Вядуць іх лёсаў пуцявіны: аб людзях, якія насуперак абставінам заставаліся Героямі

29.08.2020
Жыццё чалавечае… Былінка-хлабысцінка на скразняку часу. Падуе моцны жорсткі вецер – зламаецца былінка-лёс. Хочацца згадаць тых людзей, якія насуперак абставінам заставаліся Героямі.

Раненне мірнага часу


Дзмітрый Зюзькоў

Патэлефанавала Дзмітрыю Міхайлавічу Зюзькову, каб прынесці яму ў падарунак кнігу з нарысам пра яго. Ветэран жыў паблізу рэдакцыі, на вуліцы Кірава.

...У 1943-м добрушскі юнак уліўся ў рады Чырвонай арміі каля вёскі Каравышань Гомельскага раёна, фарсіраваў Сож каля Скітка, удзельнічаў у баях за вёску Жарэбнае (цяпер Чкалава), калі нямецкія самалёты лажыліся на крыло і кідалі нізка, літаральна над зямлёю, касетныя бомбы. Помніцца і згадка ветэрана пра раненне ў плячо ў баі за вёску Кароткавічы Жлобінскага раёна, многія іншыя эпізоды яго вайны.

Акрыленая, што зараз парадую старога чалавека сваёй кнігай з расповедам аб ім і іншых героях, набрала код дамафона. Ніхто не спытаў, хто ідзе, але ў кватэры націснулі адпаведную кнопку, і дзверы пад’езда адчыніліся. Па лесвіцы паднялася на паверх. Дзіўна, але не страчае Міхайлавіч як звычайна на лесвічнай пляцоўцы. Кінулася ў кватэру, і погляд мой сфакусіраваўся на разбітым шкле пакаёвых дзвярэй сціплай, нават аскетычнай, кватэры былога пракурора.

«Дзмітрый Міхайлавіч, дзе вы?» – гукнула гаспадара. Пачула зрухі на кухні. Павярнула ў вузенькі калідорчык і застыла ад здзіўлення. Былы салдат бінтаваў сваю параненую руку. Яна моцна крывавіла, і я імгненна прапанавала: «Выклікаю хуткую!» Набрала нумар і прасіла прыбыць як мага хутчэй: маўляў, сцякае крывёю ўдзельнік Вялікай Айчыннай. Фельчар з памочніцай з’явіліся літаральна хвілін праз пяць, аказалі дзядулю дапамогу, зрабілі ўкол. Сядзелі пазней з Дзмітрыем Міхайлавічам і жартавалі: ну вось, ступіў праз зашклёныя дзверы і атрымаў мірнае раненне.

Два берагі

Пятро Сусла

Упершыню ў гэты дом на вуліцы імя Акуцыёнка ў Лоеве завітала ў зімовы надвячорак. Фіялетава-ружовыя фарбы нябёсаў нібы распаўсюджваліся па наваколлі, плаўна сцякалі з узгорка на лядовую роўнядзь Дняпра. Дзіўны мастак Прырода!

Пятро Аляксеевіч Сусла вывеў мяне на бераг і рукою паказаў у бок свайго роднага ўкраінскага берага. Адчула: дзесяцігоддзі жывучы праз раку ад сваёй малой ра­дзімы, чалавек згадвае яе. Там прайшлі маладыя гады, адтуль рушыў вызваляць Беларусь. На лоеўскі бераг вярнуўся пасля Вялікай Айчыннай. Пабудаваў дом, дружную сям’ю. Высветлілася, што я добра ведаю яго дачку Валянціну, якая працавала ў Гомелі ў шматтыражнай газеце «За высокое качество». Пазней мы неаднаразова перасякаліся з ёю ў маршрутцы на Лоеў, гутарылі. Пасля смерці маці Валянціна штотыдзень з Гомеля шыбавала да бацькі. Наведвала Аляксеевіча і сацыяльны работнік. Дзеці і ўнукі дапамагалі ўпарадка­ваць зямлю, а ветэран працягваў сваё захапленне садаводствам, пчоламі.

Апошняя наша сустрэча адбылася ўлетку, калі я ў чарговы раз прыехала ў Лоеў. Ведала: ветэрану аднялі нагу, ён рухаецца па кватэры, выяз­джае ў дварышча на інваліднай калясцы. Вось такія павароты лёсу: чалавек ацалеў на вайне, а ў мірны час старасць паднесла такі ўдар... Быў вельмі спякотны дзень, і мы доўга гутарылі з Аляксеевічам у прыхожай, адчыніўшы насцеж дзверы. Водар кветак, летняга росквіту, пчаліны зум. Некаторыя са шчыраўніц заляталі ў хату. Мне падалося: быццам правяраюць самаадчуванне свайго гаспа­дара.

Нязвыкла было пачуць ад шчырага працаўніка, жыццялюба і аптыміста, што жыццё ўжо яму нецікава. Маўляў, усё зроблена, дзеці на сваім хлебе, унукі выраслі, а цяперашні стан здароўя толькі засмучае і сябе, і нашчадкаў...

На вуліцы Чкалава


Мікалай Няклеса

Здаралася, што ўлетку з самага ранку мы перасякаліся з палкоўнікам Няклесай на вуліцы Чкалава, непадалёк ад дома, дзе ён жыў. Мікалай Васільевіч любіў прагульвацца ў сваім мікрараёне, дзе жыў у хрушчоўцы на пятым паверсе.

