Чырвоная вішня з-пад Цюрыха выйшла
17.12.2011
У Рэчыцы беларускім этнічным песням акампанаваў адзін з самых вядомых джаз-бэндаў Швейцарыі І зноўку «Добры вечар» Адбылося гэта ў рамках трэцяга па ліку «Ліра-фэсту», які ў міні-фармаце ўсё ж такі вырашылі зладзіць музыканты мясцовага ансамбля «Лірыца» за свой кошт. Нагадаем, што гэты міжнародны фестываль інструментальнай музыкі праводзіцца раз у два гады. І сёлета павінен быў адбыцца ў Гомелі ў рамках праекта «Культурная сталіца». Але з-за дэвальвацыі закладзеных у смету грошай на маштабную канцэртную праграму проста не хапіла. Таму фестываль вырашана было перанесці да лепшых часоў. І тут беларускае вакальнае трыа «Акана» і швейцарскі джаз-бэнд Albin Brun Alpin Ensemble (разам музыкі завуцца «Казальпін») прыехалі прадставіць у Беларусі вынік двухгадовай сумеснай працы — этнаджазавы альбом East Side Story. Лідар жа трыа «Акана» Руся — родам з Гомельшчыны, у Рэчыцы вучылася ў педагагічным каледжы. З «Лірыцай» яны даўнія знаёмыя. — Такім чынам «Ліра-фэст» было вырашана звузіць, але правесці. Каб не псаваць рэпутацыю фестывалю раптоўнай адменай і выканаць абяцанне, дадзенае жыхарам Рэчыцы: прывозіць да іх музыкаў сусветнага ўзроўню хаця б раз на два гады, — распавядае кіраўнік «Лірыцы» Трафім Анціпаў. «Казальпін» запланаваў у Беларусі чатыры канцэрты пасля швейцарскага тура. Акрамя рэчычан, магчымасць паслухаць этнаджаз з’явілася ў жыхароў Мінска, Гродна і Брэста. Прычым у Рэчыцы канцэрт насіў, так бы мовіць, дабрачынна-асветніцкі характар, бо трапіць на яго можна было ўсяго за 15 тысяч рублёў. Білеты, кажа Анціпаў, раскупілі за два дні. Усё новае — добра забыты фальклор? У гарадскім Палацы культуры ў Рэчыцы на дзіва цывільна: падлога блішчыць, фае прасторнае, канцэртная зала ўтульная. Ветлівыя гардэробшчыцы. — Цікавы канцэрт у вас сёння? — пытаюся. — Пэўна, што цікавы, гэта ж «Ліра-фэст». Са Швейцарыі якісь вядомы гурт прыехаў, — адказваюць. Зрэшты, у першай палове гледачы пачулі саму «Лірыцу», а больш дакладна, музыку Астара Пьяцолы ў апрацоўцы для інструментальнага калектыву з цымбаламі. Гэта крыху нязвыкла, канешне, — аргентынскае танга на цымбалах, але распавядаць падрабязна пра гэтую частку канцэрта сэнсу асаблівага няма. Выступленні «Лірыцы» стабільна добрыя, пра сам калектыў «ГП» ужо неаднойчы пісала, да таго ж гэтую праграму можна будзе пачуць у Гомелі падчас калядных канцэртаў «Музычнага салона» Палаца Румянцавых і Паскевічаў. А вось другой часткай фестывалю «рулілі» швейцарскі джаз і беларускі фальклор. І гэта было шыкоўна! Вядома, і джаз, і аўтэнтычныя спевы самі па сабе патрабуюць падрыхтаванага слухача. Вытрымаць канцэртную праграму, цалкам складзеную з аднаго з гэтых накірункаў, зможа далёка не кожны. Але нейкім дзівам (ці проста немаладыя ўжо швейцарцы сабаку з’елі на стылёвым міксце) разам у выкананні «Казальпіна» яны гучаць неверагодна: сакавіта, свежа, насычана і неяк святочна. Такая музыка, напрыклад, лепш за ўсё пасуе да калядных вечароў, калі хочацца і яскравага свята, і тым жа часам ціхіх дзівосаў. Сімбіёз Albin Brun Alpin Ensemble і «Аканы» атрымаўся ідэальным, і асабліва карысным для беларускіх вакалістак, бо наша аўтэнтыка ў джазавым абрамленні выглядае сапраўдным дыяментам. Нават заўсёды скептычна настроеная моладзь, калі пасля інструментальнага інтра пачалі спяваць дзяўчаты з «Аканы», літаральна знямела. Мне, калі шчыра, шкада, што такі канцэрт адбыўся не ў Гомелі. Тут яго маглі б пабачыць