Бабуліна скрыня: простыя рэчы з глыбокім сэнсам
15.11.2011
Экспазіцыя жаночых нацыянальных касцюмаў у Прудкоўскім Доме культуры на Мазыршчыне займае пачэснае месца. Стварылі гэту прыгажосць жанчыны з аматарскага аб’яднання рукадзельніц.
Экспазіцыя дэманстравалася на нядаўнім свяце горада. Загадчыца ДК Алена Васільеўна Прус, знайшоўшы ў маёй асобе ўдзячнага слухача, шмат цікавага расказала пра свае рарытэты. — Гэта ўнікальная калекцыя рэканструяванага жаночага касцюма мазырска-тураўскага строю: рэгіянальныя касцюмы сялян вёсак Прудок і Мерабель. Вёскі знаходзяцца адна ад адной за тры кіламетры, але лічылася, што ў Мерабелі жыла шляхта, у Прудку — сяляне. Больш сціплыя ўборы сялянак адрозніваліся ад убораў шляхцянак. Вось, напрыклад, строй нявесты-шляхцянкі, аздоблены парнай вышыўкай — амаль аднолькавыя кветкі на тканіне, нібы хлопец з дзяўчынай параць. Колер кветак толькі цёплых адценняў, што гаворыць пра жаданне кахаць і быць каханай. Аб намеры дзяўчыны выйсці замуж гавораць і парна вышытыя каласы. Да таго ж жытны колас азначае багацце, пладавітасць абранніцы. Аб тым, што дзяўчына-шляхцянка заможная, сведчыў яе вясельны ўбор, зроблены з дарагіх, суконных нітак. Рознакаляровы ўбор і рознакаляровыя стужкі — дзяўчына мела і бацьку, і маці. Адметны быў і касцюм цяжарнай жанчыны. Па ўсяму полю ён вышываўся калючай ружай у бутонах: такая вышыванка засцерагае ад суроку. Багатым аздабленнем вышывалася лінія дэкальтэ, зноў жа для таго, каб у жанчыны было многа малака. Цікавая і вышыўка рукавоў, тут перапляліся язычніцтва і хрысціянства. Язычніцтва — тая ж самая ахоўваючая калючая ружа, а хрысціянская вышыўка ўжо ў форме крыжа. Таксама сімвал абярэгу: з хворымі рукамі замуж не бралі. Пасля нараджэння дзіцяці жанчына апранала іншы ўбор, каб было зручна карміць немаўля. У ім была ўжо не кофта, а сарочка, вышытая кругам чырвоных кветак, якая зноў засцерагала ад бяды і сурокаў калючай ружай. Святочнае ўбранне таксама мела свае асаблівасці. Жанчына-маладзіца насіла касцюм, на якім вышываўся бутон, а баба-кабета на сваім вышывала толькі кветкі, што распусціліся. Свой убор мела і ўдава. Ці ў пост, ці ў свята яна апранала касцюм, вышыты ў халодных танах, — сініх, зялёных, фіялетавых. Лінія дэкальтэ расшывалася ў форме чатырохвугольніка: як труна, у якую няшчасная жанчына паклала свайго чалавека. Маленькія кветкі на белым полі — нібыта слёзы аб страчаным мужы. Але ўвядзенне яркіх чырвоных фарбаў гаварыла аб тым, што прайшоў пэўны тэрмін і ўдавіца можа браць новы шлюб. Адкрыта яна не магла сказаць, маўляў, сватайце мяне. Чым больш сталай станавілася жанчына, тым драбнейшай рабілася вышыўка на яе ўборы. У сялянкі-мужычкі яна наогул была дробнай і рабілася простымі ніткамі. У шляхцянак узор з буйных, яркіх кветак, што стварала ілюзію аб’ёму. Я — карэнная паляшучка, родам з Мерабелі, і корні мае шляхецкія, а выйшла замуж за мужыка з вёскі Прудок, так што ўжо напалову сялянка. Ёсць у нас і такі касцюм — жанчыны-шляхцянкі, якая выходзіла замуж за мужыка. Дзіцяці надзявалі палатняную сарочку, калі хрысцілі. Першая сарочка шылася з кашулі маці, і ў гэтым таксама сімвал абярэгу, магчымасць перадаць матчыны сілы і здароўе. Другая сарочка надзявалася, калі дзіцятка стрыглі першы раз: у такіх сарочках хлопчыкі і дзяўчынкі хадзілі да шасці гадоў. У гэтым узросце рабіўся абрад прысвячэння да новай вопраткі. Прыходзіла хросная маці, хлопчыку прыносіла штаны, дзяўчынцы — спаднічку. Але ж спачатку бабка чытала прыгавор, абкурвала вопратку свечкай. Усе назіралі, як дзеткі апраналіся. Калі хлопец надзяваў штаны з правай штаніны — будзе моцна трымацца на зямлі і ў жыцці, з левай — вырасце гуляка. Глядзелі, як дзяўчынка апранала спаднічку: правільна было праз галаву — каб лёгка нараджаць дзетак. Фартушкі маладыя дзяўчаткі на Палессі наогул надзявалі, калі прыходзіла пара ісці замуж. Згадзіцеся, у гэтых самых простых рэчах закладзены глыбокі сэнс.