У літаратурным салоне гарадской бібліятэкі імя А. Герцэна прэзентавалі кнігу прозы Ганны Атрошчанкі “Іванка”

31.10.2019
Выданне выпушчана выдавецкім домам “Гомельскай праўды”. Як зазначылі вядучыя вечарыны, “зборнік уключае аповесць і публіцыстычныя артыкулы, а таксама лірычныя і гумарыстычныя апавяданні. Мастацкі стыль пісьменніцы лаканічны, і ў той жа час па-мастацку выразны. Творы напоўнены яркімі метафарамі і паэтычнымі параўнаннямі”.


Шчыра прывіталі новую кнігу аўтаркі-зямлячкі, ураджэнкі Добрушскага краю, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, паэты Ганна Рагавая, Лідзія Долбікава, Аляксандр Атрушкевіч, Вера Квяткоўская, рэдактар шматтыражкі “Сяльмашавец” Мікалай Дзямчыхін, празаік Надзея Дзмітрыева і многія іншыя творцы.

Не так даўно ў Ганны Атрошчанкі быў юбілей, таму гучалі і музычныя падарункі ў яе адрас — песні на яе вершы, пакладзеныя на музыку Валянціны Каралёвай, а таксама і вершы-прысвячэнні ад калег і чытачоў бібліятэкі. Вядома ж, гераіню вечарыны парадавалі на прэзентацыі і шчодрыя букеты кветак, і выставы ўласных кніг. Ганна Атрошчанка — лаўрэат шматлікіх міжнародных літаратурных конкурсаў і проста душэўны шчыры чалавек. Заўважым: пісьменніца асабіста паклапацілася пра добраўпарадкаванне брацкай магілы ў роднай вёсцы Чырвоны Рог Добрушскага раёна.