Галіна Ефіменка і яе «геаграфічная карта». Сацыяльны работнік спяшаецца на дапамогу

08.01.2021
Старасць падкрадваецца непрыкметна. А з ёю – хваробы, бяссілле, хуткая стамляльнасць, пачуццё няўпэўненасці, накат дэпрэсіі… Добра, калі восень жыцця пройдзе ў акружэнні родных і блізкіх, не будзе тужлівай і змрочнай. Рэальнасць, на жаль, нярэдка бывае іншай. Выручыць, дапаможа і падтрымае ў цяжкую хвіліну сацыяльны работнік.



Для Галіны Ефіменка з вёскі Краснае Брагінскага раёна гэта не столькі прафесія, колькі стан душы. Не кожны з нас разам з выкананнем сваіх працоўных абавязкаў здольны дарыць сардэчную цеплыню іншым, адчу­ваць чужы боль як свой, заставацца добразычлівым і цярплівым. Да пажылых людзей Галіна Аляксандраўна заходзіць выключна ў добрым настроі – тады і думкі дрэнныя ў гаспадароў адступаюць, і самаадчуванне паляпшаецца. Цябе тут чакаюць, разлічваюць на ўвагу і разуменне, давяраюць патаемнае. Значыць, справа для людзей патрэбная.

Клопатамі пра сваіх старэйшых землякоў Галіна Ефіменка жыве амаль дваццаць гадоў. Пад яе апекай зараз дзевяць пенсіянераў, да якіх яна рэгулярна наведваецца, каб выслухаць, дапамагчы ў хатніх і гаспадарчых справах, выканаць просьбы. У перыяд пандэміі такія людзі – у зоне асаблівай рызыкі, таму ім раяць пазбягаць мнагалюдных месцаў і як мага радзей пакідаць сваю сядзібу. Патрэбны лекі, прадукты ці іншыя тавары першай неабходнасці? Усё даставіць сацыяльны работнік.

У дзень нашай сустрэчы, бліжэй да поўдня, Галіна Аляксандраўна ўжо паспела пабываць у Марыі Пятроўны. Напярэдадні якраз прайшоў дождж і падмарозіла, таму патрэбна было пасыпаць пясок па слізкіх сцежках. Дом пажылой жанчыны падключаны да цэнтральнай цепласеткі, у дрывах неабходнасці няма. Сацыяльны работнік схадзіла па лекі, хлеб і малако, корм для сабакі, напоўніла вёдры вадой. Знайшоўся час і для шчырай, даверлівай размовы. А як жа? Прафесія абавязвае быць яшчэ і тонкім псіхолагам, мудрай дарадчыцай, зацікаўленай суразмоўцай, верным сябрам.

Потым маршрут вядзе ў вёску Галубоўка. Прынесла заказаныя Віталем Пятровічам і Аляксеем Кірылавічам прадукты. У планах – прапыласосіць у доме, прынесці дроў і дагледзець хатнія кветкі. Іх Віталю Пятровічу пасадзіла дачка, якой цяпер, у час пандэміі, не дабрацца да бацькоўскага парога – жыве на Украіне. А ў доме Аляксея Кірылавіча патрэбна заняцца вільготнай уборкай, памыць кухонную пліту і таксама прынесці дроў, вады.

Амаль усім пенсіянерам, якія знаходзяцца пад прыглядам Галіны Аляксандраўны, – за восемдзясят. Самая старэйшая, Ганна Пятроўна з Краснага, якой ужо споўнілася 92 гады, добра памятае нямецка-фашысцкую акупацыю. У свой час многім з такіх людзей давялося сутыкнуцца з пеклам Вялікай Айчыннай, аднаўляць разбураныя ворагам населеныя пункты, падрываць здароўе на цяжкіх работах. Яны для нас прыклад самаадданай працы, мудрасці і патрыятызму, таму і ставіцца да іх патрэбна беражліва, з павагай. У першую чаргу, каб не параніць душы. З разуменнем гэтага Галіна Аляк­сандраўна ідзе да кожнага, хто не можа абысціся без яе дапамогі.

Здараецца, за дзень даводзіцца змераць крокамі ці пракалясіць на веласіпедзе больш за дзясятак кіламетраў. «Геаграфічная карта» наведванняў уключае не толькі Краснае і Галубоўку, але і Новую Ёлчу. У непагадзь на дапамогу прыходзіць муж: падвозіць на аўтамабілі.

Ці думала некалі Галіна Аляксандраўна, што стане сацыяльным работнікам? Наўрад. Працоўную дзейнасць яна, прадавец, пачала ў сістэме гандлю. Але ў хуткім часе зразумела: гэта – не яе. Прафесію змяніла, можна ска­заць, па волі выпадку – была вакансія.

Але аб такім выбары ніколі не па­шкадавала: «Я люблю сваю работу і людзей, з якімі працую». Для іх сацыяльны работнік – крыніца святла і цеплыні.