больш людзей. Самабытнасць народаў свету, якой мы маглі нацешыцца падчас Дзён культуры краін СНД, — гэта цудоўна, няма спрэчкі. Вось і нядаўні канцэрт аркестра народных інструментаў з Казахстана атрымаўся класным. Але такой нетрывіяльнай і ў той жа час густоўнай прапаганды беларускай культуры я ў абласным цэнтры пакуль не чула. Не бяру канцэрты вядомых і заслужаных калектываў накшталт хору імя Цітовіча — яны суперпрафесіяналы, ведаюць сваю справу і годна прадстаўляюць беларускі фальклор, так бы мовіць, у класічным, акадэмічным яго варыянце. Але каб роднае, знаёмае на падсвядомым узроўні, слухаў як нейкае ашаламляльнае адкрыццё — такога я не памятаю. Да чаго прыводзіць рэчыцкі хэві-метал Пасля канцэрта «вылавіла» Русю ў фае Дома культуры. Яна дэманстравала родным і сябрам татуіроўкі ў выглядзе беларускіх арнаментальных сімвалаў (на іх з’яўленне паўплывала як раз захапленне спявачкі беларускай этнікай) і дзякавала за тое, што яны наведалі канцэрт. Пяю, кажа, радкі з «Чырвонай вішні» «А я к табе, мама, не скора прыеду» і ажно слёзы душаць. — Мая спеўная кар’ера пачыналася ў Рэчыцы, і, дзякуй лёсу, так склаліся абставіны, што мы змаглі паказаць тут сваю творчасць, — распавяла мне Руся, развітаўшыся з роднымі. — Вельмі прыемна было пабачыць у зале сяброў, з якімі раней мы захапляліся дэз-металам, цяжкім такім музонам. Не абышлося, зразумела, без жартаў кшталту: бачыш, да чаго рэчыцкі хэві-метал прыводзіць? Да этнаджаза! — Якім чынам узнік сумесны праект са швейцарскімі джазменамі? — Духавік Альбін Брун і барабаншчык Марка Кэппелі ўжо займаліся кроскультурнымі праектамі з іншымі этнасамі. З Арменіяй, напрыклад, з Егіптам. А 13 гадоў таму выступалі ў Віцебску, і тады ўпершыню ім там нехта штосьці беларускае праспяваў. Яны захапіліся нашай культурай. І вось пару гадоў таму прыехалі да нас зноў — шукаць вакалістаў. Справа ў тым, што швейцарскі джаз вельмі нагадвае джаз суседніх краін: Германіі, Францыі, Італіі. А Альбін з Маркам шукалі нейкую свежую плынь, якая б зрабіла іх музыку больш унікальнай. І абралі беларускія старажытныя спевы. Шмат каго яны праслухалі: вакальную групу «Харошак», «Песняроў», «Гуду», «Троіцу» — але ўрэшце спыніліся на трыа «Акана», і мы вельмі шчаслівыя з гэтай нагоды. Два гады мы працавалі разам, запісалі альбом, які, дарэчы, вельмі добрую крытыку атрымлівае зараз у еўрапейскіх краінах. — Ну, крытыка — гэта адна справа. А як простыя швейцарцы? Ці ўспрынялі нязвыклую ім этніку на канцэртах? — У Швейцарыі пад беларускія аўтэнтычныя спевы нават мужчыны часам плакалі! А ўвогуле там наш праект называюць музыкай любові і святла. — Руся, ці працягваеце вы збіраць аўтэнтыку? Ездзіце ў экспедыцыі? Альбо матэрыялу назапашана ўжо досыць, дый часу няма яго зборам займацца? — Працягваем! На вясну плануем экспедыцыю на абрад «Пахаванне стралы». Спадзяюся, што трапім у Ветку, ёсць яшчэ некалькі рэгіёнаў, дзе гэты абрад існуе. Мушу сказаць аднак, што архаічная спеўная культура, на жаль, ужо знікае. Вельмі мала засталося носьбітаў, як і вельмі мала цікавасці ў сучаснага пакалення да сваёй аўтэнтычнай культуры. Гэта прыкра. Таму я маю вялікую надзею, што канцэрты і фестывалі накшталт «Ліра-фэсту» перш за ўсё дапамогуць беларусам адчуць сябе сапраўднымі беларусамі. Чамусьці нашая нацыя вельмі сябе саромеецца, а гэтага не мусіць быць! Насамрэч беларусы — шыкоўныя. Мы класны народ! І ў нас фенаменальна глыбокая, мудрая культура. Каментарыі, як кажуць, залішнія.