Івану Мележу прысвячаецца

05.02.2016

8 лютага спаўняецца 95 год з дня нараджэння слыннага сына Палесся, народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. Урачыстасці адбудуцца ў аграгарадку Глінішча, на радзіме аўтара «Палескай хронікі». У 12.00 перад домам-музеем пісьменніка пройдзе мітынг, адбудзецца экскурсія. У 13.00 у мясцовай школе пройдзе літаратурная гасцёўня «Аб пісьменніку і чалавеку». У цэнтры вольнага часу аграгарадка адбудзецца літаратурна-музычны вечар «Ён быў песняром палескай душы».
8 лютага ў 14.30 у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна ў Гомелі адбудзецца літаратурны квэст "Незвычайны востраў - Курані..." па раману Івана Мележа "Людзі на балоце".
Удзельнікі квэста з гомельскай гімназіі №10 павінны будуць прайсці бібліятэку ўздоўж і ўпоперак праз пяць літаратурных квэст-тэрыторый. Спатрэбіцца пераадолець нямала перашкод, знайсці пазнакі, якія дапамогуць выканаць заданні. Так рабяты будуць змагацца на лепшае веданне творчасці народнага пісьменніка Беларусі.
10 лютага ў 14.00 у аддзеле краязнаўства Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі «Сказ пра Івана Мележа», прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены унікальныя экспанаты, перададзеныя ў дарунак бібліятэцы дачкой творцы — асабістыя рэчы, друкарская машынка, на якой працаваў Іван Паўлавіч, фотадакументы. У адкрыцці выставы возьмуць удзел прадстаўнікі аблвыканкама, пісьменнікі, навукоўцы.
12 лютага ў 14.00 у гомельскай бібліятэцы імя Івана Мележа (вуліца Свірыдава, 43) адбудзецца вечар, прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння слаўнага сына палескай зямлі, народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа.
У вечарыне возьмуць удзел пляменніца класіка беларускай літаратуры гамяльчанка Вера Савельеўна Генаш, гомельскія пісьменнікі.