Хацелася б, каб на вуліцах горада, у транспарце мы чулі родную мову не з рэпрадуктара, а ў звычайнай размове людзей
24.02.2016Заўсёды з радасцю чытаю на агромністых рэкламных шчытах словы па-беларуску. Думаю, што гэта вельмі дзейсны сродак не толькі навучыць нас, беларусаў, свайму, роднаму, але і тым, хто праязджае па Беларусі, даць хоць маленькі ўрок мовы суседняга народа. “Ажыны”, “Агрэст”, “Журавіны” — і сапраўды па-беларуску гучаць адметна, ярка, запамінальна. І мова наша, як казаў яшчэ Францішак Багушэвіч, “…такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая...” Уласна мяне ў гэтым пераконваць не трэба.
Я з пакалення, якое спасцігала сваю мову з малалецтва. Ад бабуль, дзядуль, бацькоў мы чулі яе ў паўсядзённым ужытку. Каларыт роднага слова, яго непаўторнасць западалі на донца сэрца. Але ж упэўнена, што і гэтай навукі было б недастаткова, калі б не школа. Яна ў маім райцэнтры была чыста беларускай. І я з вялікай шчырасцю згадваю заслужанага настаўніка БССР Канстанціна Арсеньевіча Каратая — дырэктара Мядзельскай сярэдняй школы на Міншчыне. Менавіта ён, філолаг па адукацыі, арыентаваў увесь педкалектыў весці ўрокі па-беларуску. Уяўляеце, фізіка, матэматыка, хімія, біялогія па-беларуску? І нічога складанага ў тым не было. Настаўніца, якая прыехала ў наш райцэнтр аднекуль з Сярэдняй Азіі, за паўгода добра авалодала беларускай мовай і з асалодай выкладала на ёй фізіку.
Пра ўрокі мовы і літаратуры ўжо не кажу. Канстанцін Арсеньевіч запрашаў да нас у школу на сустрэчы вядомых пісьменнікаў. У восьмым класе мне пашчасціла слухаць Васіля Быкава і атрымаць ад яго аўтограф на адной з кніг “Выбраных твораў”. Непаўторныя згадкі засталіся і ад стрэч з Алесем Асіпенкам, Нілам Гілевічам, Анатолем Вярцінскім і многімі іншымі пісьменнікамі. Гэта падштурхнула далей сачыць за іх творчасцю, жыццёвым лёсам, спрабаваць і самой эксперыментаваць са словам, складаць віншаванні сябрам, родным.
Безумоўна, далёка не ўсе мае аднакласнікі выбралі далейшы жыццёвы шлях, звязаны з пастаянным карыстаннем роднай мовай як інструментам зносін. Разляцеліся па вялікіх і маленькіх гарадах, сталіцах. Але ж і праз гады захавалася ў іх сэрцах цікавасць да свайго слова, да творцаў, якія жылі на малой радзіме і ўславілі яе.
Гэтым летам, калі была ў сваім райцэнтры, здалёк убачыла, як адна кабета робіць фотасесію каля помніка Максіму Танку. Міжволі падумала, што гэта хтосьці з маіх аднакласнікаў. Падыйшла бліжэй: так і ёсць. Зоя Ванюшкіна (мая аднакласніца Лысёнак), цяпер ветэран аднаго з прадпрыемстваў Мазыра, з сястрой і пляменнікамі рабіла здымкі на памяць. Падумалася: з тых урокаў любові да мовы маці, свайго, роднага, і выспела ў сэрцах маіх аднакласнікаў тое, што называецца словам “патрыятызм”. Напрыклад, Ігар Чарняўскі — загадчык аддзела ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, колісь пачынаў раскопкі на замчышчы Мядзела са сваім дзядзькам-археолагам і зачаравана дзяліўся з намі інфармацыяй пра знойдзеныя рарытэты. Іван Роўда, выпускнік нашай школы, — цяпер доктар філалагічных навук, прафесар, дэкан філфака БДУ, у старэйшых класах вёў радыёгазету па-беларуску.
І сапраўды, калі мы хочам засведчыць свету сваю індывідуальнасць, непаўторнасць як народ, трэба ведаць сваю мову. Гэта аксіёма. Пра гэта думаецца напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. Зараз выразна акрэсліўся паварот да свайго, беларускага. Вытворцы, прадпрымальнікі ўсё часцей называюць свае прадпрыемствы, фірмы каларытнымі роднымі словамі. Шмат цікавых беларускамоўных газетных праектаў, тэлевізійных праграм, у тым ліку і рэгіянальных. Удзел у іх бяруць навукоўцы, пісьменнікі, настаўнікі, нашы землякі, якія гавораць па-беларуску. Хацелася б, безумоўна, каб і на вуліцах горада, у транспарце мы чулі родную мову не з рэпрадуктара, а ў звычайнай размове людзей. З гэтым складаней. Чамусьці саромеемся паказацца адзін другому белымі варонамі. Трэба адолець вось гэты асноўны бар’ер. Канешне, хутка такіх змен не адбудзецца. Патрэбна карпатлівая праца: з садка, пачатковай школы. І ні ў якім разе не цурацца беларусізацыі: жывеш у краіне, вывучай, паважай мову яе народа. Вельмі хочацца, каб нашы юныя гімназісты, якія з трэцяга класа вывучаюць англійскую мову, з такой жа руплівасцю асвойвалі сваю, беларускую, паступова ўсведамляючы, што з роднай крыніцы смачней вадзіца.