У Чабатовiчах паказалi, якiм павiнна быць вяселле

01.07.2016
Фальклорнае свята «Традыцыйнае вяселле на Будакашалёўшчыне» паведала пра старажытныя, амаль страчаныя элементы абраду.
Прайшло гэта свята ў Чабатовіцкім цэнтры народнага быта. Мерапрыемства, прымеркаванае да Года культуры, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Вамбрыкаў, накіравана на захаванне і папулярызацыю рэгіянальнай і лакальнай традыцыйнай спадчыны Буда-Кашалёўскага раёна.
Свята пачалося з сустрэчы двух сябровак, у адной з якіх сын вырашыў урэшце ажаніцца. А ўлічваючы, што другая з жанчын займаецца захаваннем народнага дабрабыту, традыцый, было вырашана звярнуцца да яе за дапамогай. Далей было прадэманстравана, як праводзіўся той ці іншы абрад вясельнага цыклу на розных тэрыторыях.
Спачатку было «Сватанне», якое прадэманстраваў гледачам творчы калектыў Крыўскага СДК. У госці прыходзіў сам жаніх са сватом ці бацькам, на месцы яго ўжо чакалі розныя стравы і дзяўчына з роднымі. Пасля добрых апавяданняў пра маладых іх садзілі разам і жадалі шчаслівага сумеснага жыцця. Асаблівасць у тым, што маці нявесты накідвалі хустку на плечы, а свату — ручнік.
Пасля знаёмства ўсе госці былі запрошаны на пляцоўку, дзе праводзіўся абрад «Прымерванне кашулі» (прадэманстраваў творчы калектыў Уваравіцкага ГДК). Калі перакласці гэту традыцыю на сучасны лад, яе можна назваць дзявочнік. Але раней сяброўкі прыходзілі да хаты нявесты не з пустымі рукамі, а прыносілі розныя прыгожыя кашулі, і калі маладой спадабаецца адзін з убранняў, яго ўладальніца станавілася шаферкай на вяселлі. А яшчэ існавала павер’е: дзяўчына, у чыёй кашулі нявеста пойдзе пад вянец, таксама скора выйдзе замуж. Гледачам давялося ўбачыць дэманстрацыю вясельных кашуль, у якіх выходзілі замуж бабулі з вёскі Чабатовічы.
Пасля прысутныя і сяброўкі пазнаёміліся са звычаямі зачынкі і выпечкі каравая (прадэманстравалі гаспадыні Буда Люшаўскага СДК). Нязменна да гэтага працэсу дапускалася толькі хросная маці нявесты. Яна прасіла благаславення ў бацькоў маладой, пасля чаго добра вымывала рукі і твар, надзявала нацельны крыжык, чытала малітву і прыступала да працы. Спачатку пустую дзёжку перакрэшчвалі тры разы, а затым ў ёй рыхтавалася зачынка, якую замешвалі абавязкова драўлянай лыжкай па гадзіннай стрэлцы (ходу сонца). Калі зачынка была гатова, яе накрывалі ручніком і ставілі ў цёплае месца, дзе яна з цягам часу падыходзіла. Потым гатавалі сам каравай. Адметнай рысай абраду з’яўлялася і тое, што печ тапілі толькі яловымі і бярозавымі дровамі, а каравай ставіўся пасля того, як з печы вымяталі ўвесь жар яловымі галінкамі.
Наступны этап — першы дзень вяселля, адметны такім абрадам як «Выкуп нявесты», актуальны і па сённяшні дзень. Вельмі цікава і весела праводзіўся гэты абрад у вёсцы Шарыбаўка. Карагоды, спроба выдаць іншую дзяўчыну, кемлівасць каманды жаніха — усё гэта ярка прадэманстраваў калектыў Шарыбаўскага СДК. Як вядома, пасля выкупу нявесты маладыя адпраўляліся вянчацца, а бацькі і самыя старэйшыя заставаліся ў хаце рыхтавацца да іх сустрэчы.
У царкву трапіць не давялося, але на сустрэчы маладых, характэрнай для жыхароў вёскі Івольск, папрысутнічаць пашчасціла. Адметная рыса традыцыі — своеасаблівыя іспыты для жаніха і нявесты. Жаніху давалі маленькія жорны і зерне. Трэба было намалоць мукі. Верылі, што чым больш перамелецца зерня, тым лепей будзе жыццё маладых. Нявесце перадавалі муку, каб яна спекла з яе мужу хлеб. Таксама маладым давалі адкусіць таго хлеба. У каго кавалак атрымліваўся больш, той, лічылася, і будзе галоўным у будучай сям’і.
Працягваючы абрадавыя дзеянні, характэрныя для першага дня вяселля, творчы калектыў Глазаўскага СДК прадставіў на ўвагу прысутнічым дзяленне каравая. Асабліва радасна было за свата, якога, як і маладых, адорвалі рознымі «патрэбнымі» падарункамі: палена, каралі з баранкаў і іншыя.
Напрыканцы вяселля, як і па сёняшні дзень, традыцыйна праводзіцца абрад «Здыманне вэлюма». Ярка і прыгожа прадэманстраваў яго творчы калектыў Камунараўскага Палаца культуры. На іх зямлі маладым давалі выпіць квасу і з’есці кавалак хлеба.
Другі дзень вяселля на Будакашалёўшчыне адметны вельмі вясёлым звычаем — «Мыццё цёшчыных ног». Госці з задавальненнем назіралі над тым, як новаспечаны зяць усімі сіламі залагоджваў маці сваёй жонкі. Памыў ногі цёшчы, а пасля ў падарунак прыпадносіў новыя туфлі, і, канечне, не абыходзіўся гэты абрад без традыцыйнай беларускай полечкі.
Апошняе прадстаўленне падрыхтаванае творчым калектывам Губіцкага СДК, дало магчымасць гледачам назіраць як святкуецца трэцці дзень вяселля, у народзе якое называюць — «Куры». Гэты час ніколі не абыходзіўся без гумару, пажаданняў на шчасце і долю, і, канечне, смачнага навару з курэй. Таксама госці мелі магчымасць ацаніць выстаўку вясельных аксэсуараў і караваяў Пянчынскага сельскага Дома культуры і Чабатовіцкага цэнтра народнага быту.
На працягу ўсяго мерапрыемства ўдзельнікаў ацэньвала журы, і напрыканцы свята былі вызначаны пераможцы. Першае месца прысуджана Івольскаму СДК з часткай абрада «Сустрэча маладых». Другое месца аддадзена Камунараўскаму Палацу культуры за частку абрада «Здыманне вэлюма». Трэцяе месца прысуджана двум калектывам: Глазаўскаму СДК за частку абрада «Дзяленне каравая» і Уваравіцкаму ГДК за абрад «Прымерванне кашулі».
— Раней вяселле святкавалася больш за тыдзень. Спадзяемся, мерапрыемства, якое прайшло ўпершыню, стане важным крокам да папулярызацыі святкавання вяселля ў народна-традыцыйным стылі, бо, як паказала свята, усе падставы для гэтага ёсць, — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Арцём Грышай.