Легкадумнае вар’яцтва дудароў

02.03.2012
Студэнт з Гомеля Цімафей Палунін ужо два гады займаецца рэстаўрацыяй масленага жывапісу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Але нават не гэта стала падставай для нашай размовы. У таленавітага хлопца ёсць вельмі рэдкае захапленне — рабіць дуды.
— Цімафей, што паўплывала на тваю зацікаўленасць старажытным музычным інструментам? — Пачалося ўсё яшчэ з таго часу, калі навучаўся ў Глебаўцы на аддзяленні жывапісу (былы Гомельскі фiлiял Мiнскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя Глебава — заўвага аўтара). Да таго ж займаўся ў гістарычным клубе «Старая вежа». Неяк трапіў на Купалле, якое ладзіла моладзевая краязнаўчая арганізацыя «Талака», і там пачуў пра хлопца, які рабіў колавыя ліры. Ён таксама жыве ў Гомелі. Ну і я вырашыў зрабіць колавую ліру. Зацікавіўся гэтай справай, ды наогул фальклорам, на гэтай плыні і пачаў рабіць сваю першую дуду. — Ці ёсць нейкія падручнікі альбо майстры ў Гомелі, да якіх табе пры­ходзілася звяртацца за дапамогай? — Першую дуду пачаў рабіць па малюнках з Інтэрнэту, але ў мяне не атрымлівалася. Дзесьці ў 2008 годзе паехаў на дударскі фэст, ды мне там не вельмі дапамаглі. Пачаў шукаць майстроў. Часу ў мяне тады мала было: іспыты, падрыхтоўка да паступлення. Потым паехаў вучыцца да Алеся Лася, які жыве ў Валожынскім раёне на хутары Барок. І ўжо два гады з ім займаюся. Вось зрабіў ужо дзве дуды, і майстра вельмі дапамог мне ў гэтым.
— Алесь Лось дапамагае ўсім аматарам этнічнай музыкі цi пранікся да цябе нейкай асаблівай сімпатыяй? — Не магу гаварыць за ўсіх. Што тычыцца асабіста мяне, то, па-першае, яму спадабалася, што я па-беларуску размаўляю. Па-другое, прыехаў да яго ўжо з самай першай сваёй дудой, якую самастойна зрабіў. Яна не вельмі добра грала. Ён паглядзеў на яе і сказаў: «Хлопец, давай працаваць». Ездзіў я на хутар Барок шмат разоў, амаль на кожных выхадных. Заставаўся ў хаце Алеся Лася нанач. Ён распавядаў мне шмат чаго пра старажытныя інструменты, — вельмі цікавы чалавек. Я і зараз езджу ў Барок па магчымасці. — Не ведаеш, у Гомелі шмат людзей, захопленых такой жа справай? — Чуў, што хтосьці таксама спрабаваў рабіць дуды, але я іх не бачыў — ні музыкаў, ні гэтыя дуды. Наколькі ведаю, зараз майстра ў Гомелі няма. — Дарагое гэта здавальненне — рабіць дуду? — Патрэбен матэрыял (клён, карэльская бяроза) і ён павінен быць вытрыманы. Ну і калі рабіць копію лепельскай дуды, якая ў асноўным і робіцца аматарамі старажытнай музыкі, то там яшчэ волава патрэбна. Ёсць яшчэ гродзенская. Большасць майстроў за дапамогу ў вырабе дуды патрабуюць грошы. У мяне Алесь Лось грошай не браў. Таму, калі прыязжаў да яго, імкнуўся хаця б нечым дапамагчы. Бо жыве ён адзін і ўся гаспадарка на ім, да таго ж, ён робіць музычныя інструменты — ад флейты да кантрабаса. Так што я яму дапамагаў, а ён — мне, вучыў. — Што самае галоўнае ты пераняў ад майстра? — Сам сэнс дудовы. Яна ж пачала быць свецкім інструментам дзесьці з XVI — XVII стагоддзяў. А раней столькі міфалогіі з ёю звязана, столькі ўсяго! Дудар — гэта як волхв, як жрэц на Беларусі. У гэтым інструменце столькі містычнага, што нават да сённяшняга часу невядома дакладна — адкуль што пайшло. Каза, Каляды, Купалле... Памiранне Казы на Каляды і яе адраджэнне: недзе на Палессі ў Каляды дзядзька падносіў трубку да Казы, дзьмуў у яе, і яна адраджалася. Вось сімвал дуды самой.
