У Аздзелінскім СДК адбылося адкрытае пасяджэнне клуба аматараў фальклорнай песні «Жытніца»

12.07.2013
У Аздзелінскім сельскім Доме культуры, што ў Гомельскім раёне, адбылося адкрытае пасяджэнне клуба аматараў фальклорнай песні «Жытніца». Жанчыны выконвалі народныя песні, у асноўным абрадавыя, а метадысты па этнаграфіі і фальклору абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц і Людміла Мельнікава іх запісвалі. А потым «Жытніца» з канцэртам выступіла ў пасёлку Пятроў. Як расказала кіраўнік калектыву дырэктар Аздзелінскага СДК Екацярына Гарбачова, калектыў быў створаны яшчэ ў 1990 годзе. Зараз ён аб’ядноўвае 12 жанчын. Самай малодшай — 56 гадоў, а старэйшай — 75. Акрамя таго, што ўдзельніцы клуба жыцця свайго не ўяўляюць без народнай песні, яны яшчэ і танцуюць, вяжуць, вышываюць, пішуць вершы. А Зінаіда Максіменка, Наталля Гапонава і Паліна Музычэнка на пасяджэнні клуба ходзяць нават з другіх вёсак — Зялёнага Сада і Зялёнага Гая. Яны ўваходзяць у склад «Жытніцы» з самага яе заснавання.