Жыву, каб дарыць людзям радасць. Клаўдзія Абібок з Калінкавічаў расказала «Гомельскай праўдзе» пра свае жыццёвыя ўніверсітэты

26.09.2024
Клаўдзія Абібок з Калінкавічаў аддала сваё сэрца дзецям, напісала кнігу, стварыла творчы калектыў. А яшчэ яна робіць будні мясцовых пенсіянераў яркімі і цікавымі.

У шчырай размове з журналістам «Гомельскай праўды» жанчына расказала пра свае жыццёвыя ўніверсітэты.

Клаўдзія Андрэеўна дзеліцца сваім аптымізмам з жыхарамі Калінкавічаў

Натхнёная прыкладам матулi

Дзяцінства Клаўдзіі Абібок прайшло ў вёсцы Сырод Калінкавіцкага раёна. У працавітых бацькоў падрасталі пяць дзяўчынак. Але так склалася, што бацька закахаўся ў іншую жанчыну i пакінуў сям'ю. Маці засталася адна. Нягледзячы на моцны боль, якi прычыніў ёй дарагі чалавек, яна не ўпала духам, не затаіла крыўду на ўвесь свет. З любоўю гадавала дачок, дапамагала іншым, працавала настаўніцай у мясцовай школе. Яна ўкладвала ўсё цяпло свайго сэрца ў выхаванне вучняў.

– Бывала, купіць булку хлеба і падзеліць яе на 20 кавалачкаў – кожнаму паспрабаваць. У нашай хаце заўсёды было шумна. Па вечарах хлопчыкі, седзячы за вялікім сталом, рашалі задачы, а дзяўчынкі займаліся рукадзеллем. І так маміна захопленасць любімай справай кранула маё сэрца, што потым я таксама вырашыла пайсці ў педагогіку.

Мая працоўная біяграфія пачалася з 16 гадоў. Я прыйшла ў Кротаўскую школу піянерважатай. Потым скончыла Гомельскі педагагічны інстытут, выкладала ў калінкавіцкай сярэдняй школе № 1, там жа пазней заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. У школе затрымлівалася да позняга вечара. Гарэла сваёй працай, любіла вучняў, давярала сваім калегам, – расказвае пра адзін з этапаў свайго жыцця паважаная жыхарка Калінкавічаў.

Кнігу «Жыцця майго сцяжынкі» Клаўдзія Андрэеўна пісала начамі, яна прысвечана дарагой матулі, любімым сёстрам, аднавяскоўцам


Адзін раз і назаўжды

З дзяцінства маленькая Клаўдзія марыла выйсці замуж. Не за касманаўта або дырэктара прадпрыемства, а за шафёра. Вось ён абавязкова дапаможа маме своечасова вывезці гной у поле, і праблем больш не будзе: ні з бульбай, ні з дровамі. Маме і сястрычкам будзе лягчэй!

Добрага хлопца з суседняга сяла сустрэла ў раннім юнацтве. Ён працаваў механікам, быў на дзевяць гадоў старэйшы за дзяўчыну.

– Муж замяніў мне бацьку, стаў лепшым сябрам, каханым і дарагім чалавекам. У нас нарадзілася дачка Людмілка, а потым сынок Васілёк. Мы пражылі разам 45 гадоў. Часам думала, за што мне так з ім пашанцавала? Добры, спакойны, гаспадар, верны і клапатлівы. Амаль ніколі не сварыліся. Пяць гадоў таму пасля працяглай хваробы ён памёр. Такую страту складана перажыць. Трэба сабраць усю волю ў кулак, падняцца і ісці займацца штодзённымі справамі. Я зраблю ўсё, што ты не паспеў! Я дапамагу нашым дзецям і ўнукам! Я буду берагчы памяць пра цябе! А цікавае актыўнае жыццё вельмі дапамагае не ўпівацца сваім горам, працягваць жыць, у тым ліку і для іншых, – дзеліцца гісторыяй свайго кахання Клаўдзія Абiбок.

Некалькі разоў «Чапурушкі» выступалі на сцэне «Славянскага базару», скарбонка творчых узнагарод калектыва папаўняецца штогод


Да ўсякай справы з душой і стараннем

Яе педагагічнае жыццё было насычаным і цікавым. Клаўдзію Андрэеўну любілі вучні, паважалі калегі. Яна шмат разоў была ўдастоена прафесійных узнагарод.

Калі выйшла на пенсію, яе запрасілі ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Спачатку было страшна: усё жыццё з дзецьмі працавала, а тут пажылыя людзі. Аказалася, што i пажылых трэба пашкадаваць, выслухаць, пасмяяцца з імі, а часам і трошкі пасварыцца. У цэнтры творчы педагог стварыла калектыў, які называецца «Чапурушкі». Прыгожых, пазітыўных, таленавітых удзельнікаў ансамбля аб’ядноўвае любоў да песні. Некалькі разоў калектыў выступаў на сцэне «Славянскага базару», скарбонка творчых узнагарод папаўняецца штогод.

У Клаўдзіі Андрэеўны шмат хобі. Яна ўмее вышываць, вязаць, ткаць, з задавальненнем працуе на дачным агародзе. А аднойчы вырашыла свае дзіцячыя ўспаміны пакласці на паперу.

– Час ідзе, і тое, што я проста расказваю сваім дзецям і ўнукам, хутка забудзецца. Таму ўзялася за пяро. Кнігу «Жыцця майго сцяжынкі» пісала начамі, яна прысвечана маёй дарагой матулі, любімым сёстрам, аднавяскоўцам, – распавядае пісьменніца.

Сваім аптымізмам, радасцю, творчым запалам Клаўдзія Андрэеўна дзеліцца з жыхарамі Калінкавічаў на творчых вечарах, якія праходзяць у мясцовым рэстаране. Яна арганізатар і вядучы гэтых мерапрыемстваў. Выпадковы вечар, які калісьці правялі, прымеркаваўшы да нейкай акцыі, стаў добрай традыцыяй. У прасторную залу рэстарана з’язджаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і пенсіянеры з суседняга Мазыра. Музычныя віктарыны, творчыя конкурсы, цікавыя зносіны, добрая музыка і, вядома, танцы – сумаваць нікому не даводзіцца.

– Мне падабаецца дарыць людзям радасць, запальваць у іх сэрцах той самы агеньчык, які дапамагае потым перажыць усе цяжкасці. Я люблю жыццё, людзей, тое, чым займаюся. Прачынаюся і дзякую Богу за новы дзень. Радуюся таму, што жыву ў прыгожым горадзе, што ў мяне добрая сям’я, побач цiкавыя людзі. На пенсіі жыццё працягваецца. Больш за тое, яно можа быць яркiм і насычаным. Не трэба зачыняцца дома. Шукайце аднадумцаў, ідзіце за новымі ўражаннямі і рабіце нешта для людзей. Гэта прыносіць шчасце, – дзеліцца сваімі жыццёвымі прыярытэтамі Клаўдзія Абiбок.