Народны майстар Рэспублікі Беларусь
01.01.2015Экспертная камісія па народнаму мастацтву, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь прыняла рашэнне аб наданні статусу «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» майстрам Гомельскай вобласці Валерыю Мінкову і Людміле Кавалёвай.
Валерый Леанідавіч Мінкоў кіруе майстэрняй «Разьба па дрэве» ў раённым цэнтры рамёстваў н.п. Крупец Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Займаецца рамяством больш за 30 год. Прафесійна валодае майстэрствам разьбы па дрэве, увесь час удасканальвае яго. Ён — сябар грамадскага аб’яднання «Саюз майстроў народнай творчасці Беларусi». Сваёй дзейнасцю Валерый Леанідавіч спрыяе папулярызацыі старадаўняга народнага мастацтва разьбы па дрэве, яго захаванню і развіццю. Акрамя гэтага засвоіў прафесіі сталяра, цесляра, інкрустатара шпона па дрэве і такарную апрацоўку драўніны. Самастойна адраджае амаль забыты від рамяства — бандарства. В. Мінкоў з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў народнай творчасці.
Людміла Васільеўна Кавалёва з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання «Саюз майстроў народнай творчасці Беларусi», кіраўніком гуртка ткацтва «Ніток» Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва, у якім працуе больш за 20 год. У гуртку займаюцца як дзеці, так і дарослыя. Самаму малодшаму ўдзельніку 6 гадоў, старэйшаму — 75. Удзельнікамі гуртка «Ніток» таксама з’яўляюцца дачка Людмілы Васільеўны і яе ўнукі. Дзякуючы прафесiяналiзму i любовi да працы кiраўнiка гуртка колькасць удзельнiкаў штогод павялiчваецца, і ўвага да мясцовых традыцый ткацтва з боку дзяцей i моладзi ўзрастае. І гэта невыпадкова, бо неглюбскія рушнікі вядомыя ва ўсім свеце.
За ўдзел у шматлікіх выставах і фестывалях, за высокі прафесіяналізм Л. Кавалёва неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.
Аліна Казлова, метадыст па народных промыслах установы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”