13 — 14 студзеня ў Гомелі адбыўся Першы адкрыты фестываль дзіцячых фальклорных гуртоў «Святло Каляднай зоркі»

16.01.2016
У фестывалі, які прайшоў у сярэдняй школе № 30, прынялі ўдзел дзіцячыя фальклорныя калектывы агульнаадукацыйных школ горада і ўзорны фальклорны ансамбль «Калыханка» з Міханавічаў (Мінская вобласць).
Выкананне гуртамі калядак і шчадровак атрымала высокія адзнакі: дыплом «за пераемнасць нацыянальных фальклорных традыцый» заслужыў малодшы гурт узорнай «Этнашколы «Традыцыя», дыплом другой ступені дастаўся калектыву «Кужалёк» сярэдняй школы № 67, дыпломамі першай ступені адзначаны гурты «Гарэзы» сярэдняй школы № 28, «Святы Пакроў» сярэдняй школы № 30 і «Лялькі» сярэдняй школы № 40, госці з Мінскай вобласці ўзнагароджаны Гран-пры фестывалю. Журы, якое склалі метадыст па этнаграфіі і фальклору Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый у Гомелі Пятро Цалка і навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Вольга Афанасьева, падчас фестывалю таксама надалося пакалядаваць — праспяваць шчадроўкі, павадзіць казу і нават паказаць прадстаўленне традыцыйнага беларускага лялечнага тэатра — батлейкі, якое выклікала сапраўднае захапленне гледачоў.