Абласной пісьменніцкай арганізацыяй 2021-ы быў пазначаны як Год класічнай літаратуры і чытання на Гомельшчыне

13.01.2022
Вынікі дзейнасці абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і задачы на 2022 год абмеркавалі ў Гомелі.

Вялікую ўвагу савет суполкі і калектыў аддзялення ўдзялялі папулярызацыі кнігі сярод насельніцтва рэгіёна, школьнікаў, рабочай і вучнёўскай моладзі. Праведзена больш паўсотні масавых мерапрыемстваў патрыятычнай тэматыкі, арганізавана звыш 1040 сустрэч пісьменнікаў з чытачамі. Літаратары рэгіёна бралі актыўны ўдзел у літаратурных, краязнаўчых, грамадска-культурных акцыях, канферэнцыях, прэзентацыях, дыскусійных пляцоўках і круглых сталах.

Прайшлі ўрачыстасці і адкрытыя літконкурсы з нагоды 100-гадовых юбілеяў з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, ІІІ аблас­ны фестываль літаратуры, культуры, народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага», XVI міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», канферэнцыя славянскіх літаратараў да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На будынку ААТ «Палесдрук» адкрыта інфармацыйная дошка, прымеркаваная да 80-годдзя выхаду першага нумара агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Адбыліся прэзентацыі міжнародных праектаў «Берагі дружбы», альманахаў «Літара» і «ТечіЯ». Сумесна з расійскімі калегамі адкрылі музейны пакой Івана Мележа ў Растоўскай вобласці.

Чытачоў краіны і вобласці яркімі кнігамі парадавалі Ізяслаў Катляроў, Ула­дзімір Гаўрыловіч, Алена Мац­віенка, Васіль Ткачоў, Міхась Сліва, Валерый Ветошкін, Ганна Атрошчанка, Галіна Рагавая, Надзея Дзмітрыева, Лідзія Долбікава, Аляксей Сазанчук. У Таганрозе выйшаў зборнік вершаў ганаровага члена СПБ Міхася Болсуна «Родное, близкое».

Як зазначыў старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, 2022 год будзе не менш насычаны на літаратурныя падзеі, шмат увагі будзе ўдзяляцца мерапрыемствам, прысвечаным Году гістарычнай памяці. Асобнае месца сярод іх, у тым ліку ў сувязі з Днём беларускага пісьмен­ства ў Добрушы, зойме адкрыты рэспубліканскі літаратурны конкурс кароткай прозы «Сэрца на далоні», прысвечаны памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

У сакавіку на Гомельшчыне адзначаць 100-годдзе з дня нара­джэння пісьменніка Міколы Гамолкі. Пісьмен­ніцкая суполка рэгіёна пры падтрымцы СПБ, калег з Расіі і Украіны аб’явіла аб правядзенні міжнароднай акцыі «Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца» па зборы новых выданняў з аўтографамі пісьменнікаў краін для Добрушскай і Жыткавіцкай цэнтральных бібліятэчных сістэм і іх філіялаў. Пісьменнікі арганізуюць XV абласны конкурс чытальнікаў «Захаваем свет разам!», прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, III абласны конкурс малюнкаў «Вясёлка над Тураўскай зямлёю: родныя вобразы» па матывах творчасці класікаў беларускай літаратуры і сучасных творцаў.