Абрад «Чырачка» — гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь
21.01.201620 студзеня 2016 г. у Міністэрстве культуры адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.
Рашэннем сяброў Рады падтрымана прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь абраду гукання вясны «Чырачка» ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
«Чырачка», якая праводзіцца ў Тонежы ў апошні дзень Масленіцы, з’яўляецца адметнай этнічнай рысай жыхароў Тураўшчыны. Лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну, таму і назву абрад атрымаў ад назвы дробнай качкі «чырачкі» («чырок»), выяву якой у якасці абрадавага пачастунку — коржыкаў — выпякаюць з цеста. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на Чарнычовы Горы — самае высокае месца ў ваколіцы. Туды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку-«Зіму», пагукаць вясну песнямі-вяснянкамі і заклікаць чырачку-птушачку. На гары таксама водзяць карагоды, частуюцца абрадавымі стравамі, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную елачку — сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, таму асноўныя яе ўдзельнікі — маладыя дзяўчаты, якім дапамагаюць жанчыны сярэдняга і сталага веку.
Завадатарамі абраду з’яўляюцца мясцовыя спявачкі з гурта «Танежанка» і іх пераемніцы — удзельніцы гурта-спадарожніка «Верас», падлеткі і моладзь. Абрад «Чырачка» перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу з жыхарамі вёскі, праз пераемнасць дзецьмі і моладдзю спеўных, танцавальных і іншых лакальных культурных традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны.
Пастаянны маніторынг абраду праводзяць Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама і ўстанова «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці», пры непасрэдным удзеле якой падрыхтавана дакументацыя для надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці абраду «Чырачка».
«Чырачка», якая праводзіцца ў Тонежы ў апошні дзень Масленіцы, з’яўляецца адметнай этнічнай рысай жыхароў Тураўшчыны. Лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну, таму і назву абрад атрымаў ад назвы дробнай качкі «чырачкі» («чырок»), выяву якой у якасці абрадавага пачастунку — коржыкаў — выпякаюць з цеста. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на Чарнычовы Горы, самае высокае месца ў ваколіцы. Туды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку-«Зіму», пагукаць вясну песнямі-вяснянкамі і заклікаць чырачку-птушачку. На гары таксама водзяць карагоды, частуюцца абрадавымі стравамі, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную елачку — сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, таму асноўныя яе ўдзельнікі — маладыя дзяўчаты, якім дапамагаюць жанчыны сярэдняга і сталага веку.
Завадатарамі абраду з’яўляюцца мясцовыя спявачкі з гурта «Танежанка» і іх пераемніцы — удзельніцы гурта-спадарожніка «Верас», падлеткі і моладзь. Абрад «Чырачка» перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу з жыхарамі вёскі, праз пераемнасць дзецьмі і моладдзю спеўных, танцавальных і іншых лакальных культурных традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны.