Зімовае жніво
15.12.2012
Філіял Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава 11 снежня прадставіў па-летняму цёплую і сонечную выставу, якая кантрастуе з надвор’ем па-за сценамі музейнага будынка. Называецца яна “Ад поля да покуці” і распавядае пра гэты няпросты і ў той час магічны і сакральны шлях жыта ад поля да самай покуці, раскрывае сімволіку жыцця і ўраджаю. Сонечнасць і цеплыню ў экспазіцыйнай зале стварае пах і залацісты колер жыта, якое, бадай, з’яўляецца тут асноўным экспанатам. Сноп стаіць на покуці ў глячку, зерне насыпана ў кошыкі, пасачкі каласоў заплецены ў бароды, якія пакідалі на полі нязжатымі, запляталі і ўпрыгожвалі кветкамі ды стужкамі… І хоць супрацоўніца музея Ларыса Раманава кажа, што наша сённяшняя рэальнасць і ў полі, і на выставе — гэта перавага не жыта, а трэцікале (гібрыд пшаніцы і жыта), атмасфера не перастае быць напоўненай жнівеньскай цеплынёй. Тон гэтай атмасферы задае і Наталля Дуброва, выконваючы аўтэнтычныя жніўныя песні. На выставе, акрамя жыта, прысутнічаюць іконы святых, якіх шануюць у перыяд жніва альбо якім прысвячаюць бароды ў той ці іншай мясцовасці. Дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева робіць акцэнт на знаках урадлівасці на ручніках, што аздабляюць выставу. — Усе ручнікі тут маюць вось гэты знак, — Галіна Рыгораўна звяртае ўвагу на раскрыжаваны ромб з расткамі-круччамі. — І яму больш за чатыры тысячы гадоў. Як высветлілася, гэты сімвал урадлівасці прысутнічае і ў іншых культурах, мае індаеўрапейскія карані. А крыху ў стылізаваным выглядзе ён трапіў на сённяшні дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры аблвыканкама Сяргей Разанаў, як, бадай, і многія прысутныя, не застаўся абыякавым ні да выставы, ні да таго, чым увогуле займаецца Веткаўскі музей: — Калектыў музея заўсёды ідзе на крок наперадзе. Сёлета мы займаліся пошукам культурнага сімвала, брэнда кожнага раёна. Практыка паказала, што народная культура і народныя традыцыі — вось што прываблівае чалавека. Веткаўскаму раёну не трэба шукаць брэнд, бо музей — і ёсць той самы сімвал. Колькасць матэрыялаў, здабытых супрацоўнікамі ў экспедыцыях, дазваляе гадзінамі распавядаць пра сімволіку жыта і жыцця. Але часу на ўсё не хапае. Неўзабаве адкрыццё выставы падышло да завяршэння: Наталля Дуброва зноў запявае песню і вядзе дзяўчат у жнівеньскі карагод. Зімовы ўспамін пра жніво будзе радаваць наведвальнікаў гомельскага філіяла Веткаўскага музея яшчэ тры месяцы.