Да дня нараджэння Івана Мележа: залікоўка і рэдкія фотаздымкі — юбілей персанальнай экспазіцыі

08.02.2023
8 лютага спаўняецца 102 гады з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Ленінскай прэміі, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа Івана Паўлавіча Мележа. Аб гэтым рассказалі у газеце "Хойніцкія Навіны".


Звыш трыццаці гадоў працаваў Іван Паўлавіч у літаратуры. Толькі ён змог так ярка, так самабытна паказаць прыроду беларускага Палесся, яго працавітых і адкрытых людзей. Менавіта родная зямля і родныя людзі натхнілі яго на творчасць.

Першыя значныя творы Іван Паўлавіч напісаў у час Вялікай Айчыннай вайны, калі пабачыў усе яе жахі і боль сваімі вачыма. З першых дзён вайны ён быў на фронце. Ваяваў пад Нікалаевам, Растовам-на-Дану. У снежні 1941 года Іван Мележ быў цяжка паранены ў правае плячо. Лежачы ў шпіталі ў Тбілісі, левай рукой напісаў сваё першае апавяданне «Сустрэча».

У 1946 годзе ў свет выйшаў першы зборнік апавяданняў Мележа «У завіруху». Аднайменнае апавяданне было высока ацэнена вядомым беларускім пісьменнікам Кузьмой Чорным.

Наступныя пяць гадоў жыцця былі для Мележа гадамі напружанай працы над раманам «Мінскі напрамак», у якім распавядаецца аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У трылогіі «Палеская хроніка» аўтар распавядае пра жыццё маленькай вёскі Курані, адрэзанай ад знешняга свету непраходнымі палескімі балотамі. Наогул, трылогія стала вяршыняй творчасці Івана Мележа. У apxiвe пicьмeннiкa зacтaлicя нaкiды i зaнaтoўкi дa paмaнaў, aлe твopчым плaнaм нe наканавана былo збыццa з-зa cмepцi творцы. Мележа не стала на 56-м годзе жыцця.

Грамадства і ўлада высока адзначылі творчыя дасягненні І. П. Мележа: ён узнагароджаны 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі і «Знак Пашаны», медалямі.

У памяць аб нашым славутым земляку ў 1980 годзе ў Саюзе пісьменнікаў БССР заснавана літаратурная прэмія імя І. Мележа. Яго прозвішча носяць вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах, гарадская бібліятэка № 2 у Гомелі. Імя народнага пісьменніка прысвоена беларуска-славянскай гімназіі № 36 у Гомелі, драматычнаму тэатру ў Мазыры. У 1983 годзе на малой радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча адкрыты мемарыяльны музей і ўсталяваны бюст. У Хойніках у 2010 годзе адкрыта скульптурная кампазіцыя «Па старонках твораў Івана Мележа».

Памяць аб выдатным пісьменніку беражліва захоўвае і Гомельская абласная бібліятэка, дзе ў 2016 годзе была створана экспазіцыя, прысвечаная славутаму земляку. У экспазіцыі змешчаны матэрыялы, якія перадала бібліятэцы дачка Івана Паўлавіча Мележа – Ларыса Іванаўна. Сярод цікавых і рэдкіх экспанатаў – залікоўка студэнта Івана Мележа, датаваная 1943-1944 гадамі, пасведчанне № 735 ад 8 мая 1942 года аб заканчэнні курсаў малодшых палітрукоў Паўднёвага фронту, падпісанае Леанідам Брэжневым, рэдкія фотаздымкі, нататнік пісьменніка з нумарамі тэлефонаў, кнігі з аўтографамі, пісьмы. Напрыклад, пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Віктара Фёдаравіча Каралёва з Ленінграда да Івана Мележа з просьбай даслаць яму кнігу «Мінскі напрамак» з аўтографам і інш.

У музеі ладзяцца літаратурныя вечарыны пра жыццё і творчасць нашага земляка, сустрэчы з пісьменнікамі. Захаваліся і кадры дакументальнай хронікі, у якіх гучыць голас Івана Мележа.

Запрашаем і вас, паважаныя чытачы, пазнаёміцца з каштоўнасцямі нашай музейнай скарбонкі і дакрануцца да творчай і асабістай спадчыны славутага земляка.