Чаплін. Лоеўскі раён. Вандроўка восемдзесят трэцяя
15.04.2022Гэта вёска вядома з глыбокай старажытнасці. Археолагі знайшлі ў свой час непадалёк ад яе гарадзішчы II стагоддзя да нашай эры – II стагоддзя нашай эры, паселішчы мілаградскай і зарубінецкай культур і раннеславянскага перыяду. Зараз у Чапліне 57 жыхароў, 71 дачнік.
З гісторыі вёскі
Па пісьмовых крыніцах яна вядома з XVIII стагоддзя, была ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. У 1793 годзе – у Расійскай імперыі. Вадзяны млын быў у Чапліне ў 1850 годзе, у гэты час вёскай валодаў граф Ракіцкі. У Холмецкім царкоўным прыходзе вёска ў 1879 годзе. Хлебазапасны магазін, карчма, школа, капліца існавалі ў 1897-м. Цэглавы завод працаваў у Чапліне ў 1908 годзе, вёска была ў складзе Холмецкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. Тут жылі 1040 чалавек.
Была яна і цэнтрам Чаплінскага Савета Холмецкага (з 8 снежня 1926 года па 4 жніўня 1927-га), пазней уваходзіла ў Лоеўскі, Рэчыцкі раёны Гомельскай акругі. У 1929 годзе тут працавалі ўжо два цэглавыя заводы, майстэрня, ветраны і два нафтавыя млыны, дзве кузні. У гэты ж год арганізавалі калгас «Чырвоны будаўнік».
Тамара Міхайлаўна Дзенісенка, ветэран педагагічнай працы, 38 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру, прывівала любоў да роднага
У кастрычніку – лістападзе 1943-га 428 воінаў 65-й арміі загінулі ў баях за гэтую зямлю. Траім рускім хлопцам пасмяротна прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Памятайце іх імёны. Сцяпан Костычаў, камандзір роты мотастралковага батальёна, ураджэнец вёскі Бяссонаўка Пензенскага раёна, уласным прыкладам натхніў байцоў авалодаць пераправай і загінуў у баі. Пахаваны ў Чапліне. Іван Махота, ураджэнец сяла Папаснае тагачаснага Днепрапятроўскага раёна Украіны, камандзір танкавай роты, старшы лейтэнант, накіраваў сваю ахопленую полымем машыну на варожую батарэю, знішчыў яе гарматы, паскорыў наступленне нашых войскаў. Пахаваны ў Страдубцы. 25-гадовы Уладзімір Чаркасаў з Рыбінска Яраслаўскай вобласці адным з першых фарсіраваў Дняпро, адбіў тры кантратакі праціўніка, а ў баі за райцэнтр замяніў параненага камандзіра. Загінуў каля вёскі Ніва. Пахаваны ў Чапліне.
У гэтую вёску з дзівоснай назвай я рушыла прама з павароткі на шашы, праз поле. За тры кіламетры шляху быў час адчуць сэрцам і падэшвамі ног, па якой гераічнай зямлі ступаю, якую і сёння гістарычную значнасць выпісвае ёй лёс: быць фарпостам Беларусі на мяжы з Украінай.
На сыходзе сакавіка, вядома ж, не магла абмінуць аграсядзібу на беразе Дняпра. Зараз гэта ўжо ўласнасць прыватніка, ураджэнца Гомеля, які жыве ў Мінску. Пакуль не сезон, адпачываючых яшчэ няма. Але не сумняваюся, што хутка яна будзе напоўнена людскімі галасамі. Вартаўнік дазволіў прайсці па тэрыторыі і зафіксаваць гэты райскі куточак Чапліна.
Шчасце спаткала!
На вуліцы Савецкай нельга было не спыніцца каля дома Тамары Глушак, дагледжанага з вялікай любоўю. Тамара Мінаўна вынесла свае вышыўкі, каб крыху праветрыць пасля зімы, і ў гэтым адчувалася яе жаданне яшчэ больш упрыгожыць дом.
