацку

02.10.2008
Калі заязджаеш на пашу калгаса (ВСК) “50 гадоў Кастрычніка” Рэчыцкага
раёна, то і не верыцца, што на двары восень. На пажніўных пасевах трава
як у пачатку лета. Каровы добра пад’ядаюць тут.


— Тым не менш у рацыён жывёлы ўво-дзім канцэнтраты і кукурузную масу, — гаворыць старшыня калгаса Р. К. Шпакаў. — Увогуле трэба сказаць, што кукуруза ў кармавым балансе складае палавіну ад усіх астатніх кармоў. З кожным годам павялічваем яе пасевы. Сёлета, напрыклад, каралева палёў займала каля тысячы гектараў. Вырасцілі высокі яе ўраджай. Ды і ўборку вядзем па перспектыўных тэхналогіях. У выніку сілас высокапажыўны. Яго нарыхтавана ўжо больш, чым трынаццаць тысяч тон. Усяго плануем засіласаваць звыш пятнаццаці тысяч тон кукурузы. Летась было на чатыры тысячы тон менш. Значна больш, чым у мінулым годзе, назапасілі сёлета і іншых кармоў, у тым ліку і канцэнтраваных. Гэта таму, што з гектара намалацілі больш, чым па 70 цэнтнераў збожжа.
Рыгор Купрыянавіч падкрэсліў, што для жывёлы забяспечваецца не толькі сытная, а і цёплая зімоўка. Пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі набылі прывабны выгляд малочнатаварныя фермы. І цяплей стала ў жывёлагадоўчых памяшканнях. Навокал іх добраўпарадкавана тэрыторыя. Унутры памяшканняў мадэрнізаваны і аўтаматызаваны ручныя працаёмкія працэсы. Тут выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, устаноўлены вялікія сучасныя халадзільнікі, навейшае абсталяванне, у тым ліку і даільнае. У пакоях адпачынку зроблена сучасная аддзелка. Усім неабходным абсталяваны і кабінеты спецыялістаў, вытворчыя ўчасткі.
Добра арганізавана і работа жывёлаводаў. У адпаведнасці з ростам надояў малака і сярэднесутачных прываг маладняку буйной рагатай жывёлы павышаецца заработная плата людзей. А гэта павышае працоўную актыўнасць работнікаў ферм на новыя здабыткі.
За прайшоўшыя восем месяцаў ад каровы атрымана па 4188 кілаграмаў малака, або на 508 кілаграмаў больш, чым за адпаведны перыяд летась. Яшчэ вышэйшыя паказчыкі ў Надзеі Калацэй, Ларысы Куртузавай, Алены Шлёмінай, Надзеі Нікулінай і некаторых іншых перадавых аператараў машыннага даення. Зараз у сярэднім па калгасу ад каровы за суткі надойваецца амаль па пуду малака. Плюс у параўнанні з мінулым годам перавышае два кілаграмы. Цёплая і сытная зімоўка жывёлы дазволіць пастаянна павялічваць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Сёлета плануецца ўпершыню давесці сярэдні надой ад каровы да 5300 кілаграмаў малака, што значна больш, чым было надоена ў папярэднім годзе.
Сцяпан БАЛОТКІН