Карані i крона беларускага дрэва

02.06.2011
Шкадую, што не давялося пабыць у вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна на святкаванні абрада Сула, пра якое нядаўна расказала “Гомельская праўда”, аздобіўшы допіс “Каб усё ў нас радзіла” па-мастацку выкананымі здымкамі. 3 другога боку, гэтая акалічнасць сталася для мяне падставай больш дэталёва нагадаць пра гісторыю, традыцыі і асаблівасці гэтага населенага пункта і краю ў цэлым. У парадку доказнасці асабістых назіранняў буду спасылацца на гістарычныя і літаратурныя крыніцы, якія захавалі аповяды пра этнакультурныя традыцыі духоўнай спадчыны беларусаў цяперашняга памежжа з Украінай, якое ўсяго пяць гадоў таму назад аднавіла традыцыю адзначаць згублены ў 60-я гады мінулага стагоддзя абрад Сула. Сёння мала хто ведае, што цяперашняя вёска Маркавічы па матэрыялах аб удакладненні межаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Чарнігаўскім княствам вядома з 1562 года і, як пісала “Живописная Россия” 1882 года выдання ў нарысе “Белорусская Смоленщина”, “размещается там, где кончается север Украины и начинается граница Белорусского племени. Народ здешний также нечто среднее, отставшее от одного и не приставшее к другому. В особенности зла насмешка и сильна сплетня на этой границе, где Белорусов одновременно спознали и старообрядцы Великороссы, и киевские Малороссы с известной народной привычкой своей “пажартаваць”, пасмяяцца”. Аб гэтай звычцы і пойдзе мой далейшы аповяд. Усё сведчыць аб тым, што Маркавічы калісьці былі гэткім жа цэнтрам гумару, як вёскі Малыя Аўцюкі і Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, у якіх цяпер праводзяцца святы сатыры і гумару. Учытайцеся, калі ласка, у прапаноўваемыя “байкі”, задумайцеся і паразважайце, чаму такімі дасціпнымі былі беларусы, калі так жорстка і ў той жа час так адмыслова лёгка жартавалі над сабою, памяркуйце, чаму аўтар артыкула ў “Живописной России” ахарактарызаваў і назваў вёску Маркавічы “здешним Пошехоньем, соседнюю также с “Хохлами задрипанцами” и носящую приватное название “Туковщина”. Вось толькі некалькі прыкладаў з вуснай народнай творчасці маркаўцаў, якія сорак з гакам гадоў назад асабіста я запісаў у вёсцы, дадаўшы да іх асобныя прыклады з нарыса “Живописной России”. Тукаўшчына, у прыватнасці, нарадзілася з нагоды, якая прымушае мяне і, спадзяюся, сталых і новых чытачоў “Гомельскай праўды” не толькі задумацца, але і пажартаваць над узаемаадносінамі паміж тагачаснай царквой і беларускай грамадой. Вярталіся быццам бы маркаўцы ў час сенакосу з лугу і ўбачылі ў сваёй вёсцы такую вялізную і прыгожую царкву, якая не магла памроіцца ім нават у самым чароўным сне. Увайшлі мужыкі і кабеты ў памяшканне і яшчэ больш зачараваліся роспісамі на сценах ды столі. Усім разам захацелася ўслухацца, як заспявае, разляціцца іх агульны голас у храме і над усім ім родным наваколлем. “Нельга! Гэта — Божая даніна!” — катэгарычна было заяўлена касцам. Тады маркаўцы пачалі прасіць больш асцярожна: “Дазвольце хоць разок тукнуць-гукнуць”. Пасля гэтага яны пачулі такі дазвол-умову: “Калі будзеце даваць кожны год з кожнай хаты па паўпуда мёду, дык крычыце”. Пагадзіліся касцы і крыкнулі-гукнулі з усяе моцы. 3 таго часу прычапілася да жыхароў вёскі мянушка “тукаўцы-пагукаўцы” з такім дадаткам: “Тукнулі-гукнулі і мядок прахукнулі”. Падобных жартаў пра