Дзень беларускага пісьменства ў сёлетнім верасні пройдзе ў Шчучыне

05.03.2015
22-гі ўжо па ліку Дзень беларускага пісьменства сёлета пройдзе ў Шчучыне на Гродзеншчыне. Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч паведаміла пра гэта на пасяджэнні Нацыянальнага аргкамітэта.
«Дзень пісьменства — гэта вялікае дзяржаўнае свята, якое мае значэнне ў ідэалагічнай культуры краіны. У гэтым годзе праграма свята павінна быць насычана не толькі літаратурнай састаўляючай, але ўключаць паказ самых розных старонак жыцця Гродзенскай вобласці. Гэта важна ў кантэксце Года моладзі і 70-годдзя Перамогі» — падкрэсліла міністр.
5 верасня ў Шчучыне плануецца правесці конкурс чытальнікаў з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. У гэты ж дзень адбудзецца і міжнародны круглы стол «Сугучча», у якім прымуць удзел літаратары з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі і іншых краін.
6 верасня будуць урачыстасці адкрыцця і закрыцця свята, традыцыйны фестываль кнігі і прэсы, аўтограф-сесіі пісьменнікаў, выставы кніг, дарэчы дзве з іх пазнаёмяць з перыёдыкай часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама патрыятычным плакатам, дзе будуць прадстаўлены лепшыя работы па выніках конкурсу сярод моладзі СНД. І, безумоўна, на свяце плануецца ўручэнне літаратурных прэмій. «Белсаюздрук» адкрые ў Шчучыне новую кніжную краму.