У Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, адкрылася персанальная выстава мазырскага мастака Мікалая Дубровы

01.08.2016
У Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, адкрылася персанальная выстава мазырскага мастака Мікалая Дубровы.
Назва экспазіцыі сімвалічная — «Зямля палеская». Насколькі гэта важная падзея не толькі для самога аўтара, гаворыць хаця б такі факт: Дуброва — першы з мастакоў Гомельшчыны ўдастоены персанальнай выставы ў галоўным музеі краіны. Выдатны вынік больш за сорак гадоў працы, служэння мастацтву і свайго роду творчая справаздача. Вядома ж, прыйшло нямала гасцей, неабыякавых да жывапісу. Але ўразіла, што сярод іх шмат не толькі калег па творчаму цэху, але і даўніх сяброў мастака. Яны знаёмы са студэнцкіх гадоў, зараз усе, можна сказаць, мэтры сучаснага беларускага жывапісу. На жаль, рэдка бачацца, аднак уважліва сочаць за творчасцю адзін аднаго і прыехалі з розных гарадоў, каб раздзяліць поспех сябра. Іх дружба выпрабавана дзесяцігоддзямі і гэта дарагога каштуе.
Старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца раніцай яшчэ быў далёка ад сталіцы, за мяжой, і не скрываў радасці, што паспеў на значную падзею. «Ты, Мікалай дарос, каб выстаўляцца побач з класікамі, прызнанымі светам і часам. Я рады за свайго сябра, які выдатна праспяваў і спявае сваю песню». Гомельскі мастак Генадзь Говар прывёз прывітанне ад землякоў, якія прасілі павіншаваць калегу з такім поспехам у яго творчай дзейнасці. «Выстаўляцца ў Нацыянальным музеі — гэта вялікая адзнака. Мікалай Дуброва годна прайшоў і працягвае ісці праз мастацтва, знайшоў сваё месца ў ім.» — Адзначыў Уладзімір Савіч — прафесар Акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Сам аўтар прызнаваўся: «Гэта даўняя запаветная мара мая, да якой ішоў доўгім, няпростым шляхам. Вядома ж, у экспазіцыі толькі некаторыя фрагменты маёй творчасці, але каб б была такая магчымасць, ёсць што прадставіць у самай вялікай зале». Мікалай Кузьміч гаварыў, што калі б ад яго цалкам залежала, якой быць выставе, на ёй былі б трохі іншыя творы. Я ж не магу не пагадзіцца з арганізатарамі выставы. Два з паловай дзесяткі палотнаў, у асноўным пейзажы і партрэты, даюць поўнае і багатае ўяўленне не толькі аб майстэрстве аўтара, але і аб бяскрайняй прыгажосці ўнікальнага куточка беларускага Палесся, яго людзях. Дазваляюць меркаваць не толькі аб сур"ёзным удумлівым майстры, але і аб чалавеку, глыбока не раўнадушным да лёсу роднага краю. Бо гэта не толькі месца, дзе ён нарадзіўся і стаў на крыло. Іменна тут нараджаюцца лепшыя мастацкія вобразы, сюжэты. А зараз вось прыгажосць зямлі палескай маюць магчымасць ацаніць жыхары і госці сталіцы.
Мазыршчына — неперасыхаючая крыніца творчага натхнення мастака. Пра асаблівасці яе мастак распавядае са шчырай любоўю і трывогай за будучыню роднай зямлі, параненай чарнобыльскай трагедыяй. І ўсё гэта без пафасу, нешматлікімі, лаканічнымі, але глыбока выразнымі сродкамі: пакінутыя вясковыя хаты, што развальваюцца ад часу — здольны перадаць катастрофу сусветнага масштабу, трагедыю асобнага чалавека і цэлага народа. Унутраная занепакоенасць, боль і надзея з адценнем трагізму пранізваюць многія творы. Не дарэмна ж лічыцца, што драма ёсць вышэйшая мера мастацтва. Такія вывады напрошвацца. Але знаёмства з людзьмі Палесся, а гэта серыя партрэтаў, настройвае на аптымістычны лад: палешукі не згінаюцца перад самымі моцнымі ўдарамі лёсу, здольны супрацьстаяць ім. Гэта выявы простых і блізкіх мастаку людзей, якія не набылі вялікай славы, але пакінулі добрую памяць аб сабе. Людзі зямлі палескай порыцягваюць унутранай чысцінёй, духоўнай сілай і дабрынёй, спагадлівасцю. Самотныя і вясёлыя, філосафы і рамантыкі — мастак выразна перадае багаты ўнутраны свет землякоў. За знешняй прастатой выкананя і сціпласцю сюжэтаў — вечныя таямніцы прыроды і чалавечага існавання, якія аўтар не стамляецца пазнаваць, асэнсоўваць, какб перадаць на палатне. Зямля Палеская Мікалая Дубровы — гэта песня пра чалавека і прыроду.