У руплівых гаспадароў і збажына выдатная

07.08.2009
Крыху больш года таму назад да сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Крыўск” Буда-Кашалёўскага раёна была далучана суседняя адстаючая гаспадарка “Івольск”. Асабліва нізкімі тут былі паказчыкі ў раслінаводстве. Напрыклад, з гектара не намалочвалі і па дваццаць цэнтнераў збожжа. У новых гаспадароў сітуацыя прыкметна памянялася да лепшага. Тут па-гаспадарску запрацавалі людзі і зямля. Тутэйшыя хлебаробы дзіву даваліся, што сёлета, як ніколі раней, выдатна вырасла збажына. Ураджайнасць небывалая: амаль па 65 цэнтнераў хлеба выходзіць на круг. Найбольш урадзіла азімая пшаніца сорту “капылянка”. На ўчастку непадалёку ад вёскі Івольск яна дала аж па 80 цэнтнераў збожжа з гектара!
— І на іншых палях выдатная збажына, — падкрэслівае кіраўнік аб’яднанага сельгаспрадпрыемства А. П. Падалячын. — І гэта таму, што на ўсіх этапах вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур прымяняем інтэнсіўныя тэхналогіі. Зараз сканцэнтравалі ўсе наяўныя рэзервы на правядзенні ўборачных работ у самыя сціслыя тэрміны і без страт. На ўсіх палях з палеглым хлебам выкарыстоўваем сцеблапад’ёмнік.
Як паведаміў старшыня райвыканкама А. В. Грыгарэнка, добра ўрадзіла хлебная ніва не толькі ў Крыўску, а і ў “Юбілейным”, “Уваравічах”, іншых сельгаспрадпрыемствах раёна, дзе зараз намалочваюць па паўсотні і больш цэнтнераў збожжа з гектара.