Вандроўка дваццаць другая. Сінск. Лоеўскі раён

23.10.2013
У савецкі час ва ўрочышчы Казлова Курганне непадалёк ад вёскі археолагі адшукалі курганны могільнік часоў Кіеўскай Русі. У пісьмовых крыніцах XVIII стагоддзя Сінск згадваецца як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1793 года вёска была ў складзе Расійскай імперыі, у 1811-м належала графу Юдзіцкаму, а з 1879-га значылася ў Лоеўскім царкоўным прыходзе. У 1926 — 1927 гадах Сінск быў нават цэнтрам сельсавета Лоеўскага раёна. Калгас «Новы быт» арганізавалі на гэтых землях у 30-я гады мінулага стагоддзя. У ліпені 1943 года гітлераўцы спалілі вёску за сувязь з партызанамі, 4 чалавекі забілі. Астатнім жыхарам было наканавана аказацца далёка ад роднай зямлі, акупанты пагналі іх у Нямеччыну... Накіроўваючыся ў вандроўку ў Сінск, хацела пачуць споведзь каго-небудзь з жыхароў, хто быў сведкам той жудаснай расправы з вёскай. Пашчасціла сустрэцца з Мікалаем Коласам, які 11-гадовым хлапчуком перажыў трагедыю развітання з бацькоўскім кутком. Вось што ён расказаў: — 5 ліпеня 1943 года. Толькі пачало світаць, як з боку Бывалек да нашай вёскі рухалася мо паўсотні падвод з немцамі. Загадалі нашаму насельніцтву сабрацца каля возера Кружок. Аб’явілі, што гадзіна часу на зборы, вёска будзе пакарана за сувязь з партызанамі. Быццам непадалёк падарваўся на міне нямецкі афіцэр. Усе маці сталі галасіць, было невыносна чуць гэты плач...
Сапраўды, у Сінску не было палі­цаяў. Старастам быў Мікалай Крамар, але, як я разумею, ён працаваў на партызан і толькі для адчэпнага іншы раз аддаваў харчовы скарб ворагу. Жывёлу па дварах сабралі, і верхавыя паліцаі пагналі кудысьці, мо ў Рэчыцу. А нас скіравалі за вёску. Мы тады думалі, што заб’юць у равах, дзе да вайны здабывалі чыр­воную гліну. Увесь час на нас была нацэлена зброя, як бы мы бандыты якія... Вёска згарэла ўшчэнт — ад некалькіх іх стрэлаў па саламяных стрэхах. Памятаю напружанне людскога натоўпу, з якім узіраліся на хаты ў агні. Паліцаі ўвесь час палохалі, што, калі будуць на тэрыторыі вёскі выбухі снарадаў, патронаў, гэта пацвердзіць дружбу з партызанамі. Аднак выбухаў не было, і нас пагналі ў бок Брагіна. У Холмечы ля Дняпра быў прывал, хто меў муку ці бульбіну якую, зварылі паесці. Увечары рушылі на Рэчыцу, падагналі таварняк — і ў вагоны. Так я з матуляй і сястрой апынуўся ў Германіі. Трапілі працаваць у сельскую гаспадарку да вельмі лютай немкі. Садзілі агародніну, палолі. Не дай Бог, калі дзе між буракоў травіна будзе. Атрымліваеш плёткай ад так званага інспектара. Харчаваліся так: бохан хлеба і пачак маргарыны на тыдзень. Зрэдку чарпак супу. Праз месяц пасля вызвалення нас у цягнікі — і на Львоў, потым у Кіеў. З украінскай сталіцы плылі на параходзе. Як жа мы праглі хутчэй дадому! Тут я даведаўся, што брат Саша 1919 года нараджэння, які служыў кадравую, прапаў без вестак... Мікалай Іванавіч Колас не толькі расказваў, але і паказваў мясціны, дзе адбывалася драма вёскі, таму эфект прысутнасці быў незвычайны. У пэўныя моманты мне падавалася, што побач той жа самы 11-гадовы хлапчук, на вачах якога гараць сялянскія хаты...
У пасляваенны час Колас працаваў у жывёлагадоўлі, пас скот, стагаваў сена. Ёсць у дзядулі сыны, чацвёра ўнукаў, але са свайго падворка ён пакуль не збіраецца. Вось толькі ма­рыць, каб дах адрамантаваць як, а то ў дождж кроплі падаюць і на падушкі. Сёння Сінск — селішча нешматлюднае. Зараз тут каля трох дзясяткаў жывых хат. Многіх сядзіб няма, рэшткі іх зраўнавалі з зямлёю, каб навесці парадак. Але, як і ў кожнай такой вёсачцы, што дажывае свой век, можна знайсці нямала цікавых лёсаў і шчырых суразмоўцаў. — У мяне і сёння на правым плячы ямка ад паштовай сумкі, — дзеліцца Ніна Глезава, былы паштальён.— Лю­дзей раней тут, у Сінску, было багата. Калі я пачынала працаваць, то толькі пенсіянераў 90 налічвалася. Кожнага ведала, газеты не падпісвала, усё ў памяці ўтрымлівала.
