Усход. Лоеўскі раён

29.08.2021
Вёска з такой светлай назвай заснавана ў пачатку 1920-х гадоў перасяленцамі з земляў былых памешчыкаў. У 1930-м тут арганізаваны калгас «Іскра ўсходу». Цікава, што ў той перыяд на Лоеўшчыне з’яўляліся вёскі з адметнымі назвамі, напрыклад, Марс, Венера, Рэкорд... У вёсцы Усход працавалі крупадзёрка і кузня. У 1940 годзе тут жылі 286 чалавек. 13 усходаўцаў загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1959-м гэтыя землі былі ў складзе саўгаса «Дняпроўскі» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Пярэдзелка, цяпер Усход на тэрыторыі Страдубскага сельскага Савета. Яшчэ ў 1999 годзе тут было 26 падвор’яў і 42 жыхары. Зараз жывуць толькі шэсць чалавек.

Данілавіч і Данілаўна з праўнучкай Кірай

Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области

Вяртанне

Вядома ж, насельніцтва ў глыбінцы старэе і сыходзіць, а моладзь больш рупіцца ў аграгарадкі, малыя і вялікія гарады. Таму Усход сёння з разраду неперспектыўных вёсак, пра лёс якіх гаварыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы ў аграгарадку Ціхінічы на Рагачоўшчыне.

Безумоўна, і тут жывуць людзі, якія любяць свой куточак Бацькаўшчыны, даражаць ім. Вельмі маляўнічая вёска ў атачэнні палеткаў, якія нібы вартуюцца блізкімі лясамі.

На ўездзе страчае старая ліпа, сведка мінулых дзесяцігоддзяў. Цішыня і пералівы птушыных спеваў. Зрэдчас праедзе легкавік. Грузавы транспарт шчыруе ў полі на адвозцы цюкоў саломы.

– А я вось з 2014 года змяніла гарадскі лад жыцця на сельскі і ніколькі не шкадую, – падзялілася са мной першая сустрэтая жанчына. – Хораша тут так!

Пазнаёміліся. Аказваецца, гамяльчанка Алена Гапейкіна, ваеннаслужачая, пасля выхаду на пенсію пераехала з мужам у дом яго бацькоў. Сваю кватэру, як і многія цяпер гараджане, пакінулі дзецям. І сапраўды, лепш самім прымаць іх як гасцей ды і да іх наведвацца зрэдчас! Такая філасофія многіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Унукам жа раздолле тут, на прыродзе! Меншы Дзімка падзяліўся, што хутка адсвяткуе свой дзень нараджэння. Прапанавала фота з такой нагоды. А вось дзядулю хлопчыка не давялося сфата­графаваць: Сяргей Анатольевіч быў на працы ў Пярэдзелцы, ён станочнік-дрэваапрацоўшчык.

Можна сказаць, працягвае дынастыю: яго бацька Анатоль Мікітавіч быў тут лесніком, маці Зоя Міхайлаўна – прадаўцом усходаўскага магазіна.

Дом на вуліцы Лясной, у якім і жывуць прыгожа

Жыві і памятай

Каля дома № 5 па вуліцы Лясной заўжды спыняецца аўталаўка: тры разы на тыдзень заязджае, каб выканаць просьбы вяскоўцаў. Не мінае Усход і пошта на калёсах, і раённая бібліятэка. Адзін з актыўных тут чытачоў ветэран працы, былы асемянатар Мікалай Пінчук. Мікалай Данілавіч, дзіця вайны, ура­джэнец Хойнікшчыны, любіць рускую паэзію, цытуе на памяць Пушкіна, Цютчава, Някрасава. А які гаспадар! Дроў ужо багата нарыхтавана на зіму, запоўнены дрывотні. На падворку парадак. А яго гаспадыня Аляк­сандра Цярэшчанка (ці ж дасі ёй 84 гады!) спраўляецца ўпрыгожыць і дом, і падворак кветкамі, прыбраць, нагатаваць. Памідоры выцягнуліся ў гэтых гаспадароў вышэй чалавечага росту!

Аляксандра Данілаўна, былая даярка, калгасніца з 40-гадовым стажам, дзялілася са мной згадкамі пра перажытае сваімі бацькамі Данілам Фёдаравічам Бондаравым і Кацярынай Іванаўнай Леўшуновай. Падрабязна, дэталёва, нібы збірала ўсё ў сямейны летапіс.

Аповяд Аляксандры Цярэшчанкі

– Я родам з пасёлка Смелы. З 1939 года. У мамы нас чацвёра было. Апрача мяне, меншы на два гадочкі Жора, з 1935-га Толя, а Любка перад вайной, у 1941-м, нарадзілася. Бацька пайшоў на фронт…

Што мне памятаецца? Як забягала наперад маці, якая несла немаўля Любку, і плакала, каб мяне ўзяла на рукі. У які бок уцякалі мы ад згубы, бог ведае. Калі бачылі акопы, есці прасілі.

Бамбёжка страшная. Рушылі ў лес хавацца. А людзей – ні душы. Мама пасадзіла нас у канаўку. «Пайду, мо каго пабачу, спытаю, куды нам ісці?» – сказала Толіку, старэйшаму. Мы прытуліліся адзін да аднаго, сядзелі ціха, чакалі. Маці стрэла салдата, і ён паказаў ісці ў бок Церабееўкі, як яна пазней расказвала. Той салдат яшчэ і паўшчуваў яе: «Нашто дзетак кінула?» Мама адказала, што мы прытаміліся.

