30 жніўня спаўняецца 55 гадоў пісьменніку Уладзіміру Гаўрыловічу

30.08.2022
Ведаць гісторыю роднай зямлі – ведаць сябе. Гэта аксіёма заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, вядомага беларускага празаіка, старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, які ўсё сваё свядомае жыццё стварае вобразы роднага Палесся, яго людзей.

Уладзімір Мікалаевіч клапоціцца, каб ніва роднай літаратуры была шчодрай на добры ўраджай, не зарастала пустазеллем. Сваёй нястомнай імпэтнай працай, апавяданнямі, аповесцямі, раманамі падае яркі прыклад калегам-літаратарам.

У Год гістарычнай памяці прыгадваюцца развагі доктара філалагічных навук, дацэнта ГДУ імя Ф. Скарыны Вольгі Шынкарэнкі пра асноўныя акцэнты творчасці нашага земляка: «Пісьменніка цікавіць даўніна і фальклор, архітэктура і археалогія роднага краю, наогул, уся матэрыяльная і духоўная культура. Да прыкладу, тураўскія саркафагі і славутыя крыжы, што растуць на мясцовых могілках. Або заснаванае на рэгіянальным матэрыяле і апрацаванае самім празаікам паданне пра ўзнікненне дзіўнага Князь-возера і рыбы краснапёркі ў ім (раман «Забранае шчасце»). Ці легенда пра паходжанне назвы роднай вёскі Вотчыны-Вятчын (рамантычная аповесць «Анёлак мой, Анёлак…»)».

Сёлета пісьменнік парадаваў чытачоў новым раманам «Па веры вашай». Можна без перабольшвання зазначыць: празаік Гаўрыловіч ступіў з ім на літаратурны алімп. Твор з цікавым сюжэтам, які пастаянна трымае цябе ў напружанні, жаданні даведацца, як будуць развівацца падзеі, як праявяць сябе героі ў няпростых абставінах. І ў гэтым рамане пісьменнік не адступае ад сваёй даўняй завядзёнкі: спалучае ў творы розныя часы, каб праз эпізоды і ўласнаперажытае, і выпакутаванае народам, праз тоўшчу гістарычных падзей падвесці чытача да агульначалавечых высноў. Толькі калі бу­дзем жыць у суладдзі з запаветамі продкаў, любіць і шанаваць сваё, будзем людзьмі звацца і вытрымаем усе выпрабаванні. Раман друкуецца ў часопісе «Полымя», выйдзе і асобнай кнігай.

З юбілеем, Уладзімір Мікалаевіч! Няхай крыніцы роднага Палесся падпітваюць талент, даюць сілы для здзяйснення новых творчых праектаў, выдання кніг!



Уладзімір Гаўрыловіч

Па веры вашай (Урывак з рамана)


…Галіна загарнула сшытак, сумна ўсміхнулася.

– Балюча, Жэня, гэта чытаць. Асабліва калі ведаеш тых лю­дзей, якія вымушаны пад страхам страціць працу, выконваць неразумныя загады Маласельскіх. Так, ім, Маласельскім, даверылі, паверылі, што будуць працаваць для людзей, грамадства, а яны…

– І я такі ж быў, разумееш, такім выканаўцам самадурства Маласельскага, як тыя, хто капаў бульбу яго бацьку. Вінцік у яго руках.

– Не, цябе абставіны вымушалі падпарадкоўвацца…

– А іх – нешта другое? Пачуй мяне, Галя. Гэтыя абставіны мы часам самі і ствараем, таму што не хапае смеласці даць адпор… І ў мяне тады не хапала смеласці! Нягоднікі правілі і правяць баль, плююць на закон, а ім ніхто нават не запярэчыць. Паразітуюць, нібыта адстойваючы дзяржаўныя інтарэсы, а на самай справе дбаюць толькі пра сябе любімых ды блізкіх сваіх, чым адбіраюць веру ў людзей, справядлівасць. Прыстасаванцы і шкоднікі. Не, такія кіраўніцтву дзяржавы не памочнікі.
– Ну, не гарачыся, любы… Кожнаму трэба выжываць… Ва ўсіх дзеці. Іх трэба гадаваць, карміць, апранаць. Сярод прадстаўнікоў улады больш сумленных людзей, добрых кіраўнікоў, якія хочуць, каб нам жылося лепей.

– Але ж не пераступаць мяжу сумленнасці. Бо бог шэльму меціць…

– Гэта ты пра тое, што таго ж Маласельскага ды яшчэ сяго-таго ўсё ж пазбавілі пасад ці нават асудзілі? Дык не за хамства ж да людзей, не за стварэнне ўмоў для падхалімства, а за канкрэтныя злачынствы…

– Такое ўражанне, што ты іх, Маласельскіх, апраўдваеш. У цябе на рабоце, што, зусім такіх не было?

– І ў нас дурасці хапае. Асабліва ў маладых ды гарачых. Заскокі ў іх яшчэ такія бываюць, ого, браце, трымайся! Пагаджуся ў адным з табою: хамства квітнее. Хто толькі выхаваў іх такімі?

– Во – сапраўды жаночы вывад! Дык мы ж, даражэнькая, і выхавалі… Мы… Я, ты, другі, трэці. Хамства і тупасць бяруць верх таму, што мы паказвалі прыклад такі, дазволілі ім так паводзіць сябе – і з намі, і паміж сабой.

– Не ўтрыруй…

– Я не ўтрырую. Толькі і сёння шмат хто з прафесіяналаў маўчыць, а недавукі Маласельскія спакойна сабе множацца. Душэўна пустыя і нікчэмныя. Мала ад іх карысці радзіме, грамадству, вытворчасці, людзям… Яны гатовыя за грошы што заўгодна зрабіць, нават маці родную прадаць, на любую подласць пайсці. У такіх нягодніцтва ў цане! Абы толькі паболей урваць… І знаходзяць жа тыя свае трыццаць срэбранікаў, не звяртаючы ўвагі на тое, што скажуць астатнія, сумленныя людзі.

– Свет перакуліўся – гэта праўда…