«Ад прадзедаў спакон вякоў…»

05.11.2014

Пяты раённы конкурс-фестываль «Ад прадзедаў спакон вякоў…», які прайшоў у Доме культуры вёскі Бярозкі, сабраў дзясяткі юных і дарослых майстроў і артыстаў. У склад журы ўвайшлі доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны Валянціна Новак, супрацоўнік абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц, намеснік загадчыка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Ладуцька і іншыя.

Конкурсная праграма фестывалю прадугледжвала некалькі напрамкаў, і вялікае значэнне арганізатары свята надалі захаванню і развіццю вуснай і матэрыяльнай спадчыны. Майстры раёна, як дарослыя людзі, так і школьнікі, паказалі, што яны валодаюць шматлікімі відамі рукадзелля і рамёстваў. Асобна журы ацэньвала і веданне ўдзельнікамі фестывалю старажытных рэцэптаў нацыянальных страў.

Асноўную праграму склалі сцэнічныя выступленні 16 калектываў устаноў адукацыі і культуры. І кожны імкнуўся перадаць тое, што характэрна менавіта для яго мясцовасці — абрады, звычаі, песні і нават гаворку. Вучні Пакалюбіцкай СШ паказалі, як у іх вёсцы сустракаюць бедную куццю перад Нараджэннем Хрыстовым, Грабаўскага дзіцячага сада — СШ — свята «Багач», Бабовіцкай СШ — вячоркі. Навучэнцы Галавінскай СШ падрыхтавалі народную казку «Дзеўкіна гора», а старшакласнікі Раманавіцкай СШ шмат расказалі пра матуліны рушнікі, нямала якіх захоўваецца ў школьным музеі. Удзельнікі школы народна-побытавага танца РДК прадэманстравалі папуры з пяці танцаў. Апынуцца сярод вясёлага кірмашу з яго жартамі і гульнямі дапамаглі ўдзельнікі творчага калектыву Навагуцкага дома культуры, а на вясковыя замалёўкі запрасіла народнае аматарскае аб’яднанне «Скарбніца» Урыцкага СДК.

Прагучала нямала народных песень і частушак. Іх выканалі настаўніца Зябраўскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Шахоўская, вакальныя ансамблі «Спадчына» (аднайменны аўтаклуб Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу), «Беларусачка» Даўгалескай сельскай бібліятэкі-клуба і «Медуніца» Міхалькоўскага СДК, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Жытніца» Аздзелінскага СДК, народных ансамбляў «Світанак» Даўгалескай сельскай бібліятэкі-клуба і «Званіцы» (аб’яднаны калектыў з Рудні Марымонава — СДК і дзіцячага сада – СШ). А фальклорны ансамбль народных інструментаў «Гамонка» Навагуцкай ДШМ парадаваў гледачоў і слухачоў прыгожай музыкай.

Нягледзячы на тое, што ўсе выступленні і выставы былі цікавымі і змястоўнымі, фармат мерапрыемства патрабаваў назваць лепшых з лепшых у двух узроставых катэгорыях: да 17 гадоў, ад 18 і старэйшыя. У намінацыі «За лепшае веданне нацыянальных традыцый і іх захаванне» пераможцамі сталі Руднемарымонаўская, Раманавіцкая і Пакалюбіцкая школы, калектыў «Світанак», школа народна-побытавых танцаў і «Жытніца». За найвышэйшы ўзровень выканаўчага майстэрства і мастацкі густ адзначаны Галавінская і Грабаўская школы, а таксама калектывы «Гамонка», «Спадчына» і салістка Кацярына Шахоўская. Сцэнічныя касцюмы ўдзельнікаў мастацкіх калектываў «Скарбніца», «Жытніца» і «Беларусачка» поўнасцю адпавядалі нацыянальным народным традыцыям. Самая арыгінальная конкурсная праграма была падрыхтавана вучнямі Галавінскай, Руднемарымонаўскай і Раманавіцкай школ, а таксама калектывамі «Званіцы» і «Медуніца». Найлепшая тэатралізацыя і артыстызм былі адзначаны ў Бабовіцкай школы (яна заняла другое месца, першае і трэцяе не прысуджалі), а таксама ў калектываў Навагуцкага СДК і «Скарбніца». Апошні, дарэчы, стаў пераможцай яшчэ ў адной намінацыі: «Вернасць народным традыцыям». Другое месца ў ёй заняў аб’яднаны калектыў з Рудні Марымонавай — сярэдняй школы і СДК. Трэцяе месца прысуджана калектыву «Жытніца».

У намінацыі «Стравы беларускай кухні» лепшымі прызнаны вакальны ансамбль «Спадчына», народнае аматарскае аб’яднанне «Гаспадынька» Цярэшкавіцкага СДК і Грабаўскі дзіцячы сад – СШ. А лепшымі майстрамі — вучні Раманавіцкай СШ, гуртку «Умелыя ручкі» СДК вёскі Бярозкі і Пакалюбіцкай СШ. У старэйшай узроставай катэгорыі лепшымі майстрамі прызнаны ўдзельнікі калектываў «Жытніца», Навагуцкага СДК і Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна.