На Палессі нябёсы высокія
«Гомельская літаратурная восень» — пад такой назвай у бібліятэках горада прайшлі традыцыйныя творчыя дажынкі пісьменнікаў вобласці, у якіх бралі ўдзел бранскія паэты і журналісты. Сёлета гэтае свята прайшло напярэдадні з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, які адкрыецца ў Мінску 17 кастрычніка. На ўрачыстасці ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі, вядомы празаік Уладзімір Гаўрыловіч падвёў вынікі работы за мінулыя 6 гадоў. Выдадзена 83 кнігі, 6 альманахаў, 4 нумары газеты «Літаратурныя абсягі», праведзена звыш 6 тысяч сустрэч з чытачамі, 34 літаратурныя конкурсы. Большасць з іх — пры падтрымцы аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Пісьменнікі Гомельшчыны годна працягваюць лепшыя традыцыі класікаў айчыннай літаратуры
Івана Мележа, Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка, многія плённа працуюць у рэдакцыях газет, на тэлебачанні і радыё. Сведчанне таму і шматгадовае супрацоўніцтва ў правядзенні семінараў і творчых конкурсаў з рэдакцыяй старэйшай газеты рэспублікі «Гомельская праўда», абласной журналісцкай арганізацыяй, якую ўзначальвае галоўны рэдактар «ГП»
Сяргей Бяспалы. Сёлета такія сумесныя конкурсы — імя І. Мележа і імя І. Шамякіна. — Вельмі прыемна, што ў Гомелі ёсць такое літаратурнае свята, і дарэчы, толькі ў нашай вобласці, — падкрэсліў Сяргей Міхайлавіч, уручаючы дыпломы пераможцам мележаўскага і шамякінскага конкурсаў. — Радуе, што тут прысутнічаюць не проста госці — нашы браты з Расіі, з якімі плённа супрацоўнічаем і ў рамках газетнага праекта «Жывая вада». Шчыра прывіталі ўдзельнікаў свята бранскія паэты
Уладзімір Сарочкін, Віктар Валодзін, Наталля Мішына, пачыталі свае вершы. Былі цудоўныя музычныя падарункі ад творчых калектываў каледжа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага, лаўрэата міжнародных конкурсаў
Яўгеніі Чэчыла, уганараванне і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу на лепшую дзіцячую кнігу і пераклад, абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага «Люблю цябе, зямля мая!». Сярод узнагароджаных пісьменнікі Ніна Шклярава,
Уладзімір Гаўрыловіч, Яўген Калашнікаў, Васіль Ткачоў, а таксама не члены творчага аб’яднання веткаўчанін
Іван Гарэлікаў, Віктар Шавіот з Рэчыцы, гамяльчане
Валерый Вятошкін, Сяргей Прывалаў і
Юрый Рачынскі, Тамара Курленка з в. Рудня Марымонава Гомельскага раёна і многія іншыя. Граматай упраўлення культуры аблвыканкама ўзнагароджаны бранчанін
Уладзімір Сарочкін. Свята доўжылася ў абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна і спецыялізаванай славянскай. Пісьменнікі пазнаёмілі чытачоў са сваімі новымі кнігамі, выдадзенымі сёлета, пабывалі на майстар-класе для студыйцаў «Малады літаратар», які правялі госці з Бранска. А ўвечары своеасаблівы майстар-клас творцам далі акцёры абласнога драматычнага тэатра, якія прадставілі спектакль па надзвычай актуальнай і сёння п’есе А. Астроўскага «Даходнае месца».