На рэчцы зімою

03.02.2011
Скочыўшы з беражка на роўную паверхню крыху заснежанага возера, спрабую хадзіць па лёдзе. Дзе-нідзе люстэрка гладкае, слізкае, колеру мутнай зялёнай вады. Прыглядаюся — рыбкі плаваюць! Акунькі, дакладна ведаю: бацька не раз прыносіў поўную скрыню паласацікаў з чыр­вонымі плаўнікамі. Успаміны дзяцінства яскравымі малюнкамі ўсплываюць разам з цікавымі словамі. З той пары, калі бацька браў малую з сабой на зімовую рыбалку. Выходзячы на лёд, тата позіркам гаспадара аглядаў возера, выбіраў месца. Рабіў палонку бурам — спецыяльным металічным інструментам (яшчэ яго называюць свідар, калаўрот, свердзел, ледабур) ці пешняй. У розныя бакі ад лункі адляталі маленькія крышталікі лёду, якія перамешваліся з вадой і ў хуткім часе ўмарожваліся. Проламка нагадвала кратовую нару, толькі крыштальную. Пакуль назірала, як зацягваецца прорубка тонкім лядком, бацька паспеў зрабіць яшчэ пяць на некаторай адлегласці — каб потым не пужаць рыбу. Настае самы адказны момант: тата садзіць мяне на ўслончык, дае вудачку (у яго яшчэ тры!), маленькую такую, барвовую… На канцы лёскі маленькі чырвоны “чарвячок” — мармышка. Смешным падаецца малой гэтае слова. Бацька, сур’ёзны, засяроджаны, спакойна тлумачыць: “Прынада імітуе мармыша — маленькага рачка, якім харчуецца рыба”. Дастае з рыбацкай скрыні апалонік, ці па-вясковаму шумоўку, акуратна вычэрпвае з пелькі снег і льдзінкі. Зноў чыстая лунка, і рыбка пралезе. У таты на канцы лёскі металічная залаціста-жоўтая “рыбка” — балансір. Трапная назва. Слова перакладаецца як каромысел. Менавіта здольнасць гэтай прынады ў тоўшчы вады захоўваць раўнавагу, гарызантальны стан робіць яе падобнай да звычайнага малька. Iм, як вядома, харчуюцца драпежныя рыбы, напрыклад, шчупак. На меньшае бацька не згодны! Учора звечара ён рыхтаваўся: даставаў з хала­дзільніка банку з матылём — маленькімі чарвячкамі-лічынкамі цёмна-чырвонага і рубінавага колеру, якія хутка рухаюцца, выгінаюцца, выкручваюцца, адным словам, матыляюцца. Раскладваў блёсны — бліскуча-жоўтыя, зіхотка-белыя… Трэба акуратна, адначасова павольна і рэзка торгаць вудачкай. Закрываюцца вочы, так супакойваючы папераменна нахіляецца і падымаецца ківок, надаючы прынадзе, прывязанай да лёскі, хістальныя рухі. Чула, дзед называў яго на рускі манер “старажок”, бо ківок павінен вартаваць, калі пачне брацца рыба і падаваць сігналы гаспадару. Дзень пачынаецца ясны — і сонца, і мароз... Апоў­дні прыходзіць мама, прыносіць нам з татам гарачую гарбату і бутэрброды. Белая пара з духмяным водарам павольна падымаецца з конаўкі... Няма найсмачней! Добры будзе ўлоў.