Памятаю, як немцы прыехалі на белым кані ў наш двор у Смелым і забівалі свінню. Яна так ві­шчала! Я ўцекла ў хату насупраць, гляджу ў акно і крычу: «Маю сястру рэжуць!» Мама мяне не магла ніяк супакоіць. «Любу зарэзалі!» – не сваім голасам крычу. Відаць, такі страх у нас быў ад прыходу гэтых нелюдзяў-фашыстаў. Мама тады мне аргумент такі: «Я зараз вынесу Любу, убачыш, што яна жывая!» Толькі так і супакоіла.

Алена Гапейкіна са сваімі гомельскімі госцікамі

Стрэхі саламяныя ў нас, вядома ж. Перад адыходам факельшчыкі палілі хаты. Трашчыць суцэльным вогнішчам вёска! Расказвалі пазней, што ў ёўні, дзе лён сушылі, і людзей спалілі. Але я гэта дакладна не ведаю.

Дзед Іван, мамін бацька, зрабіў зямлянку на месцы спаленай хаты, абклаў яе дзёрнам, каб цяп­лейшай была. Зляпіў і печачку. Памятаю, сядзім на ёй, пазіраем у акно насупраць. Ідзе да нас дзя­дзька нейкі, кульгае, на правай назе пратэз. Дае нам чалавек той па кавалачку цукру. «Дзетачкі, гэта ж ваш бацька прыйшоў», – знаёміць мама. Мы ж пачастунак не бя­ром. «Мамачка, у нашага ж бацькі былі дзве нагі», – тлумачым. А ён тады лыжку рассыпнога цукру стаў прапаноўваць. Мы ж хаваемся за маму, маўляў, не наш бацька…

Паступова разжываліся. З’явілася цялятка, гадавалі з яго карову. Насілі дрэвы на хату – цягалі з лесу, дапамагалі бацькам будавацца. Потым у нашай хаце была канцылярыя сельсавета.

Адрадзіўся калгас «За Радзіму». Бацька малако збіраў, вазіў у бітонах на кані і калгаснае, і ад людскіх кароў у Страдубку. Потым на складзе працаваў кладаўшчыком, пазней – прадаўцом у магазіне. Пенсія ў мамы восем рублёў, а баць­кава, інваліда вайны, 12. Паднялі ж нас! Не было ж тады дэкрэтнага водпуску для жанчын: дзяцей часцяком з сабой цягалі на працу.

Мацярынскі лёс і самой Данілаўны не з лёгкіх. Яна маці таксама чацвярых дзяцей: траіх сыноў і дачушку гадавалі ў дружнай сям’і з мужам-трактарыстам Міхаілам Цярэшчанкам. Працавалі-шчыравалі, усё рабілі для дабрабыту нашчадкаў. Дваіх сыночкаў ужо няма, і калі Дані­­лаўна згадвае іх сыход, плача:

– Міша быў у Афгане, вярнуўшыся, перанёс складаныя хваробы і аперацыю, а пазней і лёс сямейны склаўся не лепшым чынам. Сышоў. Толя на заводзе працаваў у Гомелі, у 51 год памёр: тромб адарваўся…

Я бачыла, як засвяціліся радасцю мацярынскія вочы, калі ёй патэлефанавала дачка Алена з Мазырскага раёна, пацікавілася станам здароўя. Расказала яна маці і пра навіны свайго брата Пятра, падпалкоўніка-мінчаніна.

паселішча славілася і драўляных спраў майстрамі

«Мы ўдваіх»

Пасляваенныя ўсходаўскія сем’і Пінчук і Цярэшчанка, гаспадарлівыя, працавітыя, вельмі сябравалі. Разам збіраліся на святы. Традыцыйна і новы год, і стары, Вадохрышча і іншыя адзначалі пачаргова то ў адных, то ў другіх. Міхаіл Цярэшчанка – музы`ка ад бога, рэзаў сам не толькі на гармоніку, а і на іншых інструментах. І дзеці ўсе ўзялі цудоўны слых у спадчыну ад бацькі: гралі, падбіралі любую мелодыю.

А якая ж пяюха і сёння Аляксандра Данілаўна, які пасаг сваіх вышываных ручнікоў, навалак зберагла для нашчадкаў!

Так сталася, што асірацелі абедзве хаты яшчэ больш, калі ў Мікалая Данілавіча памерла жонка. На той час Аляксандра Данілаўна ўжо дзесяцігоддзе як страціла мужа. Дык вось неяк надвячоркам у 2018 годзе завітаў да суседкі Данілавіч і сказаў: «Давай, Саша, аб’ядноўвацца! Мы ж абое Данілавічы…» Зга­дзілася суседка. Парадніліся і іх дзеці. Вось такі прыклад саюзных адносінаў ва Усходзе!

Відаць, Мікалаю і Аляксандры сам лёс наканаваў прайсці разам па жыцці лёсавы адрэзак часу, парадавацца ўнукам і праўнукам. Усе яны любімыя! Мы развітваліся, калі на вуліцы каля дома Пінчукоў-Цярэшчанкаў спыніўся легкавік, і ўбегла ў хату госцейка, дзевяцігадовая праўнучка Кіра, а за дзяўчынкай зайшлі і яе маці з бацькам.

Здорава, калі крона роду памятае свае карані.