Пасевы плачуць, калі пустазелле і хваробы скачуць

28.05.2009
Прыемна зараз праехаць па палях СП “Урыцкае” Гомельскага раёна. Хутка ідуць у рост пасевы азімых і яравых збожжавых культур, дружна з’яўляюцца зялёныя парасткі кукурузы. Цвіце рапс. Гэтай культуры ў апошні час у гаспадарцы надаецца асаблівая ўвага. Толькі за год плошчу пад яе пашырылі і давялі да 380 гектараў. З кожнага, як і летась, маюць намер атрымаць не менш за 40 цэнтнераў насення, пры сярэднеабласной ураджайнасці ўдвая меншай. Ужо зараз віды на ўраджай выдатныя.
— У немалой ступені рапсавае поле шчодра дорыць ураджай таму, што мы добра даглядаем пасевы, — гаворыць аграном-аграхімік гаспадаркі Дзмітрый Шустаў. — Яшчэ з восені зрабілі хімічную праполку пасеваў супраць пустазелля. А зусім нядаўна, вобразна кажучы, нанеслі моц­ны ўдар па рапсаваму кветкаеду. Апрацавалі пасевы сучаснымі прэпаратамі. У выніку яны чыстыя і ачагоў са шкоднікамі не назіраецца.
— У вобласці сёлета пасевы рапса пашыраны амаль да 60 тысяч гектараў, — расказвае намеснік дырэктара абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Т. В. Маслак. — Амаль паўсюдна праве­дзены комплексныя ахоўныя работы на пасевах рапса, за выключэннем Веткаўскага раёна, дзе ёсць пэўныя недапрацоўкі. Праз пару тыдняў на рапсавых палях трэба будзе весці барацьбу з хваробамі. Бяда аднак у тым, што пакуль у многіх гаспадарках вобласці не хапае неабходных прэпаратаў. Яшчэ ёсць час набыць іх.
Тамара Васільеўна звяртае ўвагу і на той факт, што пасля дажджоў, якія прайшлі нядаўна, з’явіліся спрыяльныя ўмовы для развіцця хвароб азімых культур. Таму трэба тэрмінова весці фунгіцыдныя апрацоўкі.
Патрабуе хуткай дапамогі і кукуруза, якая сёлета ў вобласці займае больш за 170 тысяч гектараў. У фазе ад 2-3 да 8-10 трэба весці хімпраполку супраць пустазелля, якое забірае з глебы ў некалькі разоў больш пажыўных рэчываў, чым сама кукуруза. Аднак у цэлым па вобласці пакуль не хапае гербіцыдаў. Іх трэба тэрмінова набыць. Ды і праполка вядзецца марудна. Асабліва зацягваюць гэтыя работы ў Кармянскім, Чачэрскім, Жыткавіцкім і некаторых іншых раёнах.
Калі зараз не актывізаваць хімічную праполку палёў, то і запланаванага ўраджаю не будзе. Нездарма ж у народзе кажуць: пасевы плачуць, калі пустазелле і хваробы раслін скачуць.
Сцяпан БАЛОТКІН