Экспазіцыя “Калі хочацца сонца…” адкрыецца 28 снежня ў Гомелі (фота)
28.12.2012
Гэта сумесны выставачны праект Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім Фёдара Шклярава і гомельскага мастака Івана Саладоўніка. Што агульнага ў сучаснага мастака, які працуе ў стылістыцы “сімвалічнага пуантылізму” (альбо “пуантыкалору”) ды народнага ткацтва і вышыўкі? Як распавёў супрацоўнік музею Пятро Цалка, веткаўскі музей, які вядомы як цэнтр па вывучэнні якраз народнай культуры, не абмяжоўваецца рэтраспектыўным прадстаўленнем традыцыйных відаў мастацтва, але актыўна шукае агульнае менавіта з мастацтвам сучасным. Тут не цураюцца спалучэння рознажанравых рэчаў, болей таго – феноменаў, якія знаходзяцца ў розных культурных кантэкстах. І гэтая розніца толькі на першы погляд істотная. Нашмат болей агульнага. Узяць хоць бы тэхніку. У канцы ХІХ ст. рэвалюцыйны “пуантылізм”, альбо “дывізіянізм”, як найменавалі яго сучаснікі, за аснову свайго выяўленчага метаду ўзяў каляровую кропку – “пуант”. Карціны мастакоў гэтага напрамку ўяўлялі сабой мазаічнае палатно, створанае з тысячаў асобных каляровых мазкоў. Падобна таму ігла вышывальшчыцы з асобных “крыжыкаў” стварае свой выяўленчы вобраз, і ў ткацкім “кроку” ніці мы назіраем, як з каляровых “цаглінак” нараджаюцца карункі посцілак і дываноў. Са шматлікіх работ аўтара, аб’яднаных у тэматычна-каларыстычныя цыклы, выбраныя тыя, што найбольш адпавядаюць летняму настрою: сонечнасці, цеплыні, бесклапотнасці, бо ў гэтыя марозныя зімовыя дні сапраўды хочацца сонца. І заўважце: народная культура таксама падтрымлівае сімвалічную скіраванасць да жыцця ў такім выразным яго праяўленні – буянні квецені, яркасці фарбаў. На выставе прадстаўлена 17 работ Івана Саладоўніка, які вызнае сваю непаўторную выяўленчую манеру і спрабуе праз жывапіс данесці да нас уласныя пачуцці і перажыванні.