Божая кароўка — вечная вандроўка

15.07.2011
Маленькі чырвоны жучок з сямю чорнымі кропачкамі на крыльцах — менавіта такой мы ведаем божую кароўку. Аднак сямейства гэтых жучкоў вельмі шматлікае. Сустракаюцца і жоўценькія, і беленькія. Ды і кропачак на некаторых як насыпана. Ядзерка-падзерка можа быць і з палоскамі, плямамі, нават коскамі. Сустрэць кароўку-муроўку можна на поле або лузе, каля ручая. Яшчэ ядронец селіцца на дрэвах, кустарніках. Жук-пятрук прыносіць вялікую карысць — пазбаўляе расліны ад шкодных кляшчоў, тлі. Называюць гэтага жучка па-рознаму. Напэўна, таму што вядома больш за чатыры тысячы відаў божых каровак. Па-навуковаму ён завецца какцынеліда. Сама назва “кароўка” хутчэй за ўсё звязана з біялагічнай асаблівасцю жучка: ён можа даваць малачко, толькі не звычайнае белае, а рыжае. Такая вадкасць выдзяляецца на згібах канечнасцей у выпадку небяспекі. Малачко вельмі непрыемнае на смак, што адпужвае драпежнікаў, якія ўбачаць у бедрыку свой магчымы абед. Не чапаюць пацерку і з-за яркай афарбоўкі. Тая быццам папярэджвае: “Магу атруціць!” Магчыма, назва кароўкі паходзіць ад слова “каравай”, які нагадвае і сімвалізуе сонейка. А “божая” яна, напэўна, таму, што раней гэта слова ўжывалася ў значэнні “спакойны, лагодны” і ўвасабляла даверлівага чалавека, які верыў у Бога. Існуе ў славян легенда. У Перуна была жонка, якую за здраду ператварылі ў божую кароўку, абпаленую караючым агнём — маланкай. Дзеці яе таксама караюцца агнём. З сямі дзяцей толькі сёмы вытрымлівае выпрабаванне… Таму богава цялушка лічыцца істотай, якая здольная ляцець да Бога і перадаваць яму розныя просьбы. Назва багоўкі надае ёй статус прыбліжанай да Бога. Па павер’і — гэта “жывёліна Усявышняга”, якую нельга забіваць, а трэба абавязкова адпусціць. Памятаеце, як у дзяцінстве гаварылі ёй: Божая кароўка, Паляці на неба: Там твае дзетачкі Ядуць цукерачкі. Сама паясі І нам прынясі! Дзьмулі на далонь, і пятрушачка-душачка сапраўды адлятала ўгору, пакідаючы за сабой мора дзіцячага захаплення: яна зразумела! Паляцела, мабыць, да сваіх дзетак… Гэта ўжо потым, праз некалькі год, казка атрымала тлумачэнне: жучок проста адчуваў цеплыню гарачай ручкі. Годачка-пагодачка выконвае ролю сапраўднага вестуна: у яе можна даведацца, ці добрым будзе ўраджай, калі здарыцца вяселле, колькі засталося жыць гадоў, якое чакаць надвор’е. Божыя кароўкі ў жніўні-верасні адлятаюць на зімоўку, а вясной зноў вяртаюцца. Ляцяць яны на вялікай вышыні агромнiстай чарадой. Моцны вецер або дождж прымушае каровак-буровак рабіць пасадку і чакаць лётнага надвор’я. Пры гэтым зямля пакрываецца сотнямі пунсова-чырвоных кропак. Асабліва цяжка ім пераадольваць водную прастору. Абяссіленыя, яны апускаюцца проста на ваду, і хвалі выносяць на бераг суцэльную вогненна-чырвоную паласу. Толькі некаторыя жучкі, прасохнуўшы на сонцы, здольныя працягваць свой шлях. І ўсё ж шмат гэтых крылатых падарожнікаў, пераадольваючы Ла-Манш, ляцяць з поўначы Еўропы ў Вялікабрытанію. А потым вяртаюцца да нас, быццам вандруючы паміж небам і зямлёй.