Клаўдзія Савельеўна Грыцкова з праўнукамі Марыянай, Сафіяй і Ягорам
Яе маленства супала с пасляваенным голадам: да трохгадовага ўзросту Тома не хадзіла. Не сакрэт, якое ж было тады харчаванне. Мінаўна са слязамі на вачах згадвае гнілікі 1947-га. Яе бацька, франтавік, камісаваны па стане здароўя, вярнуўся з вайны ў 1945-м, хутка памёр. Маці адна падымала трох дачок…
Дзесяцігоддзе дзяўчына працавала ў саўгасе на сеялцы, пазней будавала ў Холмечы кароўнікі. З мужам Аляксандрам сталі ўзводзіць хату, калі ішла ў дэкрэт: за тыя капейкі набылі цэмент. 26 гадоў Мінаўна адпрацавала тэхнічкай у Холмецкай школе, пяцігодку – у Чаплінскай. Яе ведаюць усе жыхары, шчыра вітаюцца з ветэранам працы.
16 гадоў як памёр муж, і Мінаўна, з уласцівым цярпеннем і працавітасцю, несла свой жыццёвы крыж. Ды, мо, Усявышні вырашыў кампенсаваць ёй за горыч пасляваеннага жыцця: паслаў новага гаспадара.
Аповед Тамары Глушак:
– Я вельмі ўдзячна лёсу, што на маім шляху сустрэўся гэты мужчына, Анатоль Хвост. Вельмі харошы чалавек, хаця і значна маладзейшы за мяне. Ён душэўны, працавіты, усё робіць па гаспадарцы, дапамагае мне. Ён і на сушцы зерня першыя месцы ў Холмечы займае! У нас усё е, дзякуючы яму: і трактарок, і касілка, бензапіла, дрэлі. Плот паставіў, франтон дома зрабіў…
Не адразу я яго ўспрыняла, аднак паслухала параду адной жанчыны. Тая пабачыла ў свой час, як я дровы сама калю. Дзве машыны! Сказала яна: «табе ніхто не паможа, калі няма гаспадара. Прымай чалавека, нікога не слухай». І я так рада, штодзень сустракаю яго з працы. Ужо 16 гадоў жывем разам. Трымаем 30 курэй, парсюка. Вунь якая альтанка ў нас з’явілася прыгожая, Вялікдзень у ёй стрэнем!
Самая горкая страта
17-гадовы стаж школьнай тэхнічкі і ў Клаўдзіі Грыцковай. Ураджэнка Церабееўкі Рэчыцкага раёна, дзіця вайны, ужо 35 гадоў жыве ў Чапліне. Па сведчанні жанчыны, яна 1937 года нараджэння, аднак па пашпарце маладзейшая на год. Самы страшны ваенны эпізод – страта маці восенню 1943-га.
Тамара Мінаўна Глушак
Аповед Клаўдзіі Грыцковай:
– Мы былі перад вызваленнем у рэчыцкай вёсцы, дзе вялікі яр. Ужо нашы беглі салдацікі і скамандавалі, каб за імі кіравалі ў лес. А ў нас запрэжана карова, старэйшы брат, Іван, кіраваў ёю. І мы як рухнуліся! 17-гадовая Зіна, Вольга, ёй дзесяць, і я. Мама з паўтарагадовым Колем на руках ішла пешшу. Праз нейкі час яна крыкнула: «Зіна, глядзі дзевак, мяне раніла ў нагу!» Оля як тое пачула, круць, і ў бок мамы. А мы, астатнія, з Іванам у лес. Як кулі свішчуць, падаем на зямлю. Сцішэла на момант, імчым далей. Калі перастрэлка спынілася, мы кінуліся глядзець маму. Як Кольку параніла, яна, відаць, зняла чорную хустку і хацела яго перавязаць. Стала наўколенцы, а ёй куля ў голаў. І Вользе ў жывоцік трапілі. Кішачкі выплылі. Зіна з цёткай сабралі іх, перавязалі. Оля яшчэ жывая была, прасіла піць. Падаілі карову, далі ёй малака… Калі я пачула, што маму забілі, пачала так крычаць, падняла такі хай на ўвесь лес! Чырвонаармейцы кінулі мне бохан хлеба ў траншэю, каб я сціхла. А я той хлеб у бок, а сама працягваю крык! Чула, як адзін з салдат прамовіў: «Пэўна, прыйдзецца прыстрэліць…» А другі яму ў адказ: «Ты што, дурны? У яе ж маці забілі!»
