Дом беларускасці

08.02.2011
“Бачылі б вы, як пісьменнікі Чарнагорыі, Літвы, Польшчы, Расіі, іншых краін радаваліся, калі ў музеі Івана Мележа Соф’я Ліпніцкая на той трапяткой, жывой беларускай мове, якой гавораць героі нашага пісьменніка і на якой яна з маленства гаворыць, вяла гэтую экскурсію”, — распавядаў мне паэт Мікола Мятліцкі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Хойніках. У складзе дэлегацыі пісьменнікаў свету ён пабываў на радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча і з задавальненнем суправадзіў калег у дом-музей аўтара “Палескай хронікі”, дырэктарам якога з’яўляецца пляменніца Івана Паўлавіча. Соф’я Ліпніцкая заўсёды гасцінна сустракае ўсіх гасцей без выключэння. Памятаю, як мы некалі з сяброўкай завіталі ў Глінішча на шляху да Турава. І атрымалі такую ж падрабязную і цікавую экскурсію, як і дэлегацыя пісьменнікаў. Увогуле я люблю наведваць гэты музей. Ён камерны і ўтульны. І такая тут пануе атмасфера, што міжволі душа напаўняецца беларускасцю. Іван Мележ здолеў стварыць сапраўды нацыянальны літаратурны твор у прозе (у паэзіі такім, на мой погляд, з’яўляецца “Новая зямля” Якуба Коласа). Таму нічога дзіўнага, што ў кнізе водгукаў музея столькі запісаў. Ёсць тут і аўтограф Прэзідэнта Беларусі. “Кнігі сталі сапраўднай нацыянальнай эпапеяй, энцыклапедый народнага жыцця, крыніцай выхавання патрыятызму і любові да роднай мовы, гісторыі і культуры нашай Айчыны, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вельмі прыемна, што тут, на малой радзіме Івана Мележа, так беражліва захоўваецца памяць аб ім”. Экспазіцыя размешчана ў чатырох пакоях. У першым сабраны рэчы хатняга ўжытку, якімі карысталіся сяляне ў мінулыя гады: прасніца з ільняной кудзеляй, самапрадка, церніца, ступа, начоўкі. У другім пакоі можна ўбачыць на стэндзе фотакарткі бацькоў пісьменніка, дзядулі і бабулі па матчынай лініі, братоў, сясцёр, аднакласнікаў, настаўнікаў. У трэцім пакоі, акрамя карцін беларускіх мастакоў, знаходзяцца пісьмовы стол, дыван, крэслы, машынка для друкавання, кніжная шафа — ўсе яны былі прывезены з Мінска, з рабочага кабінета пісьменніка. Асабістыя рэчы Мележа (паліто, касцюм, капялюш, кепка, партфель, папка) прысутнічаюць і ў экспазіцыі чацвёртага пакоя. Тут жа сабраны ўспаміны сяброў — пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Лынькова, газетныя артыкулы, а таксама творы пісьменніка на розных мовах народаў былога Савецкага Саюза. А галоўнае — фотаздымкі ўласна Івана Мележа — у дзіцячыя, юнацкія, сталыя гады. Разглядваць іх цікава. Вельмі адкрыты і высакародны твар быў у пісьменніка. І надзвычай разумныя вочы. Дом-музей быў адкрыты ў лютым 1983 года.