Палессе — край долі народнай, традыцый і песень

28.08.2012
Аграгарадок Ляскавічы на Петрыкаўшчыне напрыканцы мінулага тыдня ўяўляў сабой сталіцу Палесся. Менавіта тут, на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, разгарнуўся ІІ фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” (“Зов Полесья”).

Яркае самабытнае свята, нібы ўсіх колераў вясёлкі абрус, расцягнулася ўшыркі з падворкамі раёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны “Палеская слабада”, гандлёвымі радамі спажывецкіх таварыстваў. Тут можна было прыгарнуцца сэрцам да спаконвечных рамёстваў продкаў, уласнаручна паспрабаваць ткаць ручнік ці вырабляць шыкоўны капялюш з саломкі, далучыцца да кавальскага, ганчарскага, бондарскага, бортніцкага рамёстваў. Звабліва казытаў нос водар юшкі і шашлыкоў, што плыў над наваколлем. А ногі самі прасіліся ўскокі пад бадзёрыя гукі цымбалаў, бубнаў, гармонікаў і песні шматлікіх народных калектываў мастацкай самадзейнасці, знакамітых выканаўцаў.
Словам, было адчуванне непаказной народнасці свята. І думалася аб тым, што яно і сапраўды працуе на тое, каб прыцягнуць увагу не толькі суайчыннікаў, але і гасцей з замежжа да брыльянтавых россыпаў культуры гэтых рэгіёнаў Беларусі, зацікавіць турыстаў. На такую мэту, безумоўна, будзе працаваць і новая ляскавіцкая скарбонка — Музей прыроды, будаўніцтва якога ажыццёўлена па просьбе сяльчан. А калектыў Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” збудаваў да свята непаўторную Ляскавіцкую хату. Можна сказаць, своеасаблівы музей даўняга побыту палешукоў, які таксама стаў адной з самых прыцягальных кропак фэсту. Праграма яго была вельмі насычанай, на ўсе ўзросты і густы. Дарослыя маглі пазнаёміцца з выставай спецвыпускаў газет, якую адкрывала наша “Гомельская праўда”, праявіць спрыт у палескіх гульнях, лоўлі рыбы, пакатацца на цеплаходзе, паслухаць выступленне сучасных пісьменнікаў Гомельшчыны. Быў і дзіцячы гарадок з мноствам атракцыёнаў, на якіх з асаблівым задавальненнем забаўлялася вясковая дзятва.
Знакавай падзеяй фестывалю, безумоўна, стаў удзел у ім Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей свята, Аляксандр Рыгоравіч падкрэсліў: “Я прыехаў для таго, каб вітаць сапраўдных беларусаў — усмешлівых, добрых, моцных сваім характарам…” Кіраўнік нашай дзяржавы падзяліўся, што здавён зачараваны прыгажосцю Прыпяцкага Палесся, згадаў пачатак свайго прэзідэнцтва, удзел з сялянамі ў касьбе на пойме Прыпяці, просьбы вяскоўцаў, тое, як яны выконваліся, і зазначыў, што “палешукі сталі асновай нашай дзяржаўнасці”. Амаль палова палескага рэгіёна размяшчаецца на тэрыторыях Гомельшчыны і Брэстчыны. Кіраўнік краіны даў даручэнне губернатарам дзвюх абласцей Уладзіміру Дворніку і Канстанціну Сумару: “Заўсёды падтрымліваць гэты фестываль, гэта каларытнае вясковае сельскае свята, якому быць у вяках”. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў Музей прыроды і падкрэсліў: “Гэта яшчэ адна крыніца і даходаў палешукоў, і цэнтр, дзе будуць атрымліваць веды маладыя людзі, усе тыя, хто хоча пазнаёміцца з нашым Палессем”. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў зрабіць міжнародным наступны трэці фестываль: “Бог любіць троіцу. З трэцяга фестывалю і пачнем. А Бог заўсёды быў над Палессем”.