Новы альбом “Зімачка” этнагурта “Троіца”зацікавіў і слухачоў, і крытыкаў: высокія адзнакі і хвалебныя водгукі ў прэсе таму пацвярджэнне. Іван Кірчук, лідар гурта, займае на беларускай сцэне асобае месца. Яго называюць не інакш як беларускім шаманам, а мядовы голас не пераблытаеш ні з чыім. Яшчэ Іван Іванавіч — дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ імя М. Танка, актыўны падарожнік. З нагоды выхаду альбома ён адказаў на некалькі пытанняў “ГП”. — Чым новая работа адрозніваецца ад папярэдніх альбомаў “Троіцы”? — З самага пачатку ўдалося сабраць вельмі багаты музычны матэрыял. У выніку некаторыя кампазіцыі цягнуцца да 10 хвілін, чаго раней не было. Запісваліся ў Варшаве на прафесійнай студыі Тамаша Рауля, гукарэжысёра, які намініраваўся на “Грэмі”. Па словах самаго Тамаша, у яго запісвалася каля 40 тысяч музыкантаў самых розных накірункаў: этна, джаз, рок...
— Этнамузыку слухаюць не ўсе. Ці не было жадання зрабіць яе больш зразумелай для шырокіх мас? — Музыка “Троіцы” такая, якой яна атрымліваецца. Мы бяром старадаўнія беларускія песні і робім аранжыроўкі. Лічу, што апошнім часам цікавасць да фальклору, да этнічнай музыкі нават павялічылася.
— Ці ёсць у “Троіцы” канкурэнты на беларускай этнасцэне? — Я б не казаў пра канкурэнтаў. Этнічныя гурты, якія выдатна робяць сваю справу, ёсць. Пацвярджэнне таму — этнічны фестываль “Камяніца”, на якім выступае шмат прадстаўнікоў этнакультуры.
— Збіраючы матэрыял для сваіх дыскаў, карыстаецеся звесткамі з усёй Беларусі ці з пэўнага рэгіёна? — Я карыстаюся фальклорам з усёй Беларусі, але звяртаю ўвагу на рэгіянальныя асаблівасці дыялектаў. Вельмі прыгожыя мелодыі Паазер’я, а дзякуючы фільмам Зінаіды Мажэйкі ў мяне абудзілася цікавасць да палескіх спеваў і фальклору гэтага рэгіёна.
— Дзе вы адчуваеце сябе больш утульна: за сталом выкладчыка ці на сцэне? — Адно без другога не можа быць. І сцэна, і педагогіка ідуць праз усё маё жыццё. У музыцы “Троіцы” выкарыстоўваецца шмат матэрыялу з таго часу, калі я працаваў у Мінскім вучылішчы мастацтваў і кіраваў такімі калектывамі, як “Прадвесне”, “Бліскавіца”, “Дабрадзеі”. Канешне, настаўніцтва — мая асноўная прафесія. На жаль, у нас не настолькі многа слухачоў этна, каб музыканты маглі зарабляць творчасцю.
⇄ English (auto-detected) » Russian