Сатыра ўздзейнічае без наркозу. Андрэй Макаёнак – пісьменнік яркага, непаўторнага таленту

01.03.2023
У Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна прэзентавалі адноўленую мемарыяльную залу, прысвечаную Андрэю Ягоравічу Макаёнку, народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, лаўрэату літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы.

c0ss4oqiclgzkp98swnpwbemq1h0ya16.jpg
За пяць гадоў існавання мемарыяльную залу, прысвечаную Андрэю Ягоравічу Макаёнку, наведала звыш пяці тысяч чалавек. Фота прадастаўлена абласной бібліятэкай

У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя архіўныя дакументы. Напрыклад, Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні Андрэя Макаёнка ордэнам Чырвонай Зоркі, рэдкія фотаздымкі драматурга, іншыя экспанаты.

Падставай для стварэння залы стаў дакументальны і рукапісны архіў драматурга, які перадала бібліятэцы яго жонка Любоў Іванаўна Макаёнак. Ёсць унікальныя экспанаты: камсамольскі білет, датаваны 1937 годам, ваенны білет, выпіска са шпіталю аб раненні, пасведчанне народнага пісьменніка БССР з нагрудным знакам, Ганаровая грамата лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа з нагрудным знакам, кнігі з аўтографамі ад калег па пяру, пісьмы, тэлеграмы, рукапісы, першы верш, напісаны ў 1945 годзе, асабістыя фотаальбомы і фотаздымкі.

Прыцягваюць увагу ваенныя дзённікі драматурга, датаваныя 1940–1941 гадамі (хаця рабіць запісы падчас вайны забаранялася), узнагароды, сярод якіх медаль «За адвагу», партрэт Андрэя Макаёнка, напісаны ў 1968 годзе беларускай мастачкай Нінэль Шчаснай, а таксама аўтапартрэт з дрэва, які выразаў сам пісьменнік.

Уласная бібліятэка Андрэя Ягоравіча ўтрымлівае лепшыя ўзоры драматургіі. У адным з асобнікаў – закладка, якая стварае ўражанне, што пісьменнік толькі што чытаў кнігу, і на нейкі час яго ўвагу прыцягнула неадкладная справа. Акуляры, пакінутыя на фальшсцэне, партфель з рукапісамі і аловак толькі ўзмацняюць адчуванне.

Значную частку бібліятэкі склада­юць кнігі з дароўнымі надпісамі. Добра вядома, што кніга з аўтографам – гэта дар, памяць, гісторыя. Кожная мае свой лёс, а такі надпіс робіць кнігу ўнікальнай. Хваляванне і станоўчыя эмоцыі адчуваеш, калі гартаеш, напрыклад, альбом «Літаратурны музей Якуба Коласа» з надпісам ад старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча: «Дарагому Андрэю Ягоравічу Макаёнку на добры ўспамін. З найлепшымі пажаданнямі. Д. Міцкевіч. 13/IX.1970. Смольня».

Асобным блокам выдзелены рукапісы п’ес з праўкамі аўтара, у тым ліку рукапіс п’есы «Каб людзі не журыліся» з заўвагамі Кірыла Мазурава. Звяртае на сябе ўвагу запіска Пятру Машэраву з прапановай адкрыцця тэатраў у Барысаве, Мазыры, Салігорску, Полацку.

На запісцы рукой Машэрава надпіс – «Согласен».

На працягу двух дзесяцігоддзяў п’есы Макаёнка ставіліся ў 300 тэатрах Савецкага Саюза і шматлікіх вядучых тэатрах Усходняй Еўропы. Часам, у поўным сэнсе гэтага слова, ставіліся з-пад пяра. У яго спектаклях выконвалі ролі Анатоль Папанаў, Андрэй Міронаў, Аляксандр Шырвіндта, Вера Васільева, Наталля Селязнёва, Леў Дураў. У архіве пісьменніка захавалася кніга «Московский театр сатиры» з дароўнымі надпісамі знакамітых акцёраў. Вось адзін з запісаў: «Любимому человеку, талантливому драматургу Андрею Егоровичу с надеждой на новую творческую встречу и нашу постоянную дружбу. С любовью и уважением, Вера Васильева».

«Выбачайце, калі ласка», «Каб лю­дзі не журыліся», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Зацюканы апостал» – далёка не поўны пералік п’ес Макаёнка, якія доўга не зыходзілі са сцэны тэатраў.

Трагікамедыя «Зацюканы апостал» упершыню была пастаўлена ў Маскоўскім тэатры сатыры, у рэпертуары якога праіснавала 15 гадоў. За гэты час была паказана больш за 600 разоў. У фондах мемарыяльнай залы захоўваецца афіша 500-га спектакля, на якой пакінулі свае аўтографы: заслужаны артыст РСФСР Зіновій Высакоўскі (тата), заслужаная артыстка РСФСР Зоя Зялінская (мама), Аляксей Лявінскі (сын). Кампазітар Анатоль Крэмер на афішы напісаў: «Дорогой Андрей Егорович! Это было мое первое участие в Ваших работах. Счастлив, что не последнее.

С юбилеем. Ваш Кремер».

Аднойчы Мікалай Матукоўскі запытаў у Андрэя Ягоравіча, чаму ён выбраў менавіта сатыру, а не вершы, апавяданні, з якіх пачынаў. «Смех – гэта, брат, адзін з самых моцных і дужых паскаральнікаў чалавечага прагрэсу. Балюча? Правільна. Сатыра ўздзейнічае без наркозу, але боль, які яна наносіць арганізму, вылечвае…» – адказаў Макаёнак.

За пяць гадоў існавання нашу мемарыяльную залу наведала звыш пяці тысяч чалавек. Сярод іх студэнты ВНУ, навучэнцы каледжаў, школ Гомеля і вобласці, жыхары і госці горада. Той, хто пабываў тут адзін раз, абавязкова прыходзіць яшчэ, але ўжо з дзецьмі, бацькамі, знаёмымі. Гэта значыць, што мы стараемся недарэмна, што плён нашай працы запатрабаваны.