Літаратура без межаў

31.08.2012
16 пісьменнікаў-землякоў, а таксама слухачы школы “Малады літаратар”, удзельнікі літаб’яднанняў Гомельскага, Добрушскага раёнаў Гомельшчыны, Навазыбкаўскага і Злынкаўскага раёнаў Браншчыны былі ўдзельнікамі паэтычнага свята “Жнівеньскі зарапад” у Добрушы, прысвечанага Году кнігі. Літаратараў шчыра прывіталі настаяцель Свята-Мікалаеўскага сабора ў Добрушы айцец Аляксей і начальнік аддзела культуры райвыканкама Рыгор Козыраў, аўтар нядаўна выдадзенай кнігі пародый і афарызмаў “Подсмотрено у жизни”. Калектыў Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пастараўся, каб госці адчулі, як любяць у горадзе над Іпуццю паэзію: у Палацы культуры імя Куйбышава было шматлюдна. Да свята прымеркавалі шыкоўную кніжную выставу, падрыхтавалі музычныя падарункі з удзелам самадзейных кампазітараў, гамяльчанак Валянціны Каралёвай і Ліны Кастэнка. І, канечне ж, на працягу трох гадзін гучала высокая паэзія. Свае творы чыталі Мікола Ждановіч, Міхась Башлакоў, Рыгор Козыраў, Марыя Маліноўская, Галіна Рагавая, Іна Спасібіна, Вольга Астапенка і многія іншыя. Спонсар выдання шэрагу кніг маладых аўтараў паэт Іван Бісеў шчыра прызнаўся, што дапамог у падрыхтоўцы такой сустрэчы ў Добрушы, на памежжы з Расіяй, акурат у дзень нараджэння сваёй маці, якая прыехала з Навазыбкава паслухаць сына. І, дарэчы, з яшчэ адным прыхільнікам паэзіі — сынам Канстанцінам, кіраўніком навазыбкаўскага клуба “Гітарныя пасядзелкі”. Так што ўдзельнікі і госці свята ўпэўніліся: літаратура не ведае межаў.