Падведзены вынікі абласнога літаратурнага конкурсу «МАЯ МАТУЛЯ — СОНЦА НА ЗЯМЛІ»

03.03.2017
У творчым саперніцтве ўдзельнічалі вучні агульнаадукацыйных школ, устаноў адукацыі новага тыпу, навучэнцы ПТВ, каледжаў і студэнты ВНУ.
Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч на падвядзенні вынікаў падкрэсліў: «Хто ведае, можа недзе ў палескай глыбінцы альбо ў сэрцы горада над Сожам вырасце з гэтых рабят сапраўдны талент, які зараз сагрэты мацярынскай любоўю і ўвагай да яго першых паэтычных спроб з боку прафесійных літаратараў».
У творчым спаборніцтве, якое ладзілася з 1 лютага па 1 сакавіка 2017 года, лаўрэатамі сталі: Уладзіслаў Сузько, навучэнец Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў ( 1 месца); другое месца падзялілі Вікторыя Каваленка, навучэнка 2 курса Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя і Ксенія Слышнова, першакласніца гімназіі № 36 г. Гомеля ім. І.Мележа, а трэцяе ў Віктара Капітана, навучэнца Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў і Ганны Ражковай, вучаніцы 4 «Б» класа Лельчыцкай раённая гімназіі.
Заахвочвальнымі дыпломамі аргкамітэту адзначаны юныя аўтары: Уладзімір Данілейка (Глушкавічы Лельчыцкага раёна), а таксама гамяльчане Алена Калейнік, Ангеліна Мурадзян, Валерыя Арцёмава, Данііл Лузан. Спецыяльны дыплом конкурсу прысуджаны таксама гамяльчаніну Фёдару Буселу.
Літаратурны конкурс «МАЯ МАТУЛЯ — СОНЦА НА ЗЯМЛІ» праводзіўся абласным аддзяленнем «Саюза пісьменнікаў Беларусі» пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Узнагароды лаўрэатам будуць перададзены ва ўстановы адукацыі па месцы вучобы.
Да таго ж асобныя з юных аматараў слова могуць быць запрошаны для ўдзелу ў майстар-класах, што пройдуць сёлета ў рамках Першага абласнога Форуму маладых літаратараў Гомельшчыны. Форум будзе праведзены ўпершыню для пачынаючых аўтараў з 15 да 35 гадоў ( вершы, паэтычныя падборкі да 3 тыс. знакаў, малая проза (апавяданні) — да 10 тыс. знакаў з прабеламі, дзіцячая літаратура (казкі, вершы, апавяданні) — да 10 тыс знакаў) дасылаюцца да 30 мая 2017 года самімі аўтарамі, ці, з іх згоды, пісьменнікамі, літкрытыкамі, рэдактарамі літаратурных часопісаў, выдавецтваў, газет, літагентамі, творчымі арганізацыямі, бібліятэкамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, ВНУ з паметкай «Для ўдзелу ў Першым Форуме маладых літаратараў Гомельшчыны» па электроннай пошце: konkursgomelspb2018@yandex.ru.
Так што паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве ёсць магчымасць у многіх школьнікаў, студэнтаў і дарослых, а ў выніку магчыма перамагчы і атрымаць сваю першую кнігу з рук прафесійных пісьменнікаў Гомельшчыны.