Вёска Бабічы, унікальная сваімі ручнікамі ды іконамі, рыхтуецца прымаць турыстаў
14.05.2016У Чачэрскім раёне ёсць вёска, унікальная сваімі ручнікамі ды іконамі. За мастацка-этнаграфічнымі скарбамі выпраўляемся ў Бабічы. Зразумела, усе шляхі вядуць да мясцовага сельскага клуба.
Людміла Міхалкоўская з ручніком, вытканым каля трохсот гадоў таму
Я — легенда
Мабыць, хтосьці здзівіцца, пачуўшы назву Бабічы. Што казаць, тапанімічных цёзак хапае на абсягах Беларусі. Але ж чачэрская — найбольш адметная, упэўнены тутэйшыя краязнаўцы. Аб далёкім мінулым і бліжэйшым будучым вёскі распавядае Людміла Міхалкоўская, загадчыца цэнтра народнага танца, музыкі і песні.
Упершыню Бабічы згадваюцца яшчэ ў 1483 годзе. Напачатку XX стагоддзя гэта было даволі буйное паселішча амаль на дзве тысячы жыхароў. У нашы дні налічвае менш як чатырыста чалавек. Яшчэ ад прабабак захавалася легенда аб паходжанні назвы вёскі. Калісьці даўно ў гэтых мясцінах існавала паселішча ля Папова возера. Памёр святар, а праз некаторы час пачалі адзін за адным паміраць іншыя жыхары. Першай, хто адважыўся пакінуць абжытае месца, была жанчына, як раней казалі — Баба. Яна пасялілася каля рачушкі Бялынкі з белымі пясчанымі берагамі. Услед за ёй у Бабічы пацягнуліся астатнія. У іх ліку былі Астап і Міхал. І па сённяшні дзень вуліцы, дзе яны асталяваліся, у народзе завуць Астапеншчына (зараз Савецкая) і Міхалкаўшчына.
Таксама ў вёсцы ёсць Свінакольшчына. “Раней свінні хадзілі па сялу, іх ніхто не пасвіў. Збіраліся, каб паплёскацца ў лужынах на аколіцы, каля рэчкі, адсюль і назва, — адзначае Людміла Міхалкоўская. — Дарэчы, у гады вайны на гэтым месцы немцы расстралялі партызана Якава Шкалянкова, яго дзяцей і цяжарную жонку.
У памяць аб загінуўшых перавулак назвалі Партызанскім”.
Гучнае найменне атрымала вуліца, куды перабраліся апошнія перасяленцы, — Халяўшчына. Там вельмі пясчаныя землі, нішто не расце. Таму і казалі, што
пабудаваліся на пустой зямлі — на “халяве”.
Фестываль на свята Яблычнага Спаса ужо стаў брэндам Бабічаў
Проста кросны
З даўніх часоў бабіцкія жанчыны славяцца сваім майстэрствам вышыўкі і ткацтва. Задумка захаваць самабытную спадчыну з’явілася даўно, але патрабавала значных выдаткаў. За дзесяць гадоў загадчыца сельскага клуба сабрала шмат экспанатаў для этнамузея: “Хочацца, каб дзеці ўяўлялі, што такое кросны, як нашы прабабкі шылі, ткалі, апраналіся. Турыстам таксама будзе цікава зірнуць на вясковыя скарбы”.
Ажыццявіць ідэю стала магчыма дзякуючы праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Конкурс праводзіўся пад эгідай Праграмы развіцця ААН пры фінансаванні Еўрасаюза. Бабіцкая ініцыятыва “Цэнтр ткацтва: захоўваем культуру разам” апынулася сярод пераможцаў. На ажыццяўленне праекта выдзелены 13800 еўра. Пакуль у памяшканнях вядзецца рамонт, пацікавімся творчымі планамі культработнікаў.