Памятаецца, як прыйшлі з фотакорам рыхтаваць рэпартаж, і гаспадар выйшаў да нас у бялюткай сарочцы. Ваенны дысцыплінаваны чалавек вынес і кіцель з узнагародамі. Пакуль была фотасесія, я вывучала фотаальбомы, нарыхтаваныя палкоўнікам для нашчадкаў.

Не менш чым эпізоды яго, Мікалая Васільевіча, вайны, мяне ўразіла тое, што жонкай яго была актрыса Сумскога тэатра імя Шчэпкіна Марыя Кастыркіна. Менавіта ў час, калі са сваімі баявымі сябрамі стаяў у абароне пад гэтым горадам, Няклеса і пазнаёміўся з ёй. Дружна, у каханні і згодзе пражылі. Марыя (Муся – так дамашнія звалі яе) перад вайною скончыла курсы санінструктараў, а для таго, каб быць побач з мужам, асвоіла і справу радыётэлефаністкі. З мая 1943-га і да сканчэння вайны побач, а потым ад Брэста да Курылаў таксама крочылі ра­зам. Вось такі саюз, змацаваны выпрабаваннямі ваеннага часу! Цікава, што вырасцілі Няклесы дзвюх дачок. Муж Святланы быў падпалкоўнікам, а Вольга сама ў свой час узначальвала аддзяленне сувязі брыгады супраць­паветранай абароны, а муж яе – начштаба палка. Вось такія перапетыі лёсу...

Заўсёды, едучы на працу і з яе, мінаю Няклесаў дом. Паглядаю на вакно, у якое колісь стукаліся веткі высокай разложыстай бярозы. Такія героі застаюцца ў памяці назаўсёды.

«Вусы, бы ў Будзённага»


Мікалай Жыленка

Такое параўнанне не раз чуў у свой адрас Мікалай Жыленка, удзельнік Вялікай Айчыннай, ветэран працы ўпраўлення капітальнага будаўніцтва радыёзавода. Калі, бывала, былы артылерыст ішоў з папкамі дакументаў па першым паверсе заводакіраўніцтва, моладзь выглядвала з-за дзвярэй, шапталася. Мікалай Аляксеевіч прыпыняўся, папраўляў кончыкі сваіх шыкоўных вусоў, падкручваючы іх.

Пасля смерці жонкі ён жыў з сям’ёй сына. І ўжо ў па-сапраўднаму залатым узросце, перабраўшыся праз рысу 90-годдзя, строга выконваў распарадак дня. На сцяне каля пісьмовага стала ветэрана вісеў графік, што ў колькі гадзін. Мікалай Аляксеевіч рабіў зарадку, еў, спаў, пісаў ваенныя ўспаміны строга ў адзін і той жа час. Гаварыў, што менавіта ў тым і ёсць сакрэт яго доўгажыхарства. Вядома, трэба аддаць належнае нявестцы, якая за гады жыцця так прывучылася да дзедавага графіка, што і без гадзінніка паведамляла: наступіў час дзённага сну.
Неаднаразова бываючы ў ветэрана на інтэрв’ю, бачыла, што ён не здраджвае звычцы. У вузкім пакоі яго спальні на сценах віселі самыя розныя гадзіннікі: як старыя, так і сучасныя. Стрэлкі іх нібы навыперадкі адзін перад другім адстуквалі хвіліны жыцця.

...Калі прыйшла праводзіць Аляксеевіча ў апошні шлях, гадзіннікі стаялі, і гэтая цішыня была невыноснай. Школьнікі з бліжэйшай школы-шэфа на імправізаваным мітынгу каля пад’езда расказвалі, які цудоўны быў дзядуля Жыленка. У мяне ж засталіся ў сэрцы згадкі пра сустрэчы з Аляксеевічам і падораная ім кніга мемуараў «Жизнь у всех одна», выдадзеная ў 2014-м у Маскве і сціпла надпісаная мне 2 снежня 2014 года «на память от ветерана Великой Отечественной войны ». І подпіс.

Памятаю, як Мікалай Аляксеевіч заўсёды акцэнтаваў свае ўспаміны на завяршальным уласным эпізодзе Сталінградскай бітвы: «2 лютага 1943 года пачалася масавая здача ў палон фашысцкай групіроўкі. Але з ранку другога лютага мы яшчэ вялі агонь па ўмацаваных кропках праціўніка, і толькі прыкладна к 11 гадзінам паступіла каманда: «Стоп. Не страляць». Мая гармата к гэтаму моманту была ўжо зараджана, а нашу гаўбіцу можна разраджаць толькі адным выстралам. Што рабіць? Прыйшлося даклад­ваць камандзіру нашай брыгады, а апошні далажыў камандуючаму маршалу Васілеўскаму. Камандуючы дазволіў разрадзіць маю гармату стрэлам у бяспечнае месца – такім на той час аказалася рака Волга, скаваная лёдам. І вось каля 12 гадзін дня прагрымеў апошні стрэл маёй гаўбіцы, які паставіў кропку ў шматмесячнай бітве пад Сталінградам».

Удзельнік першага пасляваеннага Парада Перамогі ў Маскве, Мікалай Аляксеевіч цяжка перажываў той вэрхал, што пачаўся на яго роднай Украіне. Усе атожылкі яго роду на Данбасе, у Маскве, Гомелі.