Лебедзі над Чамярнёй

10.11.2011

Як мы адкрываем нязведаную для сябе краіну Беларусь

Вясной гэтага года ў Ветку завітаў Міхась Іванавіч Басякоў (на здымку). Ён называў сябе «самаходам». Прыехаў з Сібіры, з Цюмені, а размаўляе па-беларуску! Уразіў багатымі ведамі пра навакольны свет, легендамі пра Веткаўскі раён, унікальным выкананнем беларускіх народных песень, аповедамі аб сваіх родных. Многія песні ён вывучыў менавіта ад іх. Аказваецца, ягоная прабабуля, якая нарадзілася ў вёсцы Антонаўка Веткаўскага раёна, у 1890-я гады разам са сваімі блізкімі пераехала жыць у Сібір. У тыя часы ў вясковых сем’ях, як правіла, было па 5 — 6 дзяцей, часцей і таго болей. Людзям не хапала зямлі, каб завесці сваю гаспадарку. Вось таму і перасяляліся падобным чынам многія вёскі з Гомельшчыны, Браншчыны. «Самаходы» ехалі ў невядомую Сібір на конях, дабіраліся цэлых два гады, сваім ходам. Таму — «самаходы». Як жыць без радзімы ў далёкім краі, калі штодзень трымаеш у душы зямлю, на якой нарадзіўся? Перасяленцы захавалі ў Сібіры беларускі побыт. І гаворка беларуская жыве. Па-ранейшаму гатуюць дранікі, сту­дзень, крупнік. Нашчадкі «самаходаў» захоўваюць і вымяраюць зерне ў бочках і пудоўках, гатуюць дражджавое цеста ў дзяжы, наліваюць малако ў крынкі і гладышкі. Міхась Басякоў расказаў, што прадзед яго вучыўся ў Старадубскай гімназіі. Прапрадзед — Хведар (ці Тодар) Палікарпавіч Папкоў быў з баяраў. Яго ўнучку — бабулю Міхася — звалі Елісавета. «Колькі яны ўсяго ведалі! У прапрадзеда барада была — тры разы вакол шыі абкручваў...» Гэтай восенню Міхась зноў быў на радзіме продкаў, прымаў удзел у сяброўскіх сустрэчах «Каб любіць Беларусь нашу мілую...», якія адбыліся ў Ветцы і Гомелі. Галоўнымі тэмамі сталі любоў да нашай зямлі, вандроўныя шляхі беларусаў за межамі Беларусі. Падчас сустрэч Басякоў спяваў беларускія народныя песні, у якіх — аповеды аб нашым зямным жыцці, сум і весялосць, смех і трагедыя. У адной з песень ёсць словы пра татарскі палон. Аповеды аб татарскіх набегах перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна. Гэтая вёска знаходзіцца непадалёк ад Антонаўкі, у якой нарадзілася прабабуля Міхася. Ёсць яшчэ адна, надта цікавая вёска Чамярня, вядомая многім гісторыкам, археолагам. ...У час восеньскай цішыні мы ўзыйшлі на Каменную гару, якая знаходзіцца за Чамярнёй, узвышаецца на 21 метр над Бесяддзю. Гару называюць яшчэ Чортавай, Серыкавай. У Х — ХII стагоддзях на ёй было паганскае свяцілішча, ведуны распальвалі тут ахвярныя вогнішчы на чатыры бакі свету. Магчыма, распальвалі іх у такім парадку, у якім размешчаны крыжыкі на «светачах»: так называецца асобны ўзор на казацка-балсунскіх ручніках. Са з’яўленнем хрысціянства свяцілішча было пакінута. Для мясцовых жыхароў яно пачало набываць сэнс месца, дзе жыве нячыстая сіла. У тыя даўнія часы на свяцілішчы былі размешчаны каменныя або драўляныя статуі мясцовых багоў. Побач з імі ведуны запальвалі свяшчэннае вогнішча, спраўлялі старадаўнія культы. Зараз на гэтай гары — вясковыя могілкі, а за ёй, у полі, 9 — 11 сівых курганоў («валатовак»). Вось і ўсё, што засталося ад вялікіх язычніцкіх могілак. У 1873 годзе іх было 212. Пры раскопках у іх знаходзілі чалавечыя шкілеты, арабскія дырхемы, шкляныя пацеркі. Міхась Басякоў адшукаў на могілках на Серыкавай гары адзіны драўляны крыж, зроблены ў форме хаткі. «Царская форма, — заўважыў ён. — Цяпер такіх не робяць». Сапраўды, зараз крыжы на многіх вясковых могілках — іншай формы. Але ж іх, у форме хаткі, шмат на неглюбскіх могілках, у іншых вёсках. Калі стаялі з Басяковым на Серыкавай гары, пазіраючы ўдалеч і адначасова на Бесядзь, на яе берагі, зарослыя бліскучым пяшчотным чаротам, высока ў небе Міхась заўважыў трох белых лебедзяў. Далёка, высока яны ляцелі над зямлёй. Было адчуванне, што мы трапілі ў нейкае іншае вымярэнне, бачылі наяве сапраўдную «лебядзіную сцежку». Так казацка-балсунскія жанчыны называлі ўзор — ланцужок маленькіх ромбаў — на тканых ручніках. Падумалася: ускалыхнулася нешта ў свеце ад Міхасёвых песень — лебедзі з’явіліся! Амаль як у той казцы, калі царэўна Васіліса таньчыла. А мы паехалі далей, у Казацкія Балсуны, успаміналі мясцовыя паданнi. Ёсць легенда аб трох казаках, якія сяліліся тут у ХVII стагоддзі. Аднаго з іх звалі Болсунам. Ад гэтага слова паходзіць назва вёскі. Міхась распавядаў пра тое, што падчас так званых веткаўскіх «выганак», у 1735 і 1764 гадах, стараверы аблівалі воскам каштоўныя кнігі, крыжы, царкоўныя рэчы і закопвалі іх у рэках, азёрах, каб не аддаць на здзек. Гэтыя рэчы застаюцца ляжаць у зямлі. Магчыма, так было сапраўды. Нездарма ж існуе легенда аб возеры Свяцкім, што каля Свяцілавічаў. Пайшла пад зямлю вёска, на яе месцы ўтварылася глыбокае возера. Аднойчы людзі заўважылі: на возеры плавае стол, а на стале ляжыць разгорнутая кніга. Ніхто не дакажа цяпер, што было на самой справе. «Усе нашы ручнікі — яны жывыя», — штораз паўтараў Міхась Басякоў у размове з вучнямі, студэнтамі. Ён прывёз з Сібіры ручнік, вытканы ў ягоным родзе, партрэты дзядоў, каб хоць такім чынам яны вярнуліся на радзіму. Некалькі разоў павязваў намітку — старадаўні беларускі галаўны ўбор замужняй жанчыны — падчас сустрэч «Каб любіць Беларусь нашу мілую...» Міхась Іванавіч прывёз з сабой вясковы строй, які кроіў і шыў сам: «Хачу быць сабой, я — не інкубатарскі...» Як добра, што здараюцца ў жыцці сустрэчы з такімі цікавымі, адметнымі людзьмі, пасля якіх па-новаму адкрываеш беларускі сусвет і каштоўнасці, якія ёсць у нашых людзях, нашай мове, нашай шматвяковай гісторыі.