У Цэнтры ткацтва мяркуецца адкрыць некалькі пакояў. Самы вялікі — адвядуць пад музей. Наведвальнікі апынуцца ў звычайнай сялянскай хаце, змогуць пабачыць прылады, што амаль зніклі з побыту: санапраху, мяліцу, драўляную біклагу для вады, люльку з пяламі. “Усе гарышчы ў вёсцы ўжо падчысцілі”, — прызнаецца Людміла Міхалкоўская. Дастае з куфра і дэманструе тканыя рэчы, што засталіся ад прабабуль: ручнікі, посцілкі, сурвэткі, фіранкі, дываны. “Раней ткалі вельмі многа, — кажа субяседніца, — усё, што апраналі, на чым спалі і карысталіся ў паўсядзённым ужытку. Лён доўга захоўваецца, бо яго не чапае моль. Ёсць ручнікі, якія датуюцца прыкладна XVIII стагоддзем”. Кожны, хто жадае, можа дакрануцца да палатнянай стужкі часу. Вось жаночыя кашулі з рознымі арнаментамі. Па ўзоры бачна, каму належыла вопратка: сціплы і рэдзенькі вышывала замужняя кабета, больш каларытны — маладая. Паўсядзённая сялянская вопратка пашыта з шэрага неапрацаванага сукна, святочная — светлая, вышываная. Каб атрымаць белую тканіну, даводзілася прыкладваць намаганні. Грубае сукно жлукцілі: клалі ў вялікую бочку, перасыпалі попелам і залівалі вадой. У выніку атрымлівалі бялюткі колер.
Ручнік на Заступніцу вышывала гаспадыня Надзея Цеплякова
У бабіцкіх ручнікоў свой адметны браны чын ткацтва. Яго можна пазнаць па характэрных узорах у форме ромбаў. Нават неглюбскі ручнік, вытканы ў суседнім Веткаўскім раёне, адрозніваецца па тэхніцы выканання. Аздабленні бабіцкіх ткачых сустракаюцца ў суседніх Нісімкавічах, Покаці, Валосавічах. Зараз у вёсцы спраўных кроснаў не засталося.
Безумоўна, ганаровае месца ў музеі зоймуць бабіцкія іконы. Па народнай традыцыі, абразы святых заўсёды накрывалі ручніком. “Гэта божкіна адзёжка”, — кажуць вяскоўцы. Строга заба-ронена потым карыстацца ім як выціральнікам.
Бабіцкая народная школа іканапісу — унікальная з’ява ў нацыянальнай культуры Беларусі. Лікі святых маюць яскравыя адметныя асаблівасці. Апошнімі майстрамі сялянскай дынастыі “багамазаў” былі Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы. Браты пісалі абразы для мясцовых храмаў і аднавяскоўцаў. Шмат захавалася да нашых дзён. Старадаўнюю ікону Мікалая Цудатворца перадала ў музей старэнькая сялянка. “Хутка памру, не хачу,
каб пакралі злодзеі, — патлумачыла бабуля. — Да вас людзі прыязджаюць, хай глядзяць”.
Старадаўнюю ікону прынесла ў сельскі клуб старэнькая жыхарка Бабічаў
Паяднаныя лёсам
Побач з музейным пакоем размесціцца ткацкая майстэрня, куды плануецца набыць два станкі. Тэорыю і практыку бабулінага рамяства будуць спасцігаць мясцовыя шкаляры, а таксама ўсе жадаючыя. “Прапановай зацікавяцца, бо сучасная моладзь ніколі ў жыцці не сядзела за кроснамі”, — мяркуе Людміла Мікалаеўна.
Пад кулінарную частку праекта будзе абсталявана гасцёўня “Бабуліны пачастункі”. Прысмакі мясцовай кухні прыйдуцца да спадобы як беларускім, так і замежным турыстам. Паколькі раней памяшканне сельскага клуба займаў дзіцячы садок, кухня размесціцца на сваім гістарычным месцы. Гатаваць беларускія стравы з рэгіянальным густам будуць вучыць маленькіх бабічан. Спрактыкаваныя кухары пачастуюць гасцей. “У любую страву трэба ўкладваць душу, тады і смачна будзе”, — раскрывае сакрэт гаспадыня. Дзе яшчэ давядзецца паспрабаваць “бульбу грачнёвую” ці калдуны з сушонымі грыбамі, што шкварчаць у чыгунке?
