У філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі адкрыта выстава “Ростань”

09.12.2015

Ростань – месца, дзе водзяцца нячысцікі. Тут робяць свае цёмныя справы варажбіты. Тут хаваюць самагубцаў. Ростань – месца на мяжы з іншасветам, вельмі небяспечнае для чалавека...

Таямнічасць скрыжавання дарог у традыцыйным уяўленні беларусаў стала лейтматывам выдадзенага ў 2015 годзе музычнага альбома гомельскага гурта “Млын Сонца”. Зробленыя да альбома “Ростань” арыгіналы ілюстрацый музыкі калектыву Цімафея Палуніна прадстаўлены на аднайменнай выставе. А таксама змайстраваныя ім этнічныя інструменты – колавая ліра, дуда, гудок, гуслі.

Экспазіцыя дапоўнена калекцыямі ўзораў дамавой разьбы і старажытных літых абярэгаў з фондаў Веткаўскага музея. Кожны прадмет, кожнае слова з успамінаў-аповедаў нашых продкаў на выставе працуе на стварэнне атмасферы старажытнай беларускай містыкі. Гэта прастора, дзе чалавек застаецца сам-насам з чароўным міфічным светам і яго насельнікамі – ведзьмакамі, цмокамі ды ваўкалакамі.