Выстава Юрыя Мядзведзева «Погляд». Да 70-годдзя мастака
12.08.2022З 12 жніўня 2022 года у цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў працуе выстава гомельскага мастака Юрыя Мядзведзева «Погляд». Экспазіцыя прымеркавана да 70-годдзя з дня нараджэння мастака і з'яўляецца своеасаблівай творчай справаздачай. На ёй прадстаўлены скульптурныя творы, медалі і акварэльныя работы, паведамляе palacegomel.by.
З глыбокай старажытнасці чалавек спасціг мастацтва пластыкі, першапачаткова вылеплівая з гліны, высякаючы з каменя і дрэва аб'ёмныя формы. З часам людзі падпарадкавалі сабе і навучыліся апрацоўваць метал, з якога можна было рабіць самыя складаныя адліўкі мастацкіх вырабаў. Стварэннем скульптурных кампазіцый у тэхніцы ліцця і чаканкі дасканала авалодаў гомельскі мастак Юрый Мядзведзеў.
Юрый Уладзіміравіч пачынаў мастацкае навучанне ў студыі пры палацы культуры ў г. Светлагорску, затым атрымаў адукацыю ў Маскоўскім завочным універсітэце мастацтваў імя Н. К. Крупскай, а ў 1976 г. скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча. У г. Гомелі некаторы час ён працаваў на фабрыке мастацкіх вырабаў, а сёння - на заводзе Цэнтралiт, дзе, дзякуючы атрыманым ведам, змог ўвасабляць і ажыццяўляць свае складаныя творчыя задумы.
У скульптуры аўтара прасочваюцца сюжэты былін, літаратурных твораў, у медальерным мастацтве - гістарычныя тэмы. Многiя творы мастак прысвячае Вялікай Айчыннай вайне і Чарнобылю. Усе яны маюць характэрны рэльеф, асаблівую святлоценявую перадачу, лаканічнасць і выразнасць, настройваюць на асаблівы, па-свойму філасофскі, лад.
Паралельна са скульптурай Юрый Мядзведзеў працуе ў жывапісе. Сярод яго тварэнняў пейзажы, якія адлюстроўваюць розныя станы прыроды, а таксама партрэты, напісаныя ў рэалістычнай манеры, якія паказваюць, што аўтар мае свой асаблівы погляд на свет і людзей, дачыненне да ўсяго, што яго акружае.
Работы мастака знаходзяцца ў музеях, прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой, экспануюцца на абласных і рэспубліканскіх выставах.