— Шмат слухачоў з задавальненнем спяваюць на сярэднявечных фэстах ды танчаць пад старажытную музыку. Яна такая файная! Як думаеш, дударства ўжо стала часткай моладзевых субкультур, ці на гэта патрэбен нейкі час? — Тут такая справа: наогул дударская традыцыя — гэткая сцежка ў іншую часавую плоскасць. І калі глыбока акунацца ў гэтую тэму, то набіраецца інфармацыі вельмі шмат і ты яшчэ глыбей і глыбей пагружаешся туды, і невядомае атрымліваецца яшчэ больш невядомым, разумееце? — Разумею, чаму ж не? Хочацца капаць глыбей і глыбей? — Менавіта так, бо карані дударства ляжаць яшчэ ў першабытнасці. Да чаго я вяду? Да таго, што зараз гэтая тэма папулярызуецца, але не ў тым напрамку, я лічу. Згодзен, ёсць нейкая моладзевая субкультура — патанчыць, паспяваць разам з гуртамі, апрануцца ў сярэднявечную вопратку, — а вось каб глыбей... Зараз уся дударская культура яшчэ не на тым узроўні, каб перайсці ў нейкі фальклорны, містычны напрамак. — Мабыць, не ўсё адразу? Калі азірнуцца на некалькі год таму, пра беларускую дуду нават ніхто з нашых суайчыннікаў і не чуў. Зараз жа, дзякуючы такім культавым асобам, як Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось, Зміцер Сасноўскі ды іншым, расце колькасць прыхільнікаў гэтага дзівоснага па гуку інструмента. — Ну так, згодны. Лось адзiн з першых пачаў рабіць гэтыя інструменты, ездзіць па вёсках, шукаць, збіраць. Наколькі я ведаю, яму яшчэ пашчасціла бачыць апошніх сапраўдных дудароў. Але, канешне ж, усе яны ўжо памерлі. Таму, калі ездзіш у фальклорную экспедыцыю, знаходзіш толькі песні, якія спявалі напрыканцы XIX стагоддзя і ўсё на гэтым, — ранейшыя вельмі складана знайсці. — Як зацікаўленасць дударствам паспрыяла на твой светапогляд? — Вельмі сур’ёзна. Я ж мастак, таму набліжэнне да фальклору вельмі адлюстроўваецца ў маіх малюнках, у якіх усё часцей стала з’яўляцца міфалагічная тэма.
— Ходзіць шмат анекдотаў пра дудароў наконт таго, што гукі ў дуды нуднаватыя і што не кожны варты вытрымаць іх. Калі дома граеш, скаргаў ад суседзяў не бывае? — Дуда вельмі гучная. Калі націснеш на яе, адчуваеш у меху моцную вібрацыю. А анекдоты пайшлі ад таго, што вельмі цяжка яе наладзіць. Кажуць, каб наладзіць дзве дуды, трэба забіць аднаго дудара. Скаргаў не было, бо стараюся не граць ва ўніверсітэце, шукаю памяшканне для гэтага. — І дома не рызыкуеш, карацей кажучы? — Ну калі ў Гомелі — рызыкую. Але там няма скаргаў, хаця дуда вельмі гучная сапраўды. — Нейкая цікавая гісторыя, звязаная з дудой, ёсць у тваім асабістым жыцці? — Калі толькі пачынаў рабіць дуду, сказаў сваёй дзяўчыне: чакай, выраблю табе дуду. Кажуць, абяцанкі тры гады чакаюць. Дзяўчына мая грае на флейце разам са мной у гомельскім музычным гурце «Млын Сонца». Дуду яна даўно хацела, але набыць яе складана, да таго ж каштуе яна 600 — 700 долараў у Беларусі. Ну вось, як абяцаў, так і адбылося: зрабіў-такі як раз праз тры гады.  
Тым часам, нядаўна ў Беларусі з’явіўся першы альманах DUDAR. Яго чытачы даведаюцца пра ролю дудара на вяселлях, пра тое, як у XVII — XVIII стагоддзях на беларускія землі трапілі шатландскія дуды, ды змогуць прачытаць шмат іншых глыбокіх культуралагічных даследаванняў розных часоў. Сярод артыкулаў: «Гісторыя крыўскай — ліцьвінскай — беларускай дуды», «Літоўская дуда. Інструмент-міф», «Дударскі фэст — гісторыя», «Дударскі клуб Беларусі» ды шмат іншых.
Глянцавы поўнакаляровы часопіс багата ілюстраваны. Гонар бярэ, што большасць фотаздымкаў у ім належыць фотакарэспандэнту «Гомельскай праўды» Алегу Белавусаву, які на працягу дванаццаці гадоў здымаў аматараў старажытнай музыкі. Яшчэ больш прыемна, што рэдактар гэтага часопіса таксама наш зямляк — знакаміты заснавальнік гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі. Дарэчы, ён паведаміў карэспандэнту «ГП», што над першым нумарам часопіса працавалі тры гады. Напомнім, што дударскі клуб, якому належыць друкаванае выданне DUDAR, узнік у 2007 годзе. Гэтая своеасаблівая творчая арганізацыя аб’ядноўвае майстроў і музыкаў, якія займаюцца адраджэннем усіх відаў дуд, традыцыйных для тэрыторыі былога ВКЛ. У гэты клуб уваходзяць вядомыя гурты «Стары Ольса», LitvinTroll, Testamentum Terrae, «Яварына» ды іншыя.
Гукі дуды вельмі дзіўныя, чароўныя, набліжаныя да гукаў прыроды. Таму такое пытанне Зміцеру Сасноўскаму: ці не хацеў бы ён набыць сабе домік дзесьці ў вёсачцы, каб быць яшчэ бліжэй да прыроды? — Ужо тры гады таму набыў вялікі хутар з садам, — адказаў ён «ГП». — Сям’я мая вельмі добра сябе там адчувае. Зараз мы жывем напалову ў Мінску, калі ёсць патрэба, напалову на хутары. Легкадумнае вар’яцтва дудароў дае падставу людзям жартаваць з іх, гаворыцца ў часопісе DUDAR. І вось што цікава, жарты пра дудароў маюць амаль аднолькавыя сюжэты ва ўсім свеце: «каля дарогі стаялі двое: адзін дудар, другі таксама без грошаў». Ці вось яшчэ: — Чаму ў дудароў так шмат дзяцей? — Проста жонка дудара гатовая на што заўгодна, толькі б ён менш часу настройваў сваю дуду. Дарэчы, не так даўно ў Зміцера Сасноўскага нарадзіліся адразу дзве дачкі. Нашы сардэчныя віншаванні!