Вось так пазней я трапіла жыць да сваёй цёці, мамінай сястры. Памятаецца, забіраць хацелі ў садок у Гомель, аднак цётка не аддала, галасіла: «а хто ж бульбу капаць будзе?» Пасля сёмага класа я ездзіла на заробкі ў калгас на Херсоншчыне. 15 мяшкоў пшаніцы, мяшок цукру, мяшок семачак, ды і грошы яшчэ прывезла адтуль. Толькі ўявіць зараз, што ў такім узросце я ўжо ведала, дзе ў Кіеве перасадка з цеплахода, ды і перагрузіцца з такім скарбам было мне не праблемна, каб дабрацца на другім цеплаходзе ў Лоеў. Потым ужо на машыну, і ў Чаплін… І яшчэ ездзіла туды працаваць. Хлопец украінскі, Толя, закахаўся ў мяне. Бацька яго быў брыгадзірам, то ён мне працадні добра падпісваў… Аднак я тайна з’ехала: старшыня калгаса даў машыну, мы з дзяўчатамі пагрузіліся, і на прыстань.
Два пісьмы сюды Анатоль добрыя прыслаў, а трэцяе было вельмі гнеўнае…
У дзевятнаццаць выйшла я замуж за чаплінскага Валодзю. Рабіў ён у саўгасе. І я там пачынала, пазней кароў даіла. А пасля прыбірала ў школе. Інваліднасць у мяне, другая група. Вачыма і зараз ўсё б рабіла, а на самой справе не атрымліваецца.
У 50-гадовым узросце застаўшыся ўдавой, Клаўдзія Савельеўна атулена клопатам дзяцей і ўнукаў. А фота яе, ветэрана працы, я зрабіла з праўнукамі-гамяльчанамі. Рабяты прыехалі ў любімы Чаплін са сваёй матуляй, інжынерам-тэхнолагам машынабудавання Тамарай Главацкай і бабуляй, ветэранам «Беларусбанка» Святланай Загоскінай.
Вандруючы вуліцамі гэтай жывапіснай вёскі, шчыра радавалася, што тут шмат дыхтоўных цагляных хат. Каля многіх завіхаюцца дачнікі. На вуліцы Савецкай заспела двух братоў – Васіля і Валерыя Кабанчукоў. Бацькоўскую сядзібу яны глядзяць як след. Васіль тут ужо пяць гадоў гаспадарыць, а збудаваны ім склеп – сапраўдны ўзор дойлідства…
Ты накінь, дарагая, на плечы…
З ветэранам педагагічнай працы Тамарай Дзенісенка, у дзявоцтве Лагвінец, ураджэнкай вёскі Муціжар Калінкавіцкага раёна, якая 34 гады адпрацавала настаўніцай роднай мовы і літаратуры, мы гутарылі і пра паходжанне самой назвы Чаплін, і пра цікавых людзей вёскі. Мо, называецца так ад часткі слова вочап? Ну, вядома ж, не па прозвішчы славутага акцёра. У зборніку «Бэзавы рай, песенны край», які выдаваўся ў 2007 годзе вучонымі-філолагамі ГДУ імя Ф. Скарыны з падтрымкай Лоеўскага райвыканкама, мы засяродзілі ўвагу на Васілі Маджары, 1935 года нараджэння. Гэтага каларытнага чаплінца, інваліда па зроку, што складаў вершы і прыпеўкі на хаду, ужо няма. У свой час ён расказаў студэнтам, што ў Чапліне стараліся жаніцца і выходзіць замуж да Масленіцы. Хто не паспяваў – бервяно вязалі і прымушалі адкупляцца. Так што і смяяліся ў Чапліне па-народнаму шчыра.
Калі я паведаміла Тамары Міхайлаўне прозвішчы мужчын і жанчын, што сустрэла, вандруючы па вёсцы, яна зазначыла: «Ды то ж усё мае вучні! Рада, што ўжо ажывілі вёску». Цудоўнымі дзецьмі назвала яна і сваіх выпускнікоў Алега Анцімоніка, Аляксандра Зайцава, Кацярыну Саманчук, Вольгу Шкурко. І гэты пералік такі доўгі! Вось гэта працоўная заслуга – выхаваць годнымі людзьмі! Тамара Міхайлаўна падзялілася: з мужам, інвалідам па зроку Уладзімірам Мітрафанавічам, сёлета вельмі чакаюць у госці дачку з зяцем з расійскага Арэнбурга. А мне згадаліся свае колішнія радкі: «Нашай долі адгалоскі – змалку кінутыя вёскі, ажываюць зноў увесну жаўрукоў нябеснай песняй!»