28 лютага ў Гомельскай гарадской бібліятэцы імя А. Герцэна прайшоў юбілейны вечар паэта і журналіста Міхася Болсуна

27.02.2017
Першы яго верш “Я жыхар калгаснай вёскі” пабачыў свет на старонках раёнкі ў 1959 годзе. Ужо ў ім чуваць захапленне юнака прыгажосцю роднай зямлі. “Любоў да радзімы падпітвае, дае крылы. Не ўяўляю я свайго жыцця без лесу і ракі”, — падкрэсліў на вечарыне аўтар шасці паэтычных кніг, адказваючы на пытанні вядучых літаратурнага салона “На Замкавай”.
Прыпомніш дзяцінства.
За вёскай клін руні.
З таптухай рыбалку,
З гнілушак бліны...
Прадаць усё можна:
І хату, і пуню.
Любоў да радзімы
Не мае цаны!
37 гадоў творчага жыцця Міхаіл Міхайлавіч аддаў журналістыцы, працаваў у рэдакцыях раённых газет, на абласным тэлебачанні і радыё. І павіншаваць яго прыйшло нямала калег па пяру. Усе выступоўцы адзначалі лірычную танальнасць вершаў, іх вобразнасць і непаказную народнасць. А яшчэ шчыра, па-сяброўску, дзяліліся сумеснымі з Болсунам чалавечымі стасункамі. Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў: “Гэты чалавек заслугоўвае самых добрых слоў павагі і падтрымкі. Ён надзейны, адказны. І ў яго яшчэ шмат спраў наперадзе”.
Сардэчна, па-зямляцку прывіталі паэта-юбіляра кандыдат тэхнічных навук Віктар Камісараў, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Юрый Плескачэўскі. Юрый Міхайлавіч нагадаў пра кнігу “Чечерский след в науке”: звыш 50 эсэ пра вучоных краю напісаны Міхаілам Болсунам, за што і быў узнагароджаны Ганаровай граматай НАН Беларусі. Пра сумесныя перасячэнні на жыццёвых скрыжаваннях падзяліліся пісьменнікі Мікалай Ждановіч і Васіль Ткачоў.
На вечарыне гучалі вершы юбіляра, былі музычныя падарункі ад саліста эстрадна-сімфанічнага аркестра абласной філармоніі Канстанціна Гарошкі, а таксама творцаў з гарадскога цэнтра культуры — Валянціны Каралёвай, Дзмітрыя Нілава, Сяргея Старыкава. Дырэктар бібліятэкі імя А. Герцэна Таццяна Уласава падзякавала пісьменніку-юбіляру Болсуну за шматгадовую вернасць гэтай кніжнай скарбонцы, сустрэчы з чытачамі, якія заўсёды скіроўваюць на праяўленне самых лепшых чалавечых якасцяў.
Тамара Кручэнка