Трэба заўважыць, што мясцовыя заўзятары імкнуцца перадаць моладзі не толькі ткацкую, кулінарную, але і музычную спадчыну рэгіёна. З паўстагоддзя яднае таленты народны фальклорны ансамбль “Лёс”. Дарослыя складаюць вакальны калектыў, дзеці — танцавальны. У рэпертуары 23 народных побытавых танца. Сярод іх “Субота”, “Мятло”, “Шахцёр”, “Лявоніха”, а таксама “Карагоды”, якія вадзілі бабіцкія прабабулі. З юнымі танцорамі займаецца акампаніятар-гарманіст “Лёса” Васіль Карпоўскі, дарэчы адзіны мужчына ў творчым калектыве. Наладзіць сустрэчу гасцей, паказаць традыцыйныя абрады — пад сілу заўзятым фалькларыстам.
Народны фальклорны ансамбль "Лёс"
Афіцыйнае адкрыццё Цэнтра ткацтва разлічваюць прымеркаваць да Яблычнага Спаса. Фестываль з такой назвай ужо стаў культурным брэндам Бабічаў. На жнівеньскае свята гасцінна запросяць гасцей з усіх абласцей. Летуценнікаў чакае
сімвалічнае дрэва — яблыня жаданняў. Яе галінкі ўвасабляюць поры года. Лічыцца, што калі загадаць жаданне і павязаць стужку, яно здзейсніцца ў
адпаведную пару года.
Надзея на цуда
У Бабічах дзве Свячы: Велі-кодная і Мікалая Цудатворца — гэта вялікія іконы, якія лічацца ахоўніцамі вёскі. Раней іх штогод на прастольныя святы пераносілі з хаты ў хату. Ікона хадзіла па кругу, як сонца. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прымала амаль уся вёска. На жаль, прыгожы абрад згубіўся з цягам часу — іконы спынілі рух па вёсцы. Прымаць у сябе Свячу — вялікі гонар, але і клопат. Трэба прыгатаваць святочную вячэру на ўсіх гасцей, назапасіць свечкі на ўсяночную.
Каб на свае вочы пабачыць рукапісны лік, завітала ў хату, дзе шануюць Велікодную Свячу. Адразу заўважыла, што абрысы Божай Маці няўлоўна нагадваюць гаспадыню Надзею Цеплякову. Ад яе даведалася, што ікона-абярэг валодае надзвычайнай сілай. Была намалявана падчас паморку, калі ў Бабічах пачалі гінуць хатняя жывела, хварэць людзі. Хрэсны ход па вёсцы з Велікоднай заступніцай спыніў мор.
“Свяча трапіла да нас невыпадкова і засталася амаль на паўстагоддзя, — распавядае гаспадыня. — Ікону прымала яшчэ маці. Яна працавала на ферме, неяк упала і моцна пабілася. Каб ачуняць, узялі ў хату заступніцу, і ведаеце, хвароба прайшла. Раней Свячу бралі наперабой, цяпер не хочуць. Буду захоўваць у сябе, няхай Бог здароўя даець”.
Па словах Надзеі Цепляковай, ікона дапамагала ў час, калі зусім не было грошай. На Ушэсце пад абраз клалі хусткі, а потым прадавалі. Іх павязвалі жанкі, каб не балела галава.
Са здзіўленнем даведваюся, што ікона двухбаковая: на адным — Божая Маці-заступніца, на другім — раскрыжаваны Іісус. Унізе дата 1889 год і подпіс аўтараў, які сведчыць аб бабічскіх майстрах. Дарэчы Свяча клапатліва “апранута” ў прыгожы ручнік з кветкамі, якія вышывала сама гаспадыня.
Аўтарскі подпіс на іконе
Бабіцкі ручнік
Вышываны крыжыкам дыван
Іконы братоў Гераковых трапілі ў фонды музея