Свята, якое трэба ўбачыць: у Гомельскiм раёне прайшоў старажытны абрад “Ваджэнне Сулы”
17.04.2023Старажытны абрад “Ваджэнне Сулы”, які мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, жыве не толькі ў нататках аматараў народнай культуры і ўспамінах старажылаў. Кожны год ён збірае шматлікіх захавальнікаў мясцовай культуры і традыцый і выліваецца ў вялікае прыгожае самабытнае свята, распавядаюць у газеце "Маяк".
Абрад “Ваджэнне Сулы” нязменна звязаны са святам Вялікадня. Ён праводзіцца на другі дзень пасля святкавання Уваскрэсення Хрыстова. Па прычыне рэлігійнай скіраванасці яго нават забаранялі ў савецкія часы: вядома, што пасля 1967 года традыцыя святкавання перарывалася на паўстагоддзя. Але затым была адроджана, дзякуючы намаганням мясцовых краяведаў.
Сёлета свята праходзіла на дзве вёскі — Гадзічава і Маркавічы — і сабрала звыш сотні ўдзельнікаў. Каб паўдзельнічаць у Суле прыехалі прадстаўнікі многіх філіялаў Цэнтра культуры Гомельскага раёна, а таксама госці з Гомеля і Мінска. Самы актыўны ўдзел у святкаванні прымалі мясцовыя жыхары.
Пачаўся абрад на вясновым полі з азімымі за вёскай Гадзічава, дзе па-святочнаму апранутыя вяскоўцы пад абрадавыя спевы завялі вялікі карагод-танок, які рухаўся зігзагамі. Значэнне гэтага танцу блізкае і важнае для кожнага вяскоўца: спадзяванні на добрае здароўе ўсім, на спрыяльнае надвор’е дзеля будучага ўраджаю: “Каб усё ў нас радзіла і маланка нас не біла”.
Затым шэсце з музыкай і спевамі рушыла па вуліцах Гадзічава і Маркавіч. Як і дзесяцігоддзі таму, вяскоўцы выходзілі насустрач, віталі гасцей і запрашалі іх да сталоў, якія выносілі прама на вуліцу.
Паглядзець на святочнае шэсце выйшла і адна са старэйшых жыхарак Гадзічава 89-гадовая Таццяна Басава. Дарэчы, маці былога настаўніка, а зараз свяшчэннаслужыцеля Рыгора Басава — аднаго з галоўных ініцыятараў адраджэння Сулы.
— Памятаю Сулу са сваёй маладосці. Гэта было сапраўды народнае свята, стаць удзельнікам якога імкнуўся кожны. Вуліцы гудзелі ад спеваў і музыкі. А сам абрад даваў нам і радасць, і ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра, трэба толькі верыць і працаваць, — падзялілася Таццяна Сяргееўна.
Радуе, што сярод цяперашніх удзельнікаў “Ваджэння Сулы” — шмат моладзі. Для кагосьці ўдзел у абрадзе становіцца сямейнай традыцыяй. Напрыклад, Віктар Шыпкоў ужо на працягу шэрагу гадоў выступае адным з галоўных арганізатараў святочнага шэсця і шчырым прапагандыстам народнай культуры.
Сёлета на свяце ў Маркавічах культработнікі і ўдзельнікі самадзейных калектываў устаноў культуры Гомельскага раёна прадставілі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці і падрыхтавалі дэгустацыі велікодных пачастункаў. Таксама прайшлі майстар-клас па народна-побытавых танцах і святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў.
— Такія ўнікальныя самабытныя абрады, як “Ваджэнне Сулы”, трэба захоўваць і прапагандаваць. Гэта традыцыі, дзякуючы якім аб невялікіх населеных пунктах Гомельскага раёна ведае ўся рэспубліка. Гэта народная культура, якая яднае розныя пакаленні, — падкрэсліла начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Анастасія Лысенка.
fb_565bs6fdsdb6s6d_24.JPG