У гомельскім музеі фатаграфіі адкрылася выстава Людмілы Корхавай

29.01.2016
У гомельскім музеі фатаграфіі адкрылася выстава ўнікальных фотаздымкаў з асабістага архіва народнай артысткі Беларусі, актрысы Гомельскага драматычнага тэатра Людмілы Корхавай.
У экспазіцыі прадстаўлены фота са школьных і студэнцкіх гадоў тэатральнай прымы, фатаграфіі знакамітых спектакляў з удзелам Людмілы Канстанцінаўны, а таксама калекцыя сцэнічных касцюмаў, з дапамогай якіх ствараліся непаўторныя вобразы тэатральных герояў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі абласны драматычны тэатр і музей гісторыі горада Гомеля.
Людміла Корхава нарадзілася ў Чачэрску. Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працавала дыктарам на Беларускім тэлебачанні. Але сэрца артысткі заўсёды належала тэатру. Таму ў 1968 годзе Людміла Корхава разам з мужам, артыстам Аляксандрам Лаўрыновічам, вяртаецца ў Гомель, каб пачаць працу ў Рускім драматычным тэатры (зараз Гомельскі абласны драматычны тэатр). Першая роля — студэнтка ў п’есе «Дзесяць дзён за каханне», за якой рушылі больш за сорак гадоў, прысвечаных служэнню драматычнаму мастацтву.
Людміла Корхава — лаурэат шматлікіх тэтральных прэмій і ганаровых дыпломаў, сярод якіх Гран-пры Міжнароднага тэатральнага фэстывалю «Белая Вежа», Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка», Гран-пры двух Міжнародных фестываляў «Славянскія тэатральныя сустрэчы», Дыплом Праўлення Саюза тэатральных дзеячаў БССР, Ганаровы знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Людміла Корхава з’яўляецца ганаровым жыхаром г.Чачэрска.
Імпрэза атрымалася шчырай і эмацыянальнай. Гучалі цёплыя словы і віншаванні, театральныя маналогі і вершы, а таксама музычныя падарункі ад інструментальнага калектыва «Томсан Трыо».
Выстава працягнецца да дзесятага лютага.