Ніна Васільеўна выхавана ў шматдзетнай дружнай сям’і, два браты яе і тры сястры жывуць у Лоеве. І ў самой жанчыны трое дзяцей. І шчасце яе — у іх. Таццяна — настаўнік матэматыкі ва Урыцкім пад Гомелем, Васіль скончыў сталічны інстытут замежных моў, працуе ў адной з турфірмаў. Юра — нарыхтоўшчык. Дачакала Ніна Глезава і ўнукаў. Цяпер яна бабуля пяці ўнучак і ўнука. Вось і ў дзень майго прыезду жанчына ўжо вярнулася з лесу, займалася закаткай зялёнак. — Пакуль магу, корпаюся тут на сваім селішчы. Васіль, сынок, у Мінск кліча. Вельмі добра, па-чалавечы жывуць яны з нявесткаю, але я пакуль не хочу ў горад, — сказала былы паштальён. Дыхтоўны дом з цэглы — сядзіба Пазнякоў. Мікалай Мікалаевіч і Таццяна Ульянаўна адшчыравалі ў калгасе ў Бывальках, пасвілі жывёлу. Прычым гаспадар аж 46 гадоў адпрацаваў пастухом. — Бацька мой родам з-пад Кіева, з Бравароў. Ён у вайну ў выгнанні ў Германіі пазнаёміўся з маці, яна з Брэст­чыны, — падзяліўся 66-гадовы Мікалай Мікалаевіч. — Бацька рана сышоў. Вядома ж, чалавек ён гарадскі, не меў асаблівага вопыту сялянскай працы. Памёр, калі мне было ўсяго паўгода. Рупіўся вельмі на касьбе, схапіў запаленне, і ўсё...
Калі мы гутарылі з Пазняком, да дому пачаргова пад’ехалі дзве іншамаркі — дачка і нявестка за рулём. Не без гордасці гаспадар падзяліўся, што сваю шасцёрку «Жыгулі» атрымаў у 70-я па-за чаргою, і машына яшчэ на хаду! А яшчэ Мікалаевіч паказаў мне «талеркі» над домам — падарунак дзяцей да дня нараджэння маці. — Мы са сваёй кабетай маем гектар зямлі, свой трактарок, трымаем карову, каня, парсюкоў, курэй, індзюкоў... — сказаў Мікалай Пазняк. — У працы і дзяцей выгадавалі пяцёра. Сяргей у «Сельгастэхніцы» працуе, Людміла і Ларыса — камерсанты, Васіль — ва­дзіцель КамАЗа, Ігар — экскаватаршчык. Ды і сем унукаў і праўнучка ў нас. Толькі грошыкі давайце, дзядуля з бабуляй. Ды для таго ж і жывем, каб ім дапамагчы. Непадалёк ад аўтобуснага прыпынку прыгожы дом з падковай на шчасце. Ды, як падзялілася яго гаспадыня Еўдакія Крупейчанка, апошнім часам больш слёз у ім. У маі сышоў гаспадар, ураджэнец Сінска Міхаіл Іванавіч. Дабрэнны быў чалавек, стараўся, каб усё ў доме і вакол яго было дагледжана.
  — А я ж з Украіны, з Ноўгарад-Северскага раёна, — сказала Еўдакія Еўдакімаўна. — Міхась мой прыехаў у наш куток на заробкі, быў ён трактарыстам. Пазнаёміліся. Перацягнуў мяне на Лоеўшчыну. Вяселле ў 1963-м сыгралі. Ды вось двух месяцаў не хапіла да залатога... Дарэчы, гадавалым хлопчыкам ён з бацькамі і старэйшай сястрой перажыў трагедыю Сінска, меў статус «узніка». А пасля чарнобыльскай катастрофы ліквідатарам быў. Еўдакія вельмі любіла спяваць, кіравала ў Сінску фальклорным жаночым калектывам, працуючы тут амаль дзесяцігоддзе загадчыцай клуба. Акампаніятарам быў муж, які добра граў на баяне і гармоніку.
— Цяпер не спяваецца, жалоба па мужу і сыну... Вася два гады як сышоў, сынок мой 40-гадовы, — па­дзялілася Еўдакімаўна. — Вышываю больш, з дзяцінства люблю гэтым займацца. Ды і за грыбамі ў лес хаджу. З гэтай зямлі нікуды ўжо не паеду. Нядаўна даведалася, што на Гомельшчыне апошні спачын майго бацькі Еўдакіма Самойлавіча Кузьменкі, пахаваны на Рагачоўшчыне. Дзеці абяцалі звазіць... З Еўдакімаўнай мы гаварылі і пра ўраджэнца Сінска Героя Савецкага Саюза Кузьму Грыба. 29 верасня 1943 года ён вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра далёка ад роднай зямлі — каля вёскі Куцапалаўка Кіраваградскай вобласці, там і загінуў. Вось што згадваецца пра славутага земляка ў кнізе-хроніцы «Памяць» Лоеўскага раёна: «Адзін з першых фарсіраваў Дняпро і ўварваўся ў вёску, на захопленым плацдарме знішчыў каля 70 гітлераўцаў. Паранены адбіваў кантратакі ворага»...