Прывітанне з далёкага дзяцінства. Хата-музей у Вербавічах з галавой акунае ў мінулае

06.02.2022
Не ведаю, хто як, а аўтар гэтых радкоў, пераступіўшы парог будыніны, што ў вёсцы Вербавічы Нараўлянскага раёна ў лічаных кроках ад мясцовага сельсавета, амаль цалкам апынуўся ў далёкім і такім шчымлівым па ўспамінах мінулым.

Галіна Кавальчук, бібліятэкар Вербавічскай сельскай бібліятэкі, можа распавядаць пра кожную рэч у «Сялянскай хаце»

Тут амаль што ўсё як у бабулінай двухпакаёвай хаце: яе вялікасць печ каля дзвярэй, вакол якой круцілася кола жыцця і ўсіх падзей; просты, струганы з дзябёлых дошак драўляны стол, за якім хоць і радзей з гадамі, але збіралася ўся сям’я; плюшавыя посцілкі на сценах з кветками, аленямі на вадапоі і асілкамі; рэпрадукцыя «Незнаёмая» Крамскога (як жа без яе ў той час?), самаробныя, з рэшткаў аджыўшай сваё тканіны палавічкі, якія зараз называюць модным замежным словам пэчварк ці квілінг; ільняныя, зноў жа сваёй работы, ручнікі, больш грубейшыя для выцірання і тонка выдзеланыя, аздобленыя вышыўкай і прыгожымі карункамі – у чырвоным куце, пад іконамі; пажоўклыя ад часу ў просценькай драўлянай рамцы пад шклом сямейныя фотаздымкі, ваенныя і мірныя. Сюды мяне бацькі, як толькі адгучаў апошні званок чарговага навучальнага года ў школе, кожны май прывозілі з райцэнтра на ўсё лета. У той бестурботны дзіцячы час здавалася, што бабуліна хата – гэта нешта велічнае, жывое, са сваімі шматлікімі сакрэтамі і таямніцамі.
У Вербавічах зараз гэта музей, які мае адпаведную неадмысловую назву «Сялянская хата». Гаспадарыць у ім мясцовы бібліятэкар Галіна Кавальчук. Гісторыя з’яўлення музея пачалася ў 90-х гадах ХХ стагоддзя, калі пасля чарнобыльскіх падзей Вербавічы часткова адсялілі. З цягам часу апусцела і хата каля сельсавета. Далейшы лёс яе быў бы незайздрос­ны, калі б не ідэя старшыні сельсавета Валерыя Рагулі: стварыць тут міні-экспазіцыю мінулага вясковага жыцця. За экспанатамі далёка ісці не прыйшлося. Нешта знайшлі на гарышчы будучага музея (вядома, спыталі дазвол на пошукі ў былой гаспадыні), шмат чаго – у вяс­коўцаў, якія яшчэ не перасяліліся. Шэраг экспанатаў «Сялянскай хаты» – з суседніх Грыдняў, вёскі, якая перажыла і поўнае адсяленне, і зварот жыхароў у родныя сцены.

Экспанаты збіралі ў Вербавічах і Грыднях
Паступова хата-музей, дзякуючы энтузіястам з сельсавета і бібліятэкі, набыла свой сучасны выгляд. Праўда, трэба дадаць, што заснавальнікам прыйшлося ў літаральным сэнсе гэтага слова закасваць рукавы. Вядома ж, без чалавека любое жытло пачынае разбурацца, асабліва на вёсцы. Вось і ў Вербавічах Валерыю Пятровічу і Галіне Міхайлаўне выпала пабываць у ролі рамонтнікаў: давялі да ладу столі, сцены, падлогу, печ (яна, дарэчы, спраўна грэе і гатуе). І зараз тут гэтакі кавалачак мінулага, месца, дзе ў кожнага з вясковымі каранямі не-не ды і сцісне злева ў грудзях ад успамінаў.
У арганізатараў вясковага музея ёсць далёка ідучыя планы, і нейкімі яны падзяліліся. Напрыклад, у «Сялянскай хаце» плануюць праводзіць абрады, розныя вясковыя пасядзелкі, але гэта будзе пазней. А яшчэ збіраюцца сабраць і аформіць звесткі пра кожны фотаздымак, якіх у хаце ўжо калекцыя. Зараз жа вясковы музей, як і прырода, сустрэў апошні месяц зімы і чакае цяпла.

Нежылая хата ў Вербавічах набыла другое жыццё – як музей