Лоеўскага мастака Васіля Вінічака землякі лічаць самародкам роднага краю

11.10.2020
У творчай лабараторыі мастака Васіля Вінічака адчуваеш адкрытасць яго душы.


Васіль Вінічак: «Прырода – жывая істота»

У гэты раз мы завіталі да Васіля Васільевіча і яго жонкі Таццяны Васільеўны, якая звыш 40 год адпрацавала ў аддзеле адукацыі, разам з дырэктарам Музея бітвы за Днепр Ксеніяй Сямашка. Час падрыхтоўкі да 515-годдзя гарадскога пасёлка, цудоўная восеньская пазалота на бярозах, жывыя нацюрморты з восеньскіх кветак і гародніны ў двары. Творчы працэс ідзе! Здзівіліся: мастак падцягнуты і рухавы, і толькі сівая барада як знак мудрасці ўжо прадзеда пяці ўнукаў. Таццяна зазначае: «з нататнікам як і раней вандруе паміж Лоевам і Крупейкамі. Збірае ўражанні! Вельмі перажывае, калі бачыць чалавечы здзек з жывой прыроды. Доўга пакутуе душою».

– А яна ж, як і мы, жывая істота, – уступае ў размову мастак. – Зімою гадоў дзесяць таму ў лесе нечакана стрэў зграю ваўкоў. Упэўніўся: звер разумны, калі ты нічога злога ў яго дачыненні
не зрабіў. Важак мяне праводзіў метраў 20, не зачапіў!

Праходзім у святліцу і трапляем у хатнюю выставу такіх дарагіх сэрцу пейзажаў Лоеўшчыны ў розныя часіны года. Разглядаючы іх, здаецца, што з крутаверці жаўталісця трапляеш у крышталёва-звонкае акружэнне заінелых бяроз, хваёвы бальзам лесу ўдыхаеш на ўсе грудзі! А праз колькі хвілін ужо бэзавы водар вясны, чысціні і свежасці дняпроўскага разліву падпітвае цябе натхненнем: ці ёсць на свеце зямля, прыгажэйшая за такую малую радзіму?

– Калі творца здолеў перадаць фар­бамі, скажам, цяпло пачатку сакавіка, красавіка – палюбіцца людзям яго карціна, – падзяліўся Васіль Васільевіч. – Можна ўмець маляваць, але не быць здольным перадаваць усё жывым, дыхаючым! Памятаецца, як зварухнулася ў дзяцінстве мая душа, калі пабачыў малюнак хлопчыка, такога ж, як я сам: пад сонечнымі праменямі тая яго ліпа на ўзгорку падалася жывою. Калі сястра падарыла мне акварэльныя фарбы, паклаў наборчык пад падушку і ноч не заплюшчыў вачэй...

У гады службы ў арміі Васілю давялося шмат паездзіць па Саюзе. Служыў у беларускіх Паставах і Бярозе, потым у Забайкаллі. Пра гэтыя вандроўкі сведчыць захаваны дэмбельскі альбом. На адным са здымкаў выява: сядзяць салдацікі на падлозе, звесіўшы ногі ў дзвярны праём адчыненага вагона, а перад імі ва ўсёй сваёй прыгажосці возера Байкал.

Гаворка міжволі заходзіць і пра суседнюю Украіну. Мастак дзеліцца, што Кіеў быў для яго своеасаблівай творчай Меккай: на ракеце па Дняпры здзяйснялі падарожжы, наведвалі сям’ёй музеі, гулялі па Храшчаціку, Падолу. Маштабнае палатно кіеўскага мора з абрысамі Вышгарада на беразе, напісанае Васілём Вінічакам менавіта ў той час, са сцяны пакоя нібы даносіць шэпт хваляў пад вольным ветрам.

– Шмат мы, людзі, парвалі, парэзалі па-жывому: і ў прыродзе, і ў чалавечых адносінах. Быццам пачарнелі душы, напоўніліся прагай багацця, нажывы. Сталі спажыўцамі. Нічога святога... Як гэта ўзяць стрэльбу і прыгажуна-лася забіць? Ён жа такі, як мы, жывая істота. А колькі палісадаў прыдарожных зрэзалі, колькі мы лесу загубілі неабачлівымі адносінамі, проста непатушанай запалкай, вогнішчам пасля шашлыка на прыродзе. Ці ж не таму выпрабаванні такія, ператрусы ў свеце, ваенныя канфлікты?

Васіль Васільевіч вынес сваю даўнюю карціну «Фарсіраванне Дняпра». Яна напісана яшчэ ў 1974-м, задоўга да адкрыцця музея ў райцэнтры. У памяці ўражлівага мастака і сёння жывуць эпізоды сустрэч з непасрэднымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай, баёў на лоеўскім плацдарме.

– Неяк мы вярталіся з Украіны на ракеце, і з намі побач сядзеў сівавалосы чалавек з фотаапаратам. Пазнаёміліся. Высветлілася: дабіраецца з Чаркасаў у Лоеў, паглядзець мясціны сваіх баёў. Тыдзень жыў тут у гасцініцы. Шкада, што я не запісаў яго ўспаміны. Але на тых уражаннях ствараў карціну. Святая ў нас тут зямля, што казаць... – каўтнуўшы ком, выдыхнуў мастак.
Карціна Васіля Вінічака колькі гадоў таму выстаўлялася не толькі ў Музеі бітвы за Днепр, выязджала ў Гомель. Верыцца, што творца здолее зноў прадставіць яе 17 кастрычніка ў цэнтры гарадскога пасёлка. Гэта будзе добрым знакам нашай удзячнай памяці.

Еўфрасіння Полацкая
Свята-Троіцкая царква ў Лоеве
Гэты пейзаж адзначаны дыпломам ВДНГ у Маскве
Восеньскія бярозы сапраўды залатыя!