тукаўцоў-пагукаўцоў існавала зашмат. У прыватнасці, каб пастаянна не ездзіць у Крым па соль, яны быццам бы прызвычаіліся саліць ваду ў калодзежах. Каб кожны раз не секчы тушу быка, яны здрабнялі мяса і косткі на кавалкі, раскідвалі іх па полю і заворвалі. Каб кожную раніцу не таўчы проса ў ступе, яны сеялі яго таўчоным. А аднойчы маркаўцы ўбачылі, як з грачнёвага поля спакваля павалокся ў лес мядзведзь. Накіраваліся яны да папа па кансультацыю, які-такі вялізны заяц пасяліўся ў ваколіцах іхняй вёскі: “Патупаўся, патупаўся, дзе недзе ў лесе ўбаюкаўся”. Поп даў згоду разам з сялянамі пашукаць тое месца, дзе схавалася незразумелая жывёліна. Пасля працяглага бадзяння па сасновых зарасніках кампанія цікаўных знайшла нару на пясчанай выспе і пачала раіцца, каму лезці ў яе ўваход-выхад. — Табе, бацюшка, спадручней, ты паменшы ростам, — выказалі пажаданне касцы і атрымалі згоду святара. Дзябёлыя мужчыны ўзялі бацюшку за ногі і ўціснулі яго галаву ў зацярушаны белым жвірам лаз. Мядзведзь імгненна схапіў бацюшку за горла і гэтак жа імгненна адарваў ягоную галаву. Выцягнулі сяляне святара назад і кінуліся да пападдзі з пытаннем: “Скажы, святая-мілая, была ранкам у бацюшкі галава ці не было яе?” “Калі блінцы на сняданак падавала, дык барада трэслася... А мо і тады яе ўжо не было”, — няўпэўнена адказала матушка. Такім чынам, вінаватага ў знікненні галавы ў маркавіцкага бацюшкі не знайшлося. У процілегласць за туканне-гуканне ў храме кожны год у канцы лета ўсе вясковыя сем’і, згодна дамовы, вымушаны былі ахвяраваць царкве па паўпуду мёду. Нямала іншых баек, жартаў, прытчаў нарадзіла маркавіцкая зямля, як, між іншым, і ўсіх астатніх куткоў Беларусі. Шкада, што трапныя выслоўі, прытчы, жарты і нават казкі забыліся і канчаткова спісаны ў архіў гісторыі, як і тыя ж самыя разнастайныя фэсты і абрады тыпу Сула. У кожным кутку яны былі свае, з мясцовым падтэкстам і намёкам, але ўсе разам мелі чыста беларускія карані і беларускія кроны, што аб’ядноўвала і натхняла людзей усіх разам на агульныя справы. Вось яшчэ адзін не менш важкі доказ еднасці нашага народа, яго груповак і саслоўяў (мужыкі, шляхцічы, стараверы, яўрэі і г. д.) з нарыса “Белорусская Смоленщина”: “Белорусская беспечность кажущаяся: в сущности это — самый трудолюбивый народ, которого скудная почва и природа-мачеха выучила беспримерному терпению, безграничной готовности ко всякой работе”. Дарэчы, абрад Сула вёскі Маркавічы, пра які расказала “Гомельская праўда”, насіў сэнс жадання, абяцання, меў распаўсюд у Гомельскім, Лоеўскім, Добрушскім, Веткаўскім і некаторых іншых суседніх раёнах Гомельшчыны. Вось толькі некалькі моўных прыкладаў: “Пасулі ты мне добрага ўраджаю”, “Не сулі ты мне неўмалоту”, “Не сулі мне таго, чаго сам сабе не жадаеш”. Адсюль і пайшоў у Маркавічах абрад Сула з абавязковай прыгаворкай “Пасулі нам, Божанька, каб усё ў нас радзіла і маланка нас не біла”. Застаецца дадаць адзінае: мы абавязаны адмовіцца ад росту спіса Іванаў няпомнячых. Кожны беларус паасобку павінен ведаць народную творчасць, традыцыі, сваю радаслоўную і ганарыцца імі. Паўтаруся: яны — карані і крона нашага агульнабеларускага дрэва. У дадатак нагадаю такую гістарычную дэталь: у крывічоў і радзімічаў існаваў няпісаны закон — калі юнак не ведаў сваіх продкаў да пятага калена, не паважаў іх звычаяў, дык ён не меў права называцца мужчынам.