“Дажынкі” па-хойніцкі

01.11.2008
Працаўнікоў вёскі павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Бічан. Ён адзначыў, што сёлета хлебаробы Хойнікшчыны атрымалі выдатны ўраджай: валавы намалот перавысіў 35,3 тысячы тон збожжа (137,5 працэнтаў да ўзроўню 2007 года), а сярэдняя ўраджайнасць па раёну за два апошнія гады ўзрасла з 22 цэнтнераў з гектара да сяголетняй лічбы 34,8.

Парадаваў і рапсавы палетак, з якога атрымалі 7718 тон насення рапсу, што на 4836 тон (больш чым удвая!) перавышае леташні паказчык. Дастатковая кармавая база створана і для грамадскай жывёлагадоўлі: на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 21,3 цэнтнера кармавых адзінак (на 3,1 болей, чым летась).
І яшчэ адзін паказчык, які не можа не радаваць. На сёлетнім жніве ажно 19 экіпажаў камбайнераў і 18 вадзіцеляў дасягнулі тысячнага рубяжа па намалоту і адвозцы збожжа.
Аднак кіраўнік раёна адзначыў, што дасягнутыя вынікі — не падстава для самазаспакаення. На парадку дня стаіць задача дасягнуць узроўню 1990 года, калі хлебаробы раёна сабралі 41 тысячу тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці звыш 38 цэнтнераў з гектара. Для гэтага ў гаспадарак раёна ёсць усе магчымасці. Варта толькі рацыянальна выкарыстаць іх.
Усе кіраўнікі гаспадарак прыбылі з сяголетнім збожжам і апошнімі дажыначнымі снапамі, якія звязалі ў адзіны выніковы хойніцкі сноп неаднаразовы пераможца рэспубліканскага, абласнога і раённага спаборніцтваў на жніве механізатар агракамбіната “Віць” Валерый Браткоўскі і яго памочнік — сын Дзмітрый.
У адзін мех было ўрачыста ссыпана зерне з усіх гаспадарак раёна. Права захоўваць яго да наступных дажынак атрымалі хлебаробы сельгаспрадпрыемства “Велікаборскі”. Яго дырэктару Аляксандру Тальчуку няпроста было, нават пад воплескі і жарты залы, вынесці са сцэны гэты важкі і агромністы мех.
Віктар НАЗАРАНКА