У Мазыры, у гарадской выставачнай зале, праходзіць выстава творчай суполкі “Абуджэнне”
05.11.2015На палотнах Мазыршчына сучасная і яе гісторыя, у тым ліку тэма Першай сусветнай вайны. Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы даюць уяўленне аб каларыстычным багацці родных пейзажаў, закранаюць незажываючую рану чарнобыльскай трагедыі. Праз гэтыя тэмы праходзіць сувязь нацыянальнага жывапісу з вялікімі эпохамі еўрапейскага мастацтва. Мастакі ўжо не адзін год адпраўляюцца ў творчыя вандроўкі ў розныя куткі краіны, каб адлюстраваць на палотнах самыя прыгожыя беларускія краявіды. Так дайшла чарга і да Мазыршчыны, якая, па словах аўтараў экспазіцыі, сапраўдная крыніца натхнення для людзей творчых. Госці, узброіўшыся мальбертамі і фарбамі, адпраўляліся на эцюды. І засталіся задаволенымі творчым дэсантам на Палессе. Вынікам яго сталі новыя палотны са знаёмымі для мясцовых гледачоў краявідамі. Дарэчы, новыя творы таксама прысутнічалі ў экспазіцыі і іх аўтарам удалося ўнесці адметныя ноткі ў мастацкі летапіс нашага краю.
Падчас адкрыцця выставы размова ішла таксама пра сучасны стан беларускага мастацтва. Мастакі паабяцалі, што пасля закрыцця экспазіцыі кожны з іх перадасць па некалькі сваіх работ у фонд Мазырскага краязнаўчага музея. Сярод гледачоў было нямала выхаванцаў мастацкай школы, студый выяўленчага мастацтва. І майстар-клас ад мэтраў жывапісу – тое, што так патрэбна творчай моладзі. Некаторым жа наведвальнікам выставы пашанцавала яшчэ больш: дамоў яны вярталіся з уласнымі партрэтамі пэндзля і алоўка